Чэхія, Нарвегія, Канада і ЗША выступілі за пазбаўленне Расіі правоў на правядзенне біятлонных спаборніцтваў
Прэзідэнт Саюза біятланістаў Чэхіі Іржы Хамза падзяліўся меркаваннем пра тое, як трэба вырашаць пытанне з допінгам у расійскім біятлоне.
«Гэта жудасна. Тое, што напісана ў запісцы Макларэна, здаецца нейкай навуковай фантастыкай. Неймаверна, каб краіна выдаткоўвала бюджэтныя сродкі на дзяржаўную допінг-сістэму. Гаворка ідзе не толькі пра біятлон, але пра ўвесь спорт», — сказаў Хамза.
Чэхія выступіла за пазбаўленне Расіі правоў на правядзенне біятлонных турніраў, у прыватнасці этапу Кубка свету гэтага сезона і чэмпіянату свету-2021 у Цюмені, чэмпіянату свету сярод юніёраў у Остраве. Гэтае рашэнне падтрымалі нарвежская, канадская, амерыканская і некаторыя іншыя федэрацыі.
На думку Хамзы, IBU зрабіў памылку ўжо тады, калі абраў Цюмень месцам правядзення чэмпіянату свету-2021.
«Я не думаю, што ўсе рускія прымалі допінг. Асабліва Шыпулін, які ў дакладзе Макларэна хутчэй за ўсё не фігуруе. Але ў дадзеным выпадку мы ўсё роўна павінны заняць цвёрдую пазіцыю. Пазбаўленне правоў на правядзенне спаборніцтваў - першы крок. Потым будуць услед іншыя, калі будзе неабходнасць», - распавёў Хамза.