Даслаць навіну
Знайсці
07.03.2017 / 10:23 5

«Беларускі заказваюць сваіх двайнікоў». Пра дарослыя «цацкі» з лялечніцай

Уладзіслава Грамакоўская займаецца лялькамі ўжо дзесяць гадоў. Анёлы, Лавец дзіцячых сноў, Купальскі Дзядок, Кароль Карамель — хто толькі не нараджаўся ў яе руках. Цяпер мастачка канцэнтруецца на партрэтах. Пра тое, навошта ў сталым узросце патрэбныя лялькі, і ці можа цацка аблегчыць адзіноцтва, Уладзіслава распавяла «НН».

Павялічыць выяву

Вялікую ролю ў выбары таго, кім быць у будучыні, адыграла сям'я дзяўчыны. Ёй пашанцавала: маючы бацьку-прадпрымальніка, малая не спазнала постсавецкае рэха нястачы тавараў. «Я не магла ўявіць, што хтосьці ні разу не спрабаваў «снікерсы», «рафаэлкі» ці гуляўся толькі з адной цацкай. Так, я жыла ў нейкім сваім свеце, але ўсё гэта — дзякуючы самым лепшым бацькам».

Цікава, што парцаляныя лялькі калекцыянавала не толькі маці Улады, але і яе цёткі. Гэта ператварылася ў нейкім сэнсе ў сямейную справу. Лялькі былі не простымі, а з сапраўднымі пашпартамі, дзе пазначалі іх год выпуску, імя аўтара, краіну «нараджэння» і матэрыял, з якога яны выраблены. Шмат у чым строгасць да дадзеных патрабуецца, каб ведаць, колькі будзе каштаваць «экспанат» праз некалькі гадоў: здараецца, што майстар праславіўся, і тады цана на яго творчасць павялічваецца ў разы.

Павялічыць выяву

Як толькі мастачка парывалася кінуць гэта рамяство, жыццё адразу падавала ёй добрыя, падбадзёрлівыя знакі.

«У гадоў 14, можа, і менш, я пачала ліпнуць да знаёмых, упрошваючы падказаць, дзе можна навучыцца рабіць ляльку. Адна мастачка параіла звярнуцца да майстроў, якія займаліся разьбой па дрэве. І вось прыходжу я да гэтых брутальных мужчын: што ім са мной рабіць? Зразумела, што першы час яны мне нічога не дазвалялі, бо як толькі я дарвалася да станка, адразу параніла руку. Але першую ляльку, у рэшце рэшт, зрабіла: то была драўляная марыянетка. Потым я ўсё глыбей унікала ў сутнасць аўтарскіх лялек, іх паходжанне. І калі прыйшоў час абіраць універсітэт, дакладна ведала, чым жадаю займацца».

Дыплом Уладзіславы на факультэце эстэтычнай адукацыі Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка быў прысвечаны міфам і легендам Беларусі, у прыватнасці народнаму святу Купалле.

Павялічыць выяву

Бывае, што вобразы лялек прыходзяць да дзяўчыны ў сне.

«Я потым з гэтымі Ведзьмай і Купальскім Дзядком удзельнічала ў шматлікіх выставах, і наведвальнікі часам здзіўляліся, што я прэзентую менавіта беларускую міфалогію».

«Чамусьці шмат людзей да гэтага часу лічыць, што нашай краіне крыху больш за 20 гадоў, у яе няма ўласнай гісторыі… Але яна ёсць, і яна не падобная на польскую ці рускую! Лялькі — досыць модны зараз кірунак, людзі любяць на іх глядзець, кранаць. Калі праз вобраз даносіць да іх нешта важнае, яны пра гэта задумваюцца».

Лялечніца прызнаецца, што пасля сканчэння ўніверсітэта надышлі складаныя часы. Адна справа — займацца рамяством для душы, і зусім іншае — паспрабаваць зарабляць гэтым на жыццё.

Павялічыць выяву

Перш чым распачаць выраб лялькі, Улада робіць некалькі дзясяткаў эскізаў і фармулюе яе будучае аблічча пісьмова.

«Было цяжка, і нават сваякі ў мяне не верылі. Яны жадалі лепшага лёсу і менавіта таму не падтрымлівалі. Мой хлопец стаў, мабыць, адзіным чалавекам у свеце, які сказаў, што мы дамо рады. І мы далі рады! Хаця, канечне, я такога нікому не раю. Уявіце: ваш любы прыходзіць пасля цяжкага працоўнага дня, а там на падлозе валяецца тканіна, ежа не прыгатаваная, бо часу не было. Калі трэба хутка зрабіць ляльку, я магу тыднямі не выходзіць на вуліцу. Напэўна, гэта цана любога, хто робіць нешта складанае. Увогуле, калі мяне пытаюць, колькі часу займае выраб адной лялькі, я адказваю нешта ў такім духу: спачатку трэба вывучаць анатомію, атрымаць мастацкую адукацыю і пастаянна ўдасканальвацца. То бок у маім выпадку адна лялька робіцца два тыдні і дзесяць гадоў».

Пасля чарады выстаў і конкурсаў у Германіі, Расіі, Нідэрландах і іншых краінах Улада прыняла рашэнне рабіць лялькі менавіта на замову: «Колькі б фантазій ні перапаўняла маю галаву (яны мне нават сняцца), у іншых людзей яны ўсё адно не такія. Кожны чалавек — гэта новы свет». Сёння яе лялькі жывуць сваім жыццём па ўсім свеце: у ЗША, Літве, Расіі, Італіі, Польшчы…

Павялічыць выяву

Любімы матэрыял мастачкі — палімерная гліна. З ім складана працаваць, затое лялькі атрымліваюцца як жывыя.

«НН»: Хто і навошта сёння набывае сабе лялек?

— Гэта можа быць самы нечаканы чалавек. Калісьці на выставе да мяне падышоў мужчына 50 гадоў, выглядаў ён вельмі афіцыйна. Ён распавёў, што дома захоўвае калекцыю клоўнаў. Часцей за ўсё да мяне звяртаюцца жанчыны 30-50 гадоў, даволі эпатажныя. Яны забяспечаныя асобы, бо людзі з сярэднім заробкам імкнуцца перадусім палепшыць свой побыт, а багацейшым патрэбныя дарослыя «цацкі».

Мужчыны заказваюць лялек у падарунак каханым ці дзецям. І толькі кабеты прыходзяць за партрэтамі. Ім гэта падабаецца, і тут няма нічога дрэннага: такая лялька на доўгі час застаецца ў сям'і. Калі чалавека ўжо няма ў жывых, а яго часцінка побач — гэта вельмі каштоўна.

Павялічыць выяву

Улада лічыць, што людзі купляюць лялек у тым ліку для таго, каб сярод простага жыцця ў іх з'явіўся кавалачак чараўніцтва.

«НН»: Зараз вельмі папулярныя лялькі-немаўляты. Некаторыя дзяўчыны купляюць іх у дарослым узросце і няньчаць, як дзіцё. Ці можа лялька неяк аблегчыць адзіноту, на твой погляд?

— Тут трэба, мне здаецца, згадаць гісторыю з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Усім вядома, што фашысты выкрадалі прадметы мастацтва. І вось аднойчы, праз шмат гадоў, у сталага Карнэліуса Гурліта знайшлі вялікую калекцыю карцін. Ён думаў, што яны належаць продкам, вельмі любіў і, кажуць, нават размаўляў з імі. А потым дазнаўся, што яго бацька быў гітлераўцам, і карціны прыйшлося раздаць ранейшым уласнікам. Пасля гэтага ён пражыў няшмат: не мог без іх. Я лічу, што гэта дрэнна: прадмет не можа замяніць жывое.

Павялічыць выяву

Майстар і Маргарыта

«НН»: Ты і далей збіраешся рабіць «копіі» людзей?

— Я б вельмі хацела зняць мульцік з уласнымі лялькамі пра папяровыя кнігі і пра тое, як важна, што яны ёсць, пра тое, што з імі адбываецца. Буду імкнуцца развівацца ў гэтым кірунку.

Кацярына Карпіцкая, фота Сяргея Гудзіліна

0
вельмі спадабалася! / адказаць
07.03.2017 / 14:09
Цудоўная дзяўчына і цудоўная справа!
0
Гаспадыня / адказаць
07.03.2017 / 15:30
Вельмі цікавая дзяўчына. І сама выглядае як казачная лялька. Муж малайчына, што падтрымлівае талент.
1
Юра / адказаць
10.03.2017 / 14:35
единственное , что им нравится в интерьере на первом снимке сверху
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31