Знайсці
24.03.2017 / 13:079РусŁacБел

У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя сваякоў затрыманых па справе «баевікоў» 

У Мінску праходзіць прэс-канферэнцыя сваякоў затрыманых.

Ніна Шыдлоўская кажа, што адвакат у панядзелак будзе падаваць скаргу ў пракуратуру адносна незаконнага затрыманьня Міраслава Лазоўскага і тых не ягоных рэчаў, якія нібыта былі знойдзеныя ў ягонай машыне і якія паказала БТ.

***

13:03

Жонка Віктара Данілава Юлія распавядае, як праводзіўся ператрус. Расказвае, што забралі нагавіцы зялёнага колеру. Кажа, што паказаныя гранаты, гэта муляжы-сувеніры для алоўкаў і асадак.

«Мой муж — адзін з самых выхаваных людзей, каго я ведаю. Ён адукаваны і прыстойны чалавек», — кажа яна.

«Гэта для мяне як вобраз Алеся Загорскага з «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча».

***

13:06

Расказвае пра затрыманне і ператрус Аляксандра, жонка Сяргея Барстка.

З ператрусам прыйшлі 10 чалавек, расказвае яна. Малое дзіця вельмі спалохалася. Адвакат пакуль не можа сустрэцца з ім. Пакуль ніякай інфармацыі.

***

13:11

Выступае Аляксей Кавальчук — родны брат Івана Кавальчука. Суткі не мог знайсці брата, па РУУС, Акрэсціна, СІЗА КДБ, кажа ён.

Брат ніколі не трапляўся ў міліцыю, актывістам не быў, а канфіскавалі вопратку, звязаную з будаўнічымі працамі.

***

13:15

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зазначае, што мы не ведаем падрабязнасцяў гэтай справы. Але ведаем адно, затрыманні пачаліся з 3 сакавіка, затрымана было больш за 200 чалавек, людзей збіваюць.

«Улады пачалі кампанію рэпрэсій, якая суправаджаецца істэрыяй у СМІ — гэта мы ведаем дакладна. Мы заклікаем спыніць рэпрэсіі і трымацца канстытуцыі», — кажа Стэфановіч.

13:20

Міраслаў быў моцны збіты, але ён фізічна крэпкі чалавек, кажа Шыдлоўская. «Я пражыла з ім у шлюбе 8 гадоў. Ніколі не было ў яго зброі, а каб была, ён бы зарэгістраваў».

Гэтыя людзі шмат гадоў удзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, але заўсёды яны дапамагалі захаванню парадку. Гэтыя людзі вывучалі гісторыю, мову, вялі здаровы лад жыцця. А гэта цяпер інтэрпрэтуецца як падстава для таго, каб абвінаваціць у незаконных дзеяньнях.

Адвакат Міраслава Лазоўскага, што была на сустрэчы з ім з 9-й вечара да 3-й ночы.

Яўген Паўтаржыцкі, якога ўчора паказалі на АНТ і БТ, ніколі не быў у «Белым легіёне». «Тое, што ён казаў, хлусня».

«Так, хлопцы збіраліся ўдзельнічаць у акцыі 25 сакавіка, але яны збіраліся ісці туды святкаваць, як адзначаюць кожны год, але ні пра якае перакрыццё праспекту не вялося. Яны былі супраць любых правакацый», — кажа Ніна Шыдлоўская. «Ніколі з жыцці хлопцы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў. Ніколі».

Першым сур'ёзным званком была фэйкавая улётка, што з'явілася ў інтэрнэце ў нядзелю.

13:38

Ніна Шыдлоўская звяртае ўвагу, што трэба ўдакладняць інфармацыю наконт затрыманых.

Наста Дашкевіч кажа, што Зміцер Дашкевіч і маладафронтаўцы знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага, адвакатаў не пускаюць. Адвакат сёння паспрабуе сустрэцца з ім.

«Я нічога не ведаю пра вобшук, ён праводзіўся ў маю адсутнасць, ці быў ён там, я не ведаю. Гэта проста дзіка», — кажа Наста Дашкевіч.

Яна пералічвае затрыманых маладафронтаўцаў: Зміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, Зміцер Крамянецкі, Раман Васільеў, Уладзімір Яроменак, Сяргей Стрыбульскі.

13:42

Прэс-канферэнцыя скончана. Валянцін Стэфановіч дзякуе ўсім за ўвагу і заклікае сачыць за падзеямі.

***

КДБ пачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК РБ). Затрыманыя актывісты «Белага легіёну» на чале з Міраславам Лазоўскім, а таксама «Маладога фронту» на чале са Змітром Дашкевічам — усяго 26 чалавек. Праведзена 29 ператрусаў па месцах іх жыхарства, знаходжання і захоўвання прадметаў і дакументаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера