Знайсці
18.06.2008 / 16:237РусŁacБел

На апошнім дыханьні

Пасаж Юр’я Азаронка, якога выперлі з БТ, пра тое, што ён а) усё адно застанецца чалавекам прэзыдэнта і б) усё адно працягне здымаць фільмы, ня можа ня радаваць. У краіне зьявіўся новы напрамак незалежнага кіно. Новы фэльетон з блогу Лёліка Ушкіна.

Пасаж Юр’я Азаронка, якога выперлі з БТ, пра тое, што ён а) усё адно застанецца чалавекам прэзыдэнта і б) усё адно працягне здымаць фільмы, ня можа ня радаваць. У краіне зьявіўся новы напрамак незалежнага кіно.

Вядоўца: Вітаем вас у студыі францускага канала Arte. Сёньня ў нас у гасьцях мэтры авангарднага кіно — Ларс фон Трыер і Жан Люк Гадар. Тэма нашай размовы — фэномэн некамэрцыйнага малабюджэтнага кіно ў Беларусі, прадстаўленага творчасьцю вялікага рэжысёра Азаронка. Аднак спачатку — зашыбенная навіна. Толькі, што выйшаў дэкрэт прэзыдэнта РБ аб паглыбленьні барацьбы за эканомію бюджэтных сродкаў. Адзін з пунктаў пастановы абавязвае ўсе беларускія каналы перайсьці на фармат незалежнага кіно. Так што застаецца толькі пазайздросьціць беларускаму гледачу. На жаль, мы, эўрапейцы, і надалей прырэчаныя глядзець усякую глямурную папсу — піратаў Карыбскага мора і індыянаў джонсаў. Пазьней мы паглядзім выпуск інфармацыйна‑аналітычнай праграмы «Контуры» ў новым фармаце, а зараз спытаем гасьцей, што яны думаюць пра беларускі кінаавангард?

Ларс фон Трыер: Што сказаць? У некаторай ступені Азаронак працягвае маю школу «Догмы» (у гэты момант на твары Гадара зьяўляецца грымаса зьдзіўленьня): гэта, напрыклад, максымальны мінімалізм рэквізытаў і дэкарацый. Узгадайце хоць бы кадры фільму «Таемныя спружыны духоўнай вайны» пра лягеры тэрарыстаў з апазыцыі ва Ўкраіне. У фінале ў статычным кадры паўгадзіны тупа стаіць зэдлік. Праглядзеўшы карціну, я быў так уражаны, што хацеў проста ў кіназалі прагаласаваць за кандыдатаў Бацькі на парлямэнцкіх выбарах. Толькі мая школа валодае такімі прыёмамі!

Жан‑Люк Гадар: Цю! Калі Азаронак — «Догма», то я Сьпілбэрг. Усякаму незалежнаму кіно ўласьцівы прымітывізм. Вы што, хацелі каб Азаронак рабіў ролікі пра сэмінары апазыцыі, як «Панарама»: на экране палітыкі давяцца пайкай на банкеце? Азаронак жа распавядае пра сэмінары геніяльна проста: здымае сваю левую нагу. Які сымбалізм! Якая глыбіня! Відавочна, стужкі Азаронка — абсалютна лягічны працяг маёй «Новай хвалі». Эратызм — складнік нашай школы — так і прэ з карцінаў Азаронка.

ЛфТ: Дзе вы там бачылі эратызм? У Азаронка ўсё адпавядае маёй схеме: ніякіх нерэальных забабонаў.

ЖЛГ: А сага пра чарговую элегантную перамогу? У фінале герой газэтай «Савецкая Беларусія» забівае на кухні таракана. Вы не зьвярнулі ўвагу, што «СБ» пры гэтым скручаная. Усё паводле Фройда: сэкс, любоў перамагаюць зло! Фактычна Азаронак па‑новаму прачытаў майго калегу Франсуа Труфо.

ЛфТ: Якая лухта! Можа, вы яшчэ знайшлі ў працах Азаронка рэлятывізм, характэрны для вашых халтурак? Скажыце яшчэ, што гэта вы натхнілі яго на геніяльны фільм пра амэрыканскі фонд, дзе паказваецца прыбыцьцё электрычкі Баранавічы—Менск. Гэта тыповая «Догма»!

ЖЛГ: «Хваля»!

ЛфТ: «Догма»! «Догма»! «Догма»! (Б’е Гадара левай нагой).

Вядоўца: Ну, досыць ужо. У нас на сувязі Менск, дзе зараз пачынаецца трансьляцыя праграмы «Контуры» ў фармаце незалежнага кіно. Глядзім на экран.

На экране вядоўца праграмы «Контуры»

Вядоўца: Такім чынам, як вы зразумелі зь пяціхвіліннай карцінкі пра цюбік з зубной пастай, краіна проста квітнее. А зараз пагаворым пра апазыцыйны канал «Белсат». Глядзіце матэрыял нашага карэспандэнта.

На экране чалавек выразае сваё вока

ЛфТ, ЖЛГ, вядоўца(разам): Геніяльна

Лёлік Ушкін

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера