Знайсці
17.07.2008 / 17:27РусŁacБел

Спадчына Пірасмані і нашчадкі інсургента

Грузінскі мастак стаў там, дзе не знайшлося пакуль месца нашым геніям — Алене Кіш і Язэпу Драздовічу. Пра Ніко Пірасмані піша Сяргей Харэўскі.

Колькі б нашае ўяўленьне німалявала сабе далёкую каўкаскую краіну, усё акажацца не зусім праўдаю. І нават калі хто пабывае там, гэтыя летуценныя ўяўленьні не разьвейваюцца. Бо кожны ўбачыць акурат тое, што ўжо малявала яму ягонае ўяўленьне. Таму, што Грузія — краіна міфаў. Міфаў пра герояў Антычнасьці і Сьвятых апосталаў, пра горы, мора і Сонца. Міфаў пра Пірасмані…

Ніко Пірасмані вызначыўся між сваіх сучасьнікаў і суайчыньнікаў дарам надзвычай вобразнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці. Ён жыў і ствараў свае карціны на мяжы ХІХ—ХХ стст. На сёньня твораў Ніко Пірасмані вядома ня больш як дзьвесце. Найбольш вядомыя ягоныя работы — «Велікоднае ягня», «Леў і сонца», «Алень», «Сямейны пікнік», «Артачальскія прыгажуні», «Дзяўчынка з паветраным шарам», «Маргарыта». Праўда, акурат «Маргарыту» ў Менск не прывезьлі. Гэта такі партрэт, вядомай хіба адно ў Тбілісі, францускай сьпявачкі Маргарыты дэ Сэўр. Яе вобраз стаў адным з самых вялікіх міфаў пра мастака, які нібы патраціў усё, што ашчаджаў, на кветкі для яе. Андрэй Вазьнясенскі напісаў пра гэта верш, зьмест якога запазычыў у Паўстоўскага. Шматкроць паўтораная гісторыя, дзякуючы выдатнаму кампазытару Райманду Паўлсу, стала савецкім папулярным шлягерам «Миллион алых роз» у выкананьні Алы Пугачовай.

Але гэткай гісторыі не магло быць праз тое, хаця б, што ў Пірасмані не было столькі грошай ці хаця б якое маёмасьці, каб яе прадаць. Ён, бажавольны дзівак вялікага росту, жыў адно ўласнай творчасцью.

Для Пірасмані жыцьцё і мастацтва, мастацтва і чалавек былі непадзельныя. Пэрсанажы майстра статычныя, але напоўненыя ўнутраным драматызмам, гэта не канкрэтныя вобразы, а тыпы: духаншчык, дворнік, кухар, даярка. Свае карціны ён і пісаў белым па чорным, а не наадварот. Статычныя, гэамэтрызаваныя кампазыцыі й строгі стрыманы калярыт — толькі на першы погляд могуць здавацца чымсьці незвычайным, перадусім для людзей заходняе культуры.

Тыя, хто бываў у Грузіі й знаёмы з тамтэйшым іканапісным мастацтвам, ня ўбачыць тут нічога дзіўнага. Пірасмані тварыў цалкам у рэчышчы сваёй, грузінскай, традыцыйнай культуры. Таму колеры, што набываюць у яго сымбалічны сэнс, кампазыцыйныя пабудовы палотнаў, а нават і біблейскія геральдычныя істоты — Леў, Бык, Алень і Арол, лёгка дэшыфруюцца праз праваслаўнае мастацтва Грузіі. У наіўным сусьвеце Пірасмані знайшлося месца амаль усім жанрам жывапісу, здаўна вядомым ў Эўропе. Але найбольш часта ў ягоных сюжэтах прадстаўленыя славутыя грузінскія гулянкі. У мастака расьпіцьцё віна й чачы страчвае сваю будзённасьць і банальнасьць, а мяса ягняці набывае насамрэч біблейскі сэнс, а застольле становіцца эўхарыстыяй.

Пірасмані не карыстаўся складанымі прыёмамі, вядомымі эўрапейскім мастакам, каб зьнітаваць кампазыцыю й арыентаваць гледача, наадварот, ён пісаў фігуры паасобна, рыхтык як на праваслаўных фрэсках, таму пэрсанажы ягоныя існуюць зазвычай самі па сабе, спараджаючы адчуваньне шчымлівае самоты.

Эфэкт адчужанасьці натуры ад мастацкага вобразу, як на старажытных абразах, замацоўваецца іконным калярытам, у агуле суворым, часам зусім змрочным, але зрэдчас зьнянацку палымнеючым пярэстымі фарбамі, нібы дзікімі краскамі.

Пірасмані ня быў авангардыстам у эўрапейскім сэнсе гэтага слова. Наадварот, ён працаваў на заказчыка, імкнучыся паразумецца з гледачамі празь іхныя культурныя коды. І гэта яму ўдавалася. Ягоныя палотны перадусім служылі людзям — у духанах і піўных, у крамах і храмах. І тагачасны грузінскі глядач, мала абазнаны ў эўрапейкім мастацтве, разумеў менавіта мастацтва Пірасмані, сваё, не чужое. Ячшэ адзін трывалы міф пра гэтага выбітнага грузінскага творцу — тое, што ён пісаў свае палотны абы‑чым і на абы‑чым, праз беднасьць, праз сквапнасьць замоўцаў і г. д. Сёньня ж нам вядома, што матэрыял для ягоных карцінаў, цырата, была ня таннай, імпартнай як і ягоныя фарбы. То бок ён паслугоўваўся для таго часу дарагімі, дэфіцытнымі ў тых краях матэрыяламі. Дый па колькасьці рэклямаў і шыльдаў, што ён вырабляў для пякарняў, духанаў, крамаў цяжка пацьвердзіць, што ён ня меў замоваў. Пірасмані відавочна ідэалізуе дабрабыт, сытае жыцьцё й шчодрыя звычаі старога Тыфлісу. Што ўжо само па сабе яскрава сьведчыць пра ягоную сацыяльную адаптаванасьць, зьнітаванасьць з рэальным, і яркім, жыцьцём. Міф пра ягонае жабрацтва й незразуметасьць сучасьнікамі быў створаны й надаўся ўжо ў савецкі час. Бо інакш ня выйшла б стварыць культу цалкам несавецкага мастака ў савецкі час.

Убачыўшы ў ім роднасную душу, мастак‑футурыст Ільля Зданевіч, сын сасланага на Каўказ беларускага інсургента Міхала Зданевіча, прывёз палотны Пірасмані ў Маскву, яшчэ да рэвалюцыі, пры жыцьці мастака. Там яны экспанаваліся на выставе футурыстаў «Мішэнь» у 1913 г. Пра Пірасмані загаварылі ў мастацкіх колах імпэрыі. Яго бурна пачалі ганараваць і на радзіме. У апошнія гады жыцьця прыйшла слава. Стары мастак памёр 5 траўня 1918 году. У Тбілісі. У незалежнай Грузіі.

Тымчасам Ільля Зданевіч і ягоны брат Кірыл (аўтар славутае кнігі пра Пірасмані, што выйшла ў Тбілісі ў 1963 г., заклаўшы сапраўдны культ гэтага мастака) сабралі вялікую калекцыю ягоных палотнаў і рупіліся перад тагачасным грузінскім урадам пра стварэньне музэю. Так што пра міф забытасьць і непрызнанасьць Пірасамані — яшчэ адзін міф. Менавіта ў Тбілісі, да земляка, беларуса па бацьку, Кі¬рылы Зданевіча, на пачатку 1930‑х езь¬дзіў выдатны беларускі мастак даваеннае эпохі Раман Семашкевіч. Пабачаная на ква¬тэры Зданевіча калекцыя твораў геніяльнага грузінскага прымітывіста зрабіла на Семашкевіча калясальнае ўражаньне.

А вось жа Ільля Зданевіч, пасьля захопу савецкімі войскамі Грузіі, у 1920‑м эміграваў у Францыю. У 1972 г. ён выдаў у Парыжы цудоўную кнігу «Ніко Пірасманішвілі. 1914» з партрэтам Пірасмані работы Пікаса. Так пра геніяльнага грузінскага майстра шыльдаў і партрэтаў з сутарэньняў старога Тыфлісу дазнаўся ўвесь сьвет. Дзякуючы братам Зданевічам, Пірасмані трывала ўвайшоў у сусьветную мастацкую спадчыну, разам з такімі славутымі прымітывістамі як француз Анры Русо й харват Іван Генераліч. Адкрыцьцё сьветам Пірасмані было цудам, бо яго мастацтва аказалася актуальным і нечкана сучасным у 1970‑я з пункту гледжаньня агульнага разьвіцьця мастацтва. Грузінскі мастак стаў там, дзе не знайшлося пакуль месца нашым геніям — Алене Кіш і Язэпу Драздовічу.

Вялізарную ролю ў больш глыбокім грузінскім асэнсаваньні маштабу і значнасьці спадчыны мастака‑самавука, колішняга чыгуначнага кандуктара, адыграў мастацкі фільм «Пірасмані», зьняты ў 1970 г. Георгіем Шангелая. Сам фільм гэтаксама стаў шэдэўрам. У 1982 г. у Мірзаані, роднай вёсцы Пірасмані, дзе ён быў проста пастухом, быў створаны музэй… Ягоная творчасьць і сёньня, скрозь акуляры міфаў, успрымаецца як блізкая людзям, выклікае ў нас глыбокія эмоцыі і захапленьне.

А дзякуючы Пугачовай і Паўлсу ягоны рамантызаваны вобраз увайшоў у кожны дом на шостай частцы сьвету…Так, крок за крокам, Пірасмані стаў яшчэ адным вялізарным міфам Грузіі. Міфам, бясконца далёкім ад праўды, якой служыў сам мастак, ад праўды пра ягоны родны, зусім бедны й закінуты край. Але прыгожым міфам. Міфам, што ўжо гэтак стаў падобны да праўды…

Карціны Пірасмані рэдка пакідаюць Тбілісі, дзе ў Нацыянальным музэі Грузіі захоўваецца 160 ягоных работаў. І свае шэдэўры музэй імкнецца не вывозіць. Тое, што мы можам убачыць у нашым Нацыянальным мастацкім музэі — надзвычайная падзея ў мастацкім жыцьці. Выстава, на якой прадстаўленыя 24 работы са збораў Нацыянальнага музэю Грузіі — гэта ўнікальная й рэдкая магчымасьць пазнаёміцца з тым смабытным і дзіўным сьветам далёкае каўкаскае краіны. Выстава працавацьме да 13 жніўня. Пасьля Менску палотны Пірасмані павязуць у Парыж.

Сяргей Харэўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера