Знайсці
21.03.2017 / 19:1130РусŁacБел

Эксперты пра заявы Лукашэнкі: «Гэта ўжо штосьці па-за межамі»

Падчас сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў кампаніі «Кронаспан» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі затрыманыя баевікі са зброяй, якія рыхтавалі правакацыі. 

«Трэніраваліся ў лагерах са зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне, па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас». 

«Наша Ніва» папрасіла экспертаў у сферы бяспекі пракаментаваць гэтыя словы кіраўніка дзяржавы. 

Адзін з апытаных, Аляксандр Алесін, назваў імавернасць існавання такіх лагераў у Беларусі «даволі экзатычнай». 

«Тут могуць выдаваць адно за другое, — мяркуе Алесін. — Неаднаразова гучала, што прадстаўнікі беларускай нацыянальна-арыентаванай моладзі праводзяць трэніроўкі, каб бараніць краіну ад імавернага агрэсара, перадусім з усходу [гаворка пра «Ваяр» — НН]. Гэта такая «Зарніца». Магчыма, менавіта гэтыя трэніроўкі і былі выдадзеныя за нейкія лагеры».

Алесін сказаў, што гісторыя паказала — у беларускіх лясах доўгі час могуць аўтаномна знаходзіцца розныя ваенізаваныя фармаванні, але каб гэта было сёння, калі ўсе схільныя да радыкалізму групоўкі пад кантролем спецслужбаў — то такія заявы не выклікаюць вялікага даверу. 

Кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў не выключае, што некага «пад Бабруйскам» маглі і «ўзяць». 

«Можа, там былі нейкія страйкбалісты ці рэканструктары. Паглядзім яшчэ, каго яны нам пакажуць, — сказаў Паротнікаў. — Але пры чым тут лагеры ў Літве і Польшчы? Пасля сённяшніх заяваў беларускім дыпламатам будзе вельмі складана нешта патлумачыць у Вільні, Варшаве і Кіеве. Гэта ўжо штосьці па-за межамі. Лукашэнку панесла. А панесла таму, што ён спужаўся. Хто ў гэтыя байкі паверыць? У нейкіх баевікоў, якія прарываюцца з аўтаматамі. Трызненне. Больш я каментаваць нічога не буду, бо такія заявы — гэта профіль іншых спецыялістаў».

Аналітык Арсень Сівіцкі выказаў думку, што інфармацыя пра нібыта наяўнасць на тэрыторыі Беларусі ваенізаваных лагераў, якія спансуюцца краінамі Еўропы — гэта праява дзейнасці расійскіх спецслужбаў у сілавым блоку Беларусі. 

«Справа ў тым, што некаторая частка спецслужбаў падсоўвае Лукашэнку дэзынфармацыю, што нібыта нейкія сілы спрабуюць тут падарваць стабільнасць, і што яны кормяцца на Захадзе. Найперш, што датычыць інфармацыі пра самі лагеры пад Бабруйскай і Асіповічамі, дзе поўна ваенных баз, то гэта epic fail (вялікі правал) для ўсіх беларускіх спецслужбаў, калі ўявіць, што гэтая фантастычная гісторыя — праўда. Канечне, можна ўявіць сітуацыю, што ў змаганні за бюджэты МУС падсоўвае прэзідэнту інфармацыю, якая кампраметуе КДБ, але ўсе гэтыя фэйкавыя «прарывы» праз беларускую граніцу з боку Украіны — гэта акурат расійскі погляд на падзеі ва Украіне, гэта па іх тэлебачанні «ўкраінскія баевікі» перыядычна «робяць спробы» прарвацца то ў Расію, то ў Крым. Гэта рэтранслюе расійскі погляд на падзеі ва Украіне. Я лічу ўсю гэтую істэрыю спробай Расіі праз сваіх агентаў уплыву пасварыць нашыя краіны — Беларусь і Украіну, Беларусь і Польшчу, Беларусь і Літву, падарваць паміж намі давер і спыніць працэс нармалізацыі адносін. Бо, безумоўна, з іх боку будзе нейкая рэакцыя на заявы аб існаванні на іх тэрыторыі баз баявікоў, якія хочуць тут у нас зладзіць нейкія правакацыі са зброяй у руках». 


Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930