Знайсці
19.02.2017 / 11:1945РусŁacБел

БНР, Балаховіч, БСРГ: заходні погляд

Піша Антон Лявіцкі. 

У 2015 годзе амерыканскі гісторык шведскага паходжання Пэр Андэрс Рудлінг апублікаваў сваё даследаванне ранняга этапу беларускага нацыяналізму. Кніга «Уздым і заняпад беларускага нацыяналізму. 1906—1931» выйшла ў Пітсбургу (Per Anders Rudling. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906—1931. Pittsburgh, 2015. 436 p.).

Рудлінг мае перавагу над беларускімі гісторыкамі найперш таму, што не вінен «аддаваць належнае» ідэалогіі ці карпарацыйным звычкам беларускіх гуманітарыяў, таму многія думкі гучаць смела, нават правакацыйна.

Дзякуючы гэтаму, паўстае даволі нязвычная для беларускага вока гісторыя, у якой Беларусь — не «храм і сабор», а «aborderlandterrain, socialproject, andpoliticaltool» («пагранічная тэрыторыя, сацыяльны праект і палітычны інструмент»).

Абое рабое. Пра дзяржаўнасць БНР і БССР

Адна з самых дынамічных частак кнігі — «Six Declarations of Statehood in Three years. Origins of a New National Mythology» («Шэсць абвяшчэнняў дзяржаўнасці за тры гады. Вытокі новай нацыянальнай міфалогіі»).

Ці адбылася БНР? Для Пэра А. Рудлінга гэта лёгкае пытанне. Што БНР ніколі не рэалізавалася як дзяржава «in any sense of the word» («у якім-кольвечы сэнсе слова»), ён не ставіць пад сумненне. Але даволі спакойна ў тым жа рэчышчы ён ацэньвае і БССР — як протадзяржаву: «By the mid-1920s the BSSR, while a proto-state, was emerging as an increasingly self-confident new European political entity» («У сярэдзіне 1920-х БССР, пакуль што протадзяржава, паступова пераўтваралася ва ўсё больш упэўнены ў сабе, новы еўрапейскі палітычны арганізм»).

Далейшы аналіз дазваляе яму паказаць, што і БНР, і БССР мелі немалое гістарычнае значэнне. Хай спачатку эфемерныя, гэтыя спробы надалей уплывалі на беларускі нацыяналізм як такі: «themultiple, seriousattemptstoestablishBelarusianstatehoodwerealandmarkintheintellectualhistoryofBelarusiannationalism» («шматлікія сур’ёзныя спробы ўсталяваць беларускую дзяржаўнасць былі вяхой у інтэлектуальнай гісторыі беларускага нацыяналізму»).

У гэтым сэнсе значэнне БНР выражалася найперш у яе «нацыянальным сімвалізме». «Ironically, toalargeextenttheBNRcametoberememberedandcommemoratedforitssymbolicactsthat, atthetime, hadnoorlittlepracticalimportance» («Дзіва што БНР успаміналася і шанавалася ў значнай ступені дзеля яе сімвалічных актаў, якія, на той момант, не мелі зусім ці мелі малую практычную важнасць»).

Хаця БНР не мела дэмакратычнай легітымнасці (р. 82), яна абумовіла змену настрояў у Маскве: «Theimpactofarichplethoraofjournals, whicharguedthatBelarusianwasaseparatelanguage, appearstohavehadasignificantimpactontheelites, notleasttheBolsheviks» («Уплыў таго моцнага багацця часопісаў, якія даводзілі, што беларуская — самастойная мова, здаецца, меў значны ўплыў на эліты, не ў апошнюю чаргу на бальшавікоў»). Пры гэтым ён, аднак, падкрэслівае, што гэта было б немагчыма без прыхільнага стаўлення да «прыгнечаных» нацыяналізмаў, уласцівага Леніну і Сталіну.

Вось жа, калі ў лютым 1920 Пілсудскі ацэньваў узровень развіцця і ўплыву беларускага нацыянальнага руху як «фікцыю», то Рудлінг яму пярэчыць: «YetAntonLutskevichunderstoodtheimportanceoffiction, ornationalistimagination» («Але Антон Луцкевіч разумеў важнасць фікцыі, іншымі словамі — нацыяналістычнага ўяўлення»). У вывадах ён паўтарае гэтую думку: «TheBNRmayhavebeenafiction, butapowerfulonewithanenduringandsignificantswayoverthenationalistimagination» («БНР магла быць фікцыяй, але важкай, з трывалай і значнай уладай над нацыяналістычным уяўленнем»).

Яшчэ адным важным выпадкам спробы стварыць беларускую дзяржаву ў разгляданы перыяд з’яўляецца для Рудлінга паход Балаховіча: даследчык падкрэслівае, што акцыі Балаховіча — гэта «themostformidable «Belarusian» militarychallengetotheBolsheviks» («найбольш унушальны «беларускі» вайсковы выклік бальшавікам»). Як вядома, ягоныя войскі занялі частку Палесся і 12 лістапада абвясцілі незалежнасць Беларусі. Рудлінг не абмінае некаторыя «балючыя» моманты гісторыі — напрыклад, авантурнасць Балаховіча (Пілсудскі выказваўся пра яго скептычна: «TodayheisaPole, tomorrowhellbeaRussian, thedayafter, aBelarusianandthefollowingdayperhapsanAfrican» — «Сёння ён паляк, заўтра ён будзе расейцам, паслязаўтра беларусам і на наступны дзень, можа, афрыканцам») ці той факт, што ў ягоным войску пераважалі небеларусы. Асаблівую ўвагу Рудлінг надае гвалту, учыненаму гэтай «беларускай арміяй» у дачыненні да габрэйскага насельніцтва.

Беларускі нацыяналізм у міжваеннай Польшчы: мабілізацыя і задушэнне

Актывісты беларускага нацыяналізму ў Заходняй Беларусі былі ў зусім іншай сітуацыі. Ніякай эмансіпацыйнай праграмы польская эліта не прапанавала. Польская дзяржава ад пачатку выявіла імкненне да пераўтварэння сваіх новых дзяржаўных межаў у этнічныя і функцыянавала як «thenewnationalizingstate» («новая нацыяналізуючая дзяржава»).

Аб ідэалагічным клімаце і мэтавызначэнні новай польскай дзяржавы сведчаць наступныя прыклады. Раман Дмоўскі, лідар польскіх нацыянал-дэмакратаў, «didnottrustWilson, whomheregardedasa «tooloftheJews«, norDavidLloydGeorge, who, Dmowskilaterclaimed, «actedlikeanagentoftheJews» («не давяраў ані Вільсану, якога ён уважаў за «прыладу габрэяў», ані Дэвіду Лойду Джорджу, які, на думку Дмоўскага, «дзейнічаў як агент габрэяў»). Гарантыі нацыянальным меншасцям, дадзеныя Дмоўскім ад імя Польшчы, для лідара эндэкаў былі «deeplyembarrassing» («моцна абцяжарвалі»), бо ён быў перакананы, што пагадненне было вынікам кантролю габрэяў над заходнімі лідарамі. Нават Пілсудскі, які публічна выступаў за паразуменне нацый, ставіўся да ідэі нацыянальнага супрацоўніцтва цынічна. У прыватнасці, «inprivatePiłsudskivoicedhismisgivingsthathewouldnotwanttodiscussplansoffederation «withoutarevolverinmypocket» («прыватна Пілсудскі выказваўcя ў тым сэнсе, што ён не хацеў бы абмяркоўваць планы федэрацыі «без рэвальвера ў кішэні»).

Аднак у эпоху ідэалагічнага дамінавання эндэкаў польская дзяржава выявіла сваю няздольнасць ажыццявіць пастаўленыя мэты. Фінансавы хаос і вострая палітычная канкурэнцыя прывялі да таго, што асіміляцыя нацыянальных меншасцяў не была эфектыўнай. Хаця адпаведныя меры прымаліся: закрыццё беларускіх школ, вайсковая каланізацыя і маніпуляцыі з перапісамі з’яўляюцца прыкладамі гэтай палітыкі.

Беларускі нацыяналізм, безумоўна, не прызнаваў права палякаў на тэрыторыю т. зв. Заходняй Беларусі. Праз гэта ён аказаўся ў кантэксце рэгіянальнай канкурэнцыі Каўнаса, Варшавы і Масквы / Менска. У 1921—1925 Заходняя Беларусь перажыла партызанскую барацьбу, інспіраваную Літвой і СССР. Яна, на думку Рудлінга, не дасягнула вялікіх маштабаў: «[t]hevastmajorityofthepopulationhadnoexperienceofsocialandpoliticalmobilizationofanykind» («пераважная большасць насельніцтва не мела досведу сацыяльнай і палітычнай мабілізацыі нейкага кшталту»). Але гэта не значыць, падкрэслівае даследчык, што беларускае насельніцтва прымірылася з польскім парадкам. Якраз наадварот: да сярэдзіны 1920-х сацыяльны попыт на арганізаванае, легальнае палітычнае супраціўленне істотна вырас.

Так Рудлінг пераходзіць да гісторыі БСРГ, якую ён ацэньвае вельмі высока: «achampionofnationalandclassrightsoftheWestBelarusians» («абаронцы нацыянальных і класавых правоў заходніх беларусаў»).

Прычына поспеху БСРГ відавочная — у сумяшчэнні нацыянальных і сацыяльных патрабаванняў (што было вельмі важна «[i]nWestBelarus — theleastdevelopedpartoftheSecondPolishRepublic» — «у Заходняй Беларусі — найменш развітай частцы Другой Рэчы Паспалітай»). Ён прыводзіць паказчыкі росту колькасці сяброў БСРГ, даводзячы такім чынам яе папулярнасць. Пры гэтым Рудлінг не пагаджаецца з распаўсюджаным меркаваннем аб тым, што БСРГ была падпарадкаваная Маскве. На думку Рудлінга, гэты рух распрацоўваў свае ідэалагічныя дактрыны (якія знаходзіліся пад відавочным уплывам нацыянал-камунізму, але не толькі), а лідары грамады мелі ўласныя парадак дня і амбіцыі.

Прыблізна праз год пасля заснавання БСРГ адбыўся пераварот у Польшчы, да ўлады прыйшоў Пілсудскі. «To the Belarusian nationalists, the choice between the old government, consisting partly of National Democrats, and military rule under Pilsudski was not obvious. Neither recognized Belarusian national aspirations as legitimate» («Для беларускіх нацыяналістаў выбар паміж старым урадам, складзеным часткова з нацыянал-дэмакратаў, і вайсковым рэжымам Пілсудскага быў невідавочны. Ні адны, ні другія не лічылі беларускія нацыянальныя памкненні легітымнымі»).

Новы рэжым выявіў шматлікія супярэчнасці. З аднаго боку, «Piłsudskisauthoritariansanacjaorderdisplayedfascistandcorporatisttendencies, thoughitlackedthesocialdynamismofNazismandBolshevism» («У аўтарытарным ладзе Пілсудскага, рэжыме санацыі, праяўляліся рысы фашызму і карпаратывізму, хаця яму бракавала ўласцівага нацыстам ці бальшавікам сацыяльнага дынамізму»). З другога боку, у 1926 годзе новы ўрад зрабіў некалькі крокаў насустрач беларускаму нацыяналізму, перадусім у галіне школьнай палітыкі. Гэта дазволіла хутка адрадзіць заняпалую беларускамоўную адукацыю.

Фінальным эпізодам арганізаванага беларускага нацыяналізму ў Заходняй Беларусі стала дзейнасць клуба «Змаганне» і ягоны разгром у 1930 годзе. «Змаганне», паказвае Рудлінг, як арганізацыя-пераемнік БСРГ, дасягнула істотнага электаральнага поспеху на выбарах у сойм Польшчы 1928 года, атрымаўшы 26% галасоў у Заходняй Беларусі. Але на той момант сітуацыя ўжо не спрыяла беларускім актывістам. У 1930 годзе рэжым Пілсудскага канчаткова ператварыўся ў жорсткі аўтарытарызм, дзе парламент выконваў функцыю фасаду. Спынілася і вонкавая падтрымка — у 1927—1929 у БССР згортваецца беларусізацыя. 

Галоўнае пытанне: Why is there today an independent Belarus and how did this state appear?

Навошта ўвогуле Рудлінг займаецца беларускім нацыяналізмам 1900—1920-х гадоў? Даследчык лічыць, што яго аналіз можа даць адказ на шырокія пытанні аб бягучым становішчы спраў у Беларусі. «WhydoesthepoliticallandscapeinBelarus look so different from those of its neighbors? How do we explain the relative weakness of nationalism and the divided historical memory? At the bottom of these issues looms a larger question: why is there today an independent Belarus, and how did this state appear?» («Чаму палітычны ландшафт у Беларусі так адрозніваецца ад сітуацыі ў суседніх краінах? Як можна патлумачыць адносную слабасць нацыяналізму і падзеленасць гістарычнай памяці? У падмурку гэтых праблем знаходзіцца большае пытанне: чаму незалежная Беларусь існуе і як гэтая дзяржава з’явілася?»).

Яшчэ адзін важны момант палягае ў ацэнцы самой з’явы нацыяналізму і ягонай беларускай версіі ў прыватнасці. Пануючым у заходняй акадэміі з’яўляецца недавер да нацыяналістычных праграм, якія, як лічыцца, часта вядуць да аўтарытарнай палітычнай практыкі і брутальных этнічных канфліктаў. Гэтаму ёсць нямала прыкладаў. Тым не менш Рудлінг схільны ацэньваць беларускі нацыяналізм іначай. «[I]twasmostlydemocratic, socialistleaning, andanticolonial, employingethnicity, language, andcultureasvehiclesforagencyandpoliticalempowerment» («Ён быў пераважна дэмакратычны, схільны да сацыялізму і антыкаланіяльны і выкарыстоўваў этнічнасць, мову і культуру як сродкі для абуджэння актыўнасці людзей і надання ім палітычных правоў»).

Чытайце таксама:

Чаму няма Беларусі ў парадку дня сусветнай палітыкі і культуры?

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930