Знайсці
20.02.2017 / 10:5873РусŁacБел

Аляксандр Лукашэнка на шляху ў Змяіны Вырай

Піша Васіль Герасімчык. 

Майсей вадзіў яўрэяў па Сінайскай пустыні 40 гадоў, каб яны пазбавіліся рабскай псіхалогіі. «Каб людзьмі звацца», беларусы ўжо прайшлі свае 26, з якіх 23 — на чале з Лукашэнкам. І тут ужо зусім не важна, як бачыўся распачаты ім у 1994 годзе шлях адарванага кавалка, гэтага «зборачнага цэха» некалі магутнай імперыі. Мае значэнне толькі сам рух і тое, якую форму ён набыў цяпер: Беларусь пры Лукашэнку становіцца беларускай, а «беларускі» народ перастае быць проста сукупнасцю грамадзянаў.

Кожны народ варты таго лідара, якога мае. Гэтай збітай да болю ў вуснах фразай часам тлумачаць становішча, у якім апынаецца тая ці іншая краіна. Але калі народ не ўсведамляе яшчэ сябе супольнасцю, раз’яднаны на траўмаваныя адгалінаванні, што страцілі месца на Сусветным Дрэве? У такім выпадку нарастае патрэба ў моцным чалавеку як сведчанне неабвержнай прыкметы слабасці. Ад яго волі залежыць выбар шляху, па якім будзе крочыць народ. Аднак, насамрэч, галоўнае — гэта не шлях, а рух!

Падчас яго народ павінен прайсці ачышчэнне і аднаўленне, каб пазбавіцца тых мрояў, якія прадвызначылі абраны кірунак.

Дзякуючы абранаму Лукашэнкам курсу Беларусь працягвае заставацца ў становішчы парніка, у якім вырастае новы ўраджай насельніцтва, якое ўжо шукае магчымасць зарабіць не на «чарку і скварку», але марыць пра значна большае, пры гэтым паспявае задацца пытаннем, што ж яно такое, і нават пачаць усведамляць, што гэты наш парнік (незалежнасць) «даражэйшы за нафту». Так бы мовіць, паўстала новая версія — «Беларус 2.0».

Спроба кланаваць савецкага чалавека ва ўмовах адной асобнай краіны, няхай і «самай лепшай» часткі колішняга СССР, пацярпела паразу. Паколькі наўкол — у суседзяў і братоў — расквітнеў нацыяналізм, на якім паразітуюць алігархічныя эліты, разумеючы яго патэнцыял і магчымасці ў плане кансалідацыі і кантролю супольнасцяў. У Беларусі ж паказчыкі для росту нацыяналістычных пачуццяў супраціўнікамі ўведзенай дзяржаўнай сістэмы былі абвешчаны сродкам барацьбы супраць яе, выступаючы адметнымі рысамі апазіцыі. Але толькі сапраўдны прафесіянал здольны перахапіць з рук апанента яго зброю і выкарыстаць на сваю карысць. Менавіта так адбываецца і цяпер, калі сфера ўжытку беларускай мовы пашыраецца і ініцыюецца на дзяржаўным узроўні.

І гаворка тут не толькі пра беларускае тэлебачанне і радыё, Аляксандр Рыгоравіч сустракаецца з рэдактарам недзяржаўнай газеты «Народная воля» Іосіфам Сярэдзічам і размаўляе па-беларуску. Ці было такое магчыма колькі гадоў таму? Гэта рытарычнае пытанне, якое не мае на мэце выклікаць раздражнёныя каментары ў стылі «толькі бачнасць», «ён павінен быў гэта рабіць і раней» і «толькі кропля ў моры». Паколькі галоўнае — гэта сам рух! Толькі ён мае сэнс, і ад зробленых крокаў залежыць тое, што будзе на фінішы. І часам варта пазбавіцца таго ламоцця, што толькі запавольвае, ды ўвогуле імкнецца нас спыніць, як тая колішняя апазіцыя, якая перарасла ў «апазіцыю», забыўшыся пра неабходнасць развівацца разам з супольнасцю, інтарэсы якой імкнешся выяўляць. А Лукашэнка гэта разумее. Яго талент палітыка ў пачуцці электарату, з якім ён працуе.

Электарат змяняецца незалежна ад жаданняў выбудаванай сістэмы ўлады. Галоўнае — своечасова ўбачыць змены і стаць на чале іх.

Падштурхоўвае да гэтага спалучэнне некалькіх фактараў, у тым ліку замежнапалітычных: у першую чаргу, падзеі ва Украіне ды тое, што Расія — гэта ўжо не колішні СССР. Плюс праблемы, з якімі сутыкнулася беларуская мадэль на фоне эканамічнага крызісу.

Пакуль праблемай застаецца тое, што Лукашэнка нашмат спрытнейшы за выбудаваную ім сістэму, якая імкнецца замарудзіць тыя змены, якія так патрэбныя.

Таму дзесяцігадовыя заявы пра аптымізацыю так і застаюцца дэкларатыўнымі. А лепш было разам (ці ўвогуле замест) са скарачэннем працоўных месцаў на неэфектыўных заводах скарачаць пасады ў разнастайных інстанцыях, якія дублююць адна адну.

Сёння няма альтэрнатывы Лукашэнку.

І гэта ніколькі не звязана з адсутнасцю іншых палітыкаў ці тых, хто жадаў бы ўзяць уладу ў свае рукі. Лукашэнка даў Беларусі час і шанец стаць Беларуссю, і толькі ад яго волі залежыць завяршэнне гэтага працэсу ва ўмовах моцнага знешняга ціску, якому ніхто іншы супрацьстаяць не здольны.

Цяпер мы нагадваем вужыны народ з нашай міфалогіі, які на чале з Вужыным царом паўзе ў свой Змяіны Вырай.

Справа засталася толькі за інстынктам самазахавання ўсёй супольнасці, увасобленай у нацыянальнай ідэі. Менавіта пра яе казаў прэзідэнт падчас 7:20.

Ці будзе Беларусь жыць надалей і ці будзе яна квітнець залежыць ад тых, хто, нягледзячы на розныя палітычныя погляды і стаўленне да працэсаў у самой дзяржаве, на пытанне «Каго любіш?» адкажа: «Люблю Беларусь!», і пачуе: «Дык узаемна!».

Васіль Герасімчык, гісторык, настаўнік, Гродзенскі раён

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930