Знайсці
05.01.2017 / 19:4732РусŁacБел

Казачная гісторыя: хлопец застаўся на Новы год зусім без грошай і нашкодзіў дома, але знайшоў выйсце і за вечар зарабіў 30$

Дзіўную гісторыю, што адбылася на Новы год у Мінску, абмяркоўвае беларускі інстаграм. 

Невядомы хлопец хадзіў па Мінску з прыгожа аздобленай паліцай проста на грудзях і прадаваў печыва з пажаданнямі. 

Людзі ахвотна куплялі, фоткаліся з хлопцам, выкладалі фота ў інтэрнэт

«Нашу Ніву» зацікавіла гісторыя, і мы перакажам яе вам. 

Справа ў тым, што на Новы год 19-гадовы артыст Даніла нашкодзіў дома, разбіўшы вазу, чым страшна раз'юшыў маці. 

Перад тым ён хацеў папрасіць у яе грошай, якія ў яго скончыліся ад слова зусім, але пасля такога залёту пазычаць ужо не выпадала. 

Даніла сеў ды пачаў думаць, як выблытацца з цяжкай сітуацыі. 

Як сказаў хлопец «Нашай Ніве», ён такое практыкуе: маўляў, калі ёсць праблема, то трэба на гадзінку на ёй засяродзіцца, і рашэнне прыйдзе. 

І рашэнне прыйшло — артыст прыдумаў незвычайны спосаб хутка зарабіць.

«Я ведаў, што можна прадаць ці свае паслугі, ці штосьці матэрыяльнае. Былі самыя розныя варыянты, але я спыніўся на печыве — печыве з прадказаннямі». 

Гэта такі кітайскі пачастунак, калі ў печыва закладаюцца паперкі з тэкстам і, каб яго прачытаць, трэба разламаць ці з'есці печыва.

З таго, што было дома, Даніла пачаў гатаваць — рэцэпт знайшоў у інтэрнэце. 

Даніла выкладаў працэс вырабу ў свой інстаграм.

«Зрабіць гэта адно, але яшчэ трэба было неяк аформіць, каб завабіць людзей. Было б непрыгожа ўсё зваліць у кучу, каб кожны рукамі браў. Трэба цывільны выгляд. Я ўзяў каробку ад навушнікаў «Соні», прымайстраваў да яе шнур ад парванай скакалкі, зрабіў надпіс «Печыва», выразаў на вечку з падвоеным дном «2017», затым заклеіў прарэхі каляровымі вокладкамі, якія зняў з падручнікаў брата, і замацаваў унутры ліхтарык для падсветкі. Сышло дзве гадзіны», — апісаў працэс Даніла. 

Далей хлопец паехаў у цэнтр, але транспарт хадзіў кепска, а ў хлопца былі грошы толькі на адзін квіток аўтобуса. 

Ад доўгага чакання ён папрасіўся ў маршрутку, прапанаваўшы кіроўцу завезці яго за адно пячэнне з прадказаннем.

Той, маўляў, засмяяўся і пагадзіўся. 

Даехаўшы, хлопец уключыў загаддзя падрыхтаваную калонку са святочнай музыкай і пачаў прапаноўваць людзям пячэнне па цане 50 капеек за адно. 

«Звычайна я проста падыходзіў і казаў «печыва з прадказаннямі на 2017 год», ці «магічнае прадказанне, купляйце». А прадказанні былі розныя. Некаму траплялася «нікому не дадзена ведаць будучыню». Людзі смяяліся, некаторыя прасілі пастаяць побач, пакуль яны не з'ядуць ды не прачытаюць», — расказаў нам хлопец.

«Але непрыемна здзівіла толькі адно. Можа не здзівіла, а адзначыў для сябе — калі я падыходзіў да людзей з Савецкага Саюза, скажам так, то яны вельмі моцна адварочваліся. Казалі, што не хочуць, што толькі не гэта, навошта ім — вось так. А моладзь ставілася вельмі прыязна». 

У выніку хлопец прадаў каля 120 штук — недзе 30 з іх проста падарыў людзям з картачкамі, бо кажа, што не мог проста сысці ад тых, каму ўжо прапанаваў незвычайнае пячэнне.

У выніку хлопец зарабіў за вечар 60 рублёў і на наступны дзень купіў у хату новую вазу і проста новы кубак для маці. 

АЯ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера