Знайсці
21.02.2017 / 19:5644РусŁacБел

22 лютага ў Мінску пачнецца ўнікальная выстава «Праўда пра Курапаты»

Мінскі Палац мастацтва (Казлова, 3). 17:00.

Гэта ўжо другая такая выстава, папярэдняя прайшла ў канцы 2015 года і доўжылася ўсяго тры дні.

Выстава — дакументальна-мастацкая: будуць і мастацкія творы, і здымкі, сведчанні, дакументы, — усё тое, што адкрылі за апошнія паўтара года, кажа ініцыятар і арганізатар Марат Гаравы:

— Экспазіцыя будзе адрознівацца ад мінулай: мы дапоўнілі яе новымі адкрыццямі.

Напрыклад, будзе стэнд «Зона», прысвечаны гістарычнай тапаграфіі Курапатаў. Мы ўжо дакладна ведаем, як выглядала гэта месца ў 1930—40-я. Плот быў вышынёй больш за 2,5 метры — негабляваныя шэрыя дошкі ўсутыч, шчыліны між якімі закрываліся накладнымі дошкамі-аполкамі. Мы ведаем, дзе стаялі вароты, якія яны былі.

Марат Гаравы.

Ведаем, як была разбудавана сістэма аховы тэрыторыі, дзе стаялі будкі і нават, імаверна, назіральныя вышкі. Ведаем, якімі маршрутамі (іх было два) людзей везлі на расстрэл з турмы НКВД.

Мы нават знайшлі месца, дзе была крама, у якой ахоўнікі «зоны» куплялі кілбасу, хлеб і гарэлку. Пра ўсё гэта ёсць дакладныя звесткі.

З апошніх адкрыццяў: выявілася, што Міхась Зарэцкі, знакаміты пісьменнік, жыў у вёсцы Цна. І, верагодна, побач з домам, у Курапатах, яго і расстралялі.

Такія рэчы адкрываюцца, уявіце! Я адчуваю, што і далей будуць, — захоплена кажа Марат Гаравы.

Брод і Курапаты

На выставе можна будзе разглядзець унікальны здымак, зняты 23 чэрвеня 1941 года з нямецкага самалёта.

На ім бачныя шаша Заслаўе-Калодзішчы, палявая і лясная дарогі, па якіх везлі на расстрэл у стары глухі бор, і часткі агароджы, назіральныя збудаванні, і роў перад плотам, і прасекі, і нават самі месцы расстрэлаў — светлыя плямы сярод дрэваў.

Першая выстава «Праўда пра Курапаты» адбылася ў 2015-м і доўжылася ўсяго тры дні. 

— А яшчэ мы цяпер дакладна ведаем, што менавіта называлася Курапатамі, — расказвае Марат Гаравы. — Гэта паўночна-ўсходняя частка сучаснага ўрочышча: падковападобны пагорак да вайны быў «лысы», без дрэваў. А расстрэлы адбываліся побач, у лесе, які называўся Брод. Але пасля вайны, калі голы пагорак засадзілі лесам, дык Курапаты зрасліся з Бродам.

Доўгі час мясцовыя людзі яшчэ адрознівалі: гэты пагорак — Курапаты ад Броду — месца забойстваў, але, калі адбылося ягонае адкрыццё ў 1988-м, Зянон Пазняк назваў Курапатамі ўвесь лясны масіў. Так у народзе гэта і прыжылося.

Курапаты, фота са спадарожніка. Справа, у полі між Курапатамі і «Экспабелам», паралельна краю ўрочышча, бачныя рэшткі дарогі, па якой у 1930-я вазілі на расстрэл людзей.

Сільвестр Мацкевіч, які выжыў пасля расстрэлу

Расстрэлы, па сведчаннях, пачаліся ў Курапатах у пачатку 1930-х. Адзіночныя, рэдкія — з 1932 года. Пік — 1937. Адбываліся расстрэлы да пачатку вайны і ў першыя яе дні. А ў адну ваенную ноч сведкі чулі з-за плоту ўжо не адзінкавыя стрэлы, а аўтаматныя ці кулямётныя чэргі.

Нават калі немцы ўжо ўвайшлі ў Мінск, прыехаў апошні «чорны варанок» і энкавэдзісты расстралялі людзей.

На выставе будзе прадстаўлена гісторыя чалавека, які ўратаваўся ад расстрэлу. Сільвестр Мацкевіч, пчаляр з Драгічыншчыны, быў арыштаваны ў канцы 1940, этапаваны ў Мінск, а ў чэрвені 1941, у пачатку вайны, яго разам з іншымі вязнямі прывезлі ў Курапаты і расстралялі з кулямёта.

Кулі не закранулі чалавека, і калі энкавэдзісты з’ехалі, ён выбраўся з-пад целаў ды вярнуўся ў родную вёску.

У канцы вайны Мацкевіч выехаў у Чыкага, займаўся пчалярствам, памёр у 1986-м у ЗША.

Сведкі

Курапаты — аточаная вёскамі самая высокая кропка мясцовасці на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска. Таму жыхары наваколля ведалі пра тое, што там адбываецца, бачылі машыны з вязнямі, чулі стрэлы. Марат Гаравы і яго паплечнікі з грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» шукаюць і апытваюць сведак — мясцовых жыхароў.

— На адкрыццё выставы мы запросім некаторых сведкаў. Ва ўмовах, у якіх мы жывём, пры нястачы пісьмовых і выяўленчых крыніц, успаміны становяцца галоўнай крыніцай інфармацыі — грунтам вуснай гісторыі. Паглядзіце, якую належную ролю вуснай гісторыі і яе носьбітам надаюць ва ўсім цывілізаваным свеце! У нас гэта, на жаль, яшчэ не дайшло да шырокай грамадскасці, да «сур’ёзных» гісторыкаў. А менавіта дзякуючы сведкам мінулага не толькі захоўваецца нашая гістарычная памяць, але і самі беларусы як нацыя.

Сведка расстрэлаў у нас толькі адна, кажа Гаравы. Гэта жыхарка Цны, якая дзяўчынкай разам з сябрамі пайшла ў курапацкі лес збіраць суніцы. Калі за плот сталі заязджаць машыны, яна не паспела ўцячы, схавалася пад ялінкай і бачыла расстрэлы. Ад страху страчвала прытомнасць і потым некалькі гадзін не магла знайсці дарогу дадому.

Мы знайшлі таксама сведкаў, якія хоць не бачылі расстрэлы, але ў памяці захавалі шмат вельмі значных і пранізлівых дэталяў, якія дапаўняюць агульную карціну падзей.

Вось што распавяла спадарыня Лідзія, жыхарка вёскі Зялёны Луг: «Увогуле, з нашага саўгаса пахапалі многіх. Дзесьці ў 1937—1938-м ноччу забралі Антона Матусевіча, які жыў за Лагойскай шашой на хутары, дзе цяпер прыпынак трамвая на вуліцы Сядых. Не паглядзелі, што ў яго чацвёра дзетак, прычым адзін яшчэ ў калысцы. Жонка Таццяна кінулася да мужа, энкавэдысты яе адпіхнулі, а дзеці прачнуліся і, паўмёртвыя ад жаху, стоячы развітваліся з бацькам. Таццяна чакала мужа дзень-другі, а потым пайшла ў Курапаты да плоту — распавяла мне пасля вайны іх дачка Вікторыя. У цемры расхваляваная жанчына вочы праглядзела, усё спадзявалася ўбачыць свайго Антося, але нічога не ўбачыла, толькі пачула, як машына заязджае за плот. Праз нейкі час з-за загарадкі данесліся прыглушаныя гукі нейкай мітусні, потым усё сцішылася, і мужчынскі голас ясна выгукнуў: «Птушкі, чаму вы не лётаеце? Скажыце нашым, што мы не вінаватыя!».

Але сведкі распавядаюць не толькі пра тое, як адбываліся расстрэлы і што іх суправаджала, але і як вёска жыла. Таму на выставе адзін са стэндаў будзе называцца «Жыццё каля плоту». Людзі працавалі, кахалі, стваралі, жылі пад дзікім страхам і гвалтам, але жылі!

Яшчэ ж і цяпер недзе жывуць у Мінску пакуль невядомыя нам людзі і іхныя нашчадкі з гэтых вёсак: Зялёны Луг, Цна, Дроздава, Малінаўка, Якубавічы, Чыжоўка… Гэтая выстава — наш паклон народнай памяці.

Першы герой Курапатаў з’явіўся яшчэ ў 50-я

— Ёсць факты спроб схаваць Курапаты ад грамадскасці пасля вайны: выкопвалі, вывозілі косткі.

Нейкі час хацелі спляжыць усё: спілаваць лес, пні выкарчаваць, а тэрыторыю выраўняць пад раллю. Але знайшлася жанчына, працаўніца саўгаса «Зялёны Луг» Лідзія Яцук — удава, муж загінуў на вайне, яна сама выхоўвала сына. Яна адкрыта сказала, што ўвесь лес стаіць на касцях, што яго нельга араць.

Жанчына вымусіла дырэктара саўгаса пайсці на прыём да міністра. У выніку Курапаты захаваліся.

Лідзія Яцук — першы герой Курапатаў, першы іхні абаронца. Прычым гэта ўсё адбывалася ў страшэнныя сталінскія часы, калі адважная ўдава ўзнялася і сказала «не».

Навошта гэта трэба

— Вось некаторыя пытаюцца, навошта трэба гэтым займацца. Адказваю.

Каб выжыць, чалавецтва стагоддзямі атачала прыроджаныя людскія інстынкты бар’ерам з культурных традыцый і норм маралі. Але тыранічныя рэжымы заўжды вынішчалі і разбуралі гэты бар’ер разам з ягонымі абаронцамі, што і адбылося у Курапатах.

Абарона іх — гэта перш-наперш змаганне за праўду, за свабоду (ці цярпімасць) супраць гвалту (ці нецярпімасці). Бо любы гвалт нясе ў сабе нянавісць і не дазваляе людзям свабодна рэалізаваць свае здольнасці і памкненні.

Курапаты сталі сімвалам свабоды, пра гэта сведчаць і лёсы забітых там людзей, і ўся пасляваенная гісторыя ўрочышча, і абарона Курапатаў беларускай грамадскасцю ў 2001—2002 гадах, калі хлопцы і дзяўчаты вялі кругласуткавае дзяжурства, каб уратаваць помнік ад разбурэння.

Змаганне за Курапаты — гэта змаганне за прыстойнае жыццё, заснаванае на агульначалавечых нормах маралі. Менавіта пры іхнім укараненні ў штодзённае жыццё грамадства вяртаецца з абсурднага ў нармальны стан, калі дзяржава служыць чалавеку і абараняе яго ў цяжкую хвіліну, калі чалавек шукае вытокі сваіх праблем у сабе, а не ў іншых, імкнецца да высакароднага і годнага жыцця.

І тыя, хто гэта ўсведамляе, імкнуцца абудзіць працэс унутранага змянення чалавека, ягонага пакаяння. Бо ў нашым грамадстве страчваецца дзейсны, творчы складнік. І каб нацыі выйсці на стваральны шлях жыцця, нам трэба больш працаваць над сабою. Бо кожнаму ёсць у чым павініцца перад людзьмі і Богам за тое, што мы не зрабілі дзеля праўды, свабоды і прыстойнага жыцця. Менавіта пра гэта думаюць тыя, каму баляць Курапаты, — кажа Марат Гаравы.

* * *

Акрамя дакументаў і сведчанняў, арганізатары выставы абяцаюць моцную мастацкую частку: жывапіс, графіка, скульптура, інсталяцыя. Усё рыхтуе суполка «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў. Апроч таго, будзе стэнд з працамі, дасланымі на конкурс «Курапаты — народны мемарыял». Сярод працаў — праекты мемарыялу, створаныя польскімі і беларускімі архітэктарамі, вершы і карціны знакамітых ды маладых творцаў.

Выставу можна будзе паглядзець штодня з 22 па 28 лютага ў Мінску, у фае Палаца мастацтва (Казлова, 3) з 11 да 19 гадзіны. Уваход вольны.

Запісала Паўліна Купрысь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930