Знайсці
15.03.2017 / 19:214РусŁacБел

Валянцін Елізар'еў вернецца ў Оперны тэатр

У канцы кастрычніка 2017 года славуты беларускі харэограф ажыццявіць у Нацыянальным оперным тэатры новую рэдакцыю балета «Спартак», у пачатку лістапада выступіць рэжысёрам канцэрта «Зоркі сусветнага і беларускага балета». Пасля сыходу Елізар'ева з тэатра гэта будзе яго першае супрацоўніцтва з калектывам, які ён узначальваў доўгія гады.

Валянцін Елізар'еў. Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

30 кастрычніка 2017 года народны артыст Беларусі і СССР Валянцін Елізар'еў адзначыць свой 70-гадовы юбілей. Адзначыць гэтую дату вырашылі на высокім узроўні. Сёння, 15 сакавіка, у Міністэрстве культуры прайшло першае пасяджэнне аргкамітэта, прысвечанае юбілею. Вёў пасяджэнне міністр культуры Барыс Святлоў. Было вырашана, што Елізар'еў ажыццявіць у Оперным новую рэдакцыю свайго балета «Спартак».

Як распавёў Валянцін Елізар'еў, пры гэтым канцэпцыя спектакля застанецца ранейшай, бо «пастаноўка адбылася». Пры гэтым харэограф плануе ўвод у балет новых выканаўцаў, а таксама некаторыя змены ў харэаграфіі. Нагадаем, што прэм'ера «Спартака» адбылася ў 1980 годзе. З таго часу ён без перапынкаў ідзе ў рэпертуары, стаў візітнай карткай тэатра і пабываў на гастролях больш чым у 20 краінах свету. Акрамя таго, 2 лістапада на сцэне Опернага адбудзецца канцэрт «Зоркі сусветнага і беларускага балета». Аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам выступіць сам Елізар'еў.

На пытанне, ці плануе тэатр запрашаць харэографа для іншых пастановак, Елізар'еў адказаў, што такое пытанне не ўздымалася. На пасяджэнні аргкамітэта абмяркоўваўся толькі яго юбілей.

Цікава, што яшчэ ў ліпені мінулага года ў адрас Аляксандра Лукашэнкі быў накіраваны ліст ад вялікага савецкага і расійскага харэографа Юрыя Грыгаровіча. Адрасат папрасіў кіраўніка дзяржавы вярнуць Елізар'ева ў Оперны тэатр. Адказу атрымана не было, але ў лістападзе 2016-га ліст Грыгаровіча апублікавала «Народная Воля». Па інфармацыі TUT.BY, вяртанне Елізар'ева магло быць звязана менавіта з рэакцыяй на тую публікацыю. Зрэшты, як пацвердзіў Валянцін Мікалаевіч, сябры аргкамітэту не рабілі сакрэту з таго, што выконваюць даручэнне прэзідэнта.

Нагадаем, што ў 1973 годзе 26-гадовы Елізар'еў стаў галоўным балетмайстрам Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета, пазней стаў дырэктарам — мастацкім кіраўніком балетнай трупы. Елізар'еў зрабіў беларускі балет вядомым ва ўсім свеце. У 1996-м Валянцін Мікалаевіч быў удастоены звання «Лепшы харэограф года» і прэміі Benois de la Danse, заснаванай Міжнароднай асацыяцыяй танца, за харэаграфію балета «Страсці (Рагнеда)».

Елізар'еў сышоў з калектыву ў 2009 годзе. Тады завяршалася рэканструкцыя Тэатра оперы і балета. Планавалася, што Елізар'еў зойме пасаду дырэктара Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Але яму была прапанаваная толькі стаўка «галоўнага балетмайстра». Як распавядаў харэограф, ён палічыў, што гэта «крыўднае запрашэнне ў маё юнацтва», бо Елізар'еў пачынаў працу ў тэатры з гэтай пасады.

Тлумачачы сваю пазіцыю, Елізар'еў адзначыў, што адмовіўся ад пасады галоўнага балетмайстра свядома: «Творчасць, вытворчасць і грошы існуюць непарыўна — гэта я зразумеў даўно. Ты павінен ведаць, што планаваць на будучыню, якія рэсурсы ў цябе ёсць. Калі гэта ўсё знаходзіцца ў розных руках, тады нічога талковага зрабіць нельга». З таго часу Оперны тэатр больш не супрацоўнічаў з харэографам.

Акрамя пастаноўкі «Спартака» і канцэрту зорак сусветнага балета да юбілею Елізар'ева запланаваныя і іншыя мерапрыемствы. 30 сакавіка ў 17.00 у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1 — на тэрыторыі Палаца Рэспублікі) адкрыецца выстава «Валянцін Елізар'еў. Рэпартаж з гэтага часу». Працы фатографа Мікіты Фядосіка пакажуць харэографа падчас працы з артыстамі і студэнтамі, а таксама ў іншых жыццёвых сітуацыях. Уваход на выставу, якая будзе працаваць да 13 красавіка, свабодны.

Таксама плануецца выданне новай кнігі даследчыцы Юліі Чурко, прысвечанай творчасці Елізар'ева. На беларускім і расійскім тэлебачанні выйдуць новыя фільмы, якія раскажуць пра яго творчасць.

Дзяніс Марціновіч, tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930