Знайсці
23.02.2017 / 08:4014РусŁacБел

Апошнія сведкі расстрэлаў у Курапатах сабраліся ў Мінску ФОТА

Сёння ў мінскім Палацы мастацтва адкрылася ўнікальная выстава «Праўда пра Курапаты». На адкрыццё прыйшло больш за 100 чалавек. Людзі не тоўпіліся ў цесным фае Палаца мастацтва, стаялі на сходах. Прамаўлялі арганізатар і ініцыятар выставы Марат Гаравы, паэт Алесь Разанаў, спявалі барды.

Не маглі прамоўцы абысці ўвагай сённяшнюю сітуацыю ў Курапатах.

Гэты новы канфлікт, адзначыў Марат Гаравы, выкліканы ў першую чаргу дзяржаўнай палітыкай Міністэрства культуры, якое дагэтуль не вызначыла адназначныя ахоўныя зоны помніка. Таксама на дзяржаўным узроўні не робіцца ніякай працы для таго, каб замацаваць Курапаты ў свядомасці людзей як недатыкальную святыню.

Ініцыятар і арганізатар выставы, журналіст Марат Гаравы.

Арганізатары здолелі адшукаць і запрасілі на выставу апошніх сведкаў курапацкіх падзей. Іх было трое — жанчына і два мужчыны. Яшчэ адна сведка захварэла і не змагла прыехаць. Яны былі дзецьмі ў 1930—40-я і жылі, як выказаўся Гаравы, пры самым плоце, якім тады былі абнесеныя Курапаты. Яны ведалі пра расстрэлы ад старэйшых, самі чулі стрэлы і бачылі энкавэдыстаў. Зала сустракала сведкаў воплескамі, ім дарылі жывыя кветкі.

Спадарыня Зоя Залецкая — родам з блізкай ад Курапатаў вёскі Цна-Ёдкава. Ад яе даследчыкі дазналіся пра лёс сям'і пісьменніка Міхася Зарэцкага, які, найхутчэй, таксама ляжыць у Курапатах. Яе бацька Уладзімір Залецкі таксама быў рэпрэсаваны, але ўцёк з калымскага лагера і доўга жыў пад выпраўленым прозвішчам. 

Спадар Алесь Генералаў з вёскі Цна-Ёдкава шасцігадовым хлапчуком пералез цераз плот, якім былі абнесеныя Курапаты. Энкавэдыст, што ахоўваў тэрыторыю, так яго напалохаў, што пасля Алесь і пазіраць баяўся ў той бок. Па начах з-за плота чуліся стрэлы. Забіваюць «ворагаў народа», казалі ў вёсцы. было гэта перад самай вайной.

Спадар Павал Міхалевіч з вёскі Цна-Ёдкава пераказаў даследчыкам успаміны свайго бацькі Герасіма, які шматкроць чуў ва ўрочышчы Брод страляніну і крыкі людзей.

Бард Аляксей Галіч праспяваў песню Гервасія Вылівахі з «Ладдзі Роспачы» Караткевіча. Курапаты — гэта месца, у якім надзвычай моцна ўсведамляеш каштоўнасць жыцця, адзначыў Галіч.

Арганізатары выставы парупіліся сабраць і праекты мемарыяла ў Курапатах. Самым цікавым з іх падаецца праект маладых польскіх архітэктараў, якія прапанавалі стварыць у Курапатах Цэнтр нацыянальнай памяці — цэлы комплекс з музеем і капліцай. Прапануюцца і больш традыцыйныя манументы.

Сярод наведнікаў быў заўважаны славуты польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі. Экскурсію па выставе для яго зладзіў палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка.

Дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Матэуш Адамскі, Вінцук Вячорка і Кшыштаф Занусі на адкрыцці выставы. Фота радыё «Свабода».

«Спадару Занусі не трэба тлумачыць, што такое таталітарызм, — адзначыў Вінцук Вячорка. — Ён удумліва слухаў трагічныя сведчанні. А гісторыю пра энкавэдыста, які жыў у недалёкай ад Курапатаў вёсцы, паклаў у Курапатах двух сваіх суседзяў, чым пасля п'яны выхваляўся, Занусі назваў цалкам кінематаграфічнай».

«Гэта жывая гісторыя. Мы ведаем, што нацыя, якая забывае сваё мінулае, ня мае будучыні. Таму неабходна, каб ладзіліся такія выставы. Я радуюся, што вы маеце адвагу памятаць тое, што адбылося, памятаць гэтую страшную несправядлівасць. Я вельмі спачуваю вам. Я сюды прыйшоў, таму што тэма Курапатаў яшчэ не настолькі вядомая, як павінна. Для ўсіх палякаў вядомая Катынь. Курапаты былі пазней адкрытыя, і трэба, каб людзі ведалі, што тут адбылося», сказаў Занусі ў каментары для радыё «Свабода».

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», візіт Кшыштафа Занусі ў Беларусь звязаны з тым, што ён атрымаў званне доктара honoris causa у Міжнародным універсітэце «МІПСА». 

Паралельна з выставай пра Курапаты на другім паверсе Палаца мастацтва ідзе выстава твораў тых сяброў мастацкай суполкі «Пагоня», якія ўжо пакінулі гэты свет. Выстава маштабная, займае ўвесь паверх. Там працы Яўгена Куліка, Міхася Раманюка, Віктара Маркаўца, трох пакаленняў Ціхановічаў, Скрыпнічэнкі, Стальмашонка, многіх іншых. Яшчэ адна нагода наведаць у гэтыя дні Палац мастацтва.

Генрых Ціхановіч. Благое прадчуванне. 1997 год.

Выставу «Праўда пра Курапаты» можна будзе паглядзець штодня з 22 па 28 лютага ў Мінску, у фае Палаца мастацтва (Казлова, 3) з 11 да 19 гадзіны. Уваход вольны.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера