Знайсці
08.08.2016 / 12:2215РусŁacБел

Вачыма прыезжага: дзе ў Беларусі галоўны беспарадак

Пры ўсёй хвалёнай беларускай любові да парадку, з выкарыстаньнем дзяржаўных моваў у Беларусі пануе суцэльны бардак

Беларусаў постсавецкія суседзі шануюць за любоў да парадку. Нешта ў гэтым, можа, і ёсьць — і нават самі беларусы пачалі апошнім часам пра гэта задумвацца і хто сваім гэтым «орднунгам» кічыцца, хто традыцыйна для беларусаў зь яго нагоды камплексуе.

Ёсьць гэтая любоў ці не, але ёсьць адна сфэра, у якой парадку няма нават блізка і дзе пануе суцэльная замяшаная на абыякавасьці і дрэнным гусьце анархія.

Гэтая сфэра — публічнае выкарыстаньне дзяржаўных моваў, якіх у Беларусі дзьве (у што, вядома, бывае складана паверыць).

У менскім аэрапорце гукавыя абвесткі робяцца па-расейску, па-ангельску й па-беларуску, але зь візуальнай камунікацыі на дзяржаўнай беларускай мове — толькі «Белсаюздрук» і прыватны шапік з кветкамі. І вялікі надпіс «МІНСК» на даху тэрміналу. Усё астатняе, ад указальнікаў да розных інструкцый, — выключна па-расейску і па-ангельску.

Зь менскім чыгуначным вакзалам — наадварот: надпісы на шыльдах і ўказальніках дублююцца на ангельскай і на беларускай мовах.

Прычына, напэўна, проста ў тым, што вакзальнае начальства вырашыла так, а аэрапартовае — гэтак.

А ў выніку — беспарадак.

Назвы крамаў на менскіх вуліцах ці спажывецкая інфармацыя на таварах — у 90% толькі на расейскай мове. Але назвы вуліц на шыльдах — па-беларуску.

У менскім мэтро на адной схеме назвы станцый напісаныя па-беларуску, а вытрымкі з правілаў — ужо па-расейску. Галасавыя абвесткі станцый гучаць па-беларуску, а вось папярэджаньні пра патэнцыйныя небясьпекі — раптам тым жа голасам па-расейску.

Суцэльны, поўны бардак.

Хаця, ганебная лёгіка ўсё ж прасочваецца: там, дзе тычыцца сур'ёзных рэчаў (бясьпекі, грошай), там у Беларусі дакладна не да беларускай мовы.

Тысячу разоў было сказана:

у іншых краінах, дзе ёсьць дзьве і болей дзяржаўных моваў, уся без выключэньня публічная інфармацыя даступная на ўсіх гэтых мовах.

Швайцарыя, Канада, Бэльгія, Каталёнія ў Гішпаніі. Нават у Казахстане, дзе расейская мова мае прыкладна такі ж статус, які яна мела ў Беларусі да спрэчнага «рэфэрэндуму» 1995 г., яна мае важнейшы статус, чым беларуская ў цяперашняй Беларусі.

І толькі ў Беларусі з мовамі такая ганьба.

Падобнае, дарэчы, і з лацінкай.

Па закону беларускія геаграфічныя назвы на ўсіх замежных мовах, што выкарыстоўваюць лацінскі альфабэт, трэба пісаць толькі ў адзін спосаб: паводле афіцыйнай, зацьверджанай некалькімі міністэрствамі і профільнымі дзяржаўнымі камітэтамі «Інструкцыі па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту».

Менавіта згодна з гэтым афіцыйным стандартам пішуцца станцыі мэтро і назвы вуліцаў у Менску. Але варта толькі залезьці ў беларускі інтэрнэт, і тут мы на афіцыйных сайтах (!) гарадоў і раёнаў, на сайтах дзяржаўных (!) замежнамоўных СМІ амаль паўсюль бачым нейкія незразумелыя словы замест прадпісаных законам Hrodna, Viciebsk ці Mahiliou.

Гэты стан рэчаў пакідае вельмі дрэннае ўражаньне ў замежнікаў і як нішто дэманструе, наколькі беларусы не паважаюць саміх сябе і сваю ўласную мову — мову, якой больш ні ў каго няма.

У сёлетні прыезд у Беларусь я нават наўмысьне, насуперак 15-гадовай звычцы, вырашыў карыстацца ў камунікаваньні з афіцыянтамі й прадаўцамі расейскаю моваю.

У выніку ў мяне часам было адчуваньне таго, што я нікуды не выязджаў з Расеі.

Прысутнасьць беларускай мовы на вуліцах Менску — прыкладна як прысутнасьць экзатычнай мовы комі на вуліцах зрусіфікаванага Сыктыўкару і, здаецца, меншае, чым прысутнасьць татарскай мовы на вуліцах Казані.

У невялікай заходнебеларускай Бярозе-Картускай, дзе я часам бываю, сытуацыя яшчэ горшая.

Я зараз скажу крамольную рэч, але я ня супраць, каб шыльды з назвамі вуліц ці назвы станцый на схеме менскай падземкі былі на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай. Але каб пры гэтым усе беларускія рэстараны былі абавязаныя мець дзьвюхмоўнае мэню, на ўсіх таварах прысутнічала паўнавартасная беларускамоўная маркіроўка, а мабільны апэратар пры жаданьні кліента мог бы даць для запаўненьня дамову на беларускай, а ня толькі расейскай, мове.

Нічога складанага ў тым, каб увесьці такое правіла, не было б: дастаткова проста зрабіць доўгі пераходны пэрыяд, скажам, у два ці тры гады.

Шыльды на вуліцах і ўпакоўка тавараў усё роўна абнаўляюцца, мэню ці правілы пажарнай бясьпекі ўсё роўна друкуюцца наноў, так што дадатковых выдаткаў было б няшмат.

Але самапавага — яна гэтага ў любым выпадку была б вартая.

Алесь Чайчыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера