Знайсці
21.07.2016 / 16:2240РусŁacБел

Танцы на касцях: Расійскія СМІ выліваюць бруд на Паўла Шарамета

Адразу пасля забойства ў Кіеве беларускага журналіста Паўла Шарамета ў расійскіх СМІ сталі з’яўляцца паклёпніцкія матэрыялы аб нябожчыку.

«НН» сабрала найбольш адыёзныя ацэнкі дзейнасці Шарамета.

Life.ru: «Беларускі партызан» Шарамет абслугоўваў украінскіх неанацыстаў

Калумніст скандальнага расійскага сайта life.ru Уладзіслаў Мальцаў піша: «Ад лета 2014 года «Беларускі партызан» займаўся адкрытай прапагандай для жыхароў Беларусі — як украінскіх праварадыкалаў, гэтак і беларусаў, што ваююць у розных добраахвотніцкіх батальёнах у зоне АТА. Але больш за ўсё там піярылі і абялялі ўсё той жа неанацысцкі «Азоў».

Урэшце Мальцаў фактычна абвінавачвае ўкраінскіх правых у забойстве Шарамета: «Яму было камфортна там, пакуль праварадыкалы без сарамлівасці і перашкод забівалі дзесьці побач прарасейскіх дзеячаў, якіх Шарамет затым клеймаваў як «пятую калону», занятую «падрыўной дзейнасцю». Але затым раптам нешта пайшло не так».

Regnum: Шарамета забілі свае ж

«Украінскія «крыміналісты» ў ліквідацыі Шарамета, вядома ж, убачылі расейскі след. Лухта несусветная, аднак цяпер модная ва Украіне. Грамадства мае патрэбу ў танізавальных байках пра «расейскую пагрозу». Чым часцей — тым лепш. Тады калектыўны розум вісне, як маламагутны камп'ютар, завалены дзясяткам адкрытых праграм. Аднак Расіі няма сэнсу дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, дзе «дэстабілізатараў» і без таго хапае. Забівалі Шарамета абавязкова свае і зусім не праз журналісцкую дзейнасць», — піша Сяргей Бялоў на чарнасоценскім сайце regnum.ru.

Eadaily.com: русафобія і сепаратызм

«Відавочным сведчаннем арганізатарскіх здольнасцяў Шарамета стаў запуск некалькіх медыйных праектаў, самым вядомым з якіх з'яўляецца «Беларускі партызан». Ідэалагічная лінія дадзеных праектаў прасочвалася досыць выразна: русафобія і падтрымка сепаратысцкіх праектаў на постсавецкай прасторы, радыкальнага нацыяналізму — у Беларусі, ва Украіне, у Грузіі і гэтак далей, гарачая падтрымка лібералізму ў той версіі, якую прынята лаяць і ў Беларусі, і ў Расіі. Фінансаванне сваіх праектаў Шарамет умудраўся атрымліваць з розных крыніц, у тым ліку і расійскіх, аб чым пісалі СМІ.

Не важна, на каго «павесяць» забойства Шарамета — на Пуціна, Лукашэнку, ворагаў яго палюбоўніцы ці Кім Чэн Ына. Сутак не прайшло ад выбуху аўтамабіля на кіеўскім скрыжаванні, а такія безадказныя сцверджанні ўжо апублікаваныя «ведаючымі» людзьмі. На самай справе важна тое, што з такімі людзьмі, як Шарамет, сыходзіць эпоха «ліхіх дзевяностых», — піша яшчэ адно адыёзнае выданне.

«Свободная пресса»: Шарамета забілі, каб абвінаваціць Расію

«Магчымая экзатычная версія: Шарамета забілі, каб абвінаваціць Расею ў смерці чарговага ліберальнага дзеяча. Напрыклад, для таго, каб сарваць нейкія перамовы, або ўзмацніць на іх свае пазіцыі.

Па палітычных мерках, забойства Шарамета — падзея невялікая. Але, напрыклад, смерць Сяргея Магніцкага, які загінуў не па віне расійскіх дзяржчыноўнікаў, паспяхова выкарыстоўвалі, каб увесці санкцыі супраць РФ. Не выключаю, што нешта падобнае можа адбыцца цяпер, і тыя ж ЗША запатрабуюць узмацніць санкцыі ў дачыненні да Расеі», — піша аглядальнік сайта «Свабодная пресса», які рэдагуе вядомы расійскі пісьменнік Захар Прылепін.

«Вежлівая Россія»: Шарамет заахвочваў забойствы данецкіх дзяцей

Гэты тэкст актыўна распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках кшталту «Аднакласнікаў» і «Укантакце».

«Паўла выцягнулі з машыны. Ногі адарваныя…

Як у тых данбаскіх дзетак, забойства якіх ён усяляк заахвочваў, хай і ўскосна, з усялякімі прыгожымі паліткарэктным агаворкамі.

Цяпер тыя дзеці сустрэнуць яго на тым канцы тунэля і скажуць: «Прывітанне, дзядзька Паша! Гэта мы. Якіх забівалі твае сябры з «Азова». Як ты, дзядзька Паша?»

А ён ім такой паскардзіцца, са слязамі: «Вельмі баліць!»

«Камсамолка»: Рэвалюцыя даядае сваіх дзяцей

«Павел Шарамет яшчэ доўга пратрымаўся ва Украіне, дзякуючы сваёй непрымірымай і палітычна-спелай, бескампраміснай русафобскай пазіцыі. Ён і расійскую армію на Данбасе шукаў, і трупы пскоўскіх дэсантнікаў лічыў. Але не адгадаў тэндэнцыі. А тэндэнцыя такая, што трэці Майдан кіеўскім уладам цяпер не патрэбен. Ён ад іх мокрага крывавага месца не пакіне, і збегчы, як Януковіч, яны не паспеюць. А вось «непрымірымым», якія сабраліся ў добраахвотніцкіх батальёнах — новы Майдан патрэбны, як паветра. За тры дні да сваёй гібелі Шарамет напісаў апошнюю нататку пра батальён «Азоў» і яго камбата Білецкага, практычна святых людзей, рамантыкаў рэвалюцыі, жыццё гатовых аддаць за радзіму. Прарочыў Білецкаму вялікую палітычную будучыню, супрацьпастаўляў добраахвотнікаў-нацыяналістаў самому Парашэнку. І імгненна пракруціў кола Малоха на адзін абарот, і стала ціснуць у крывавы мармелад сваіх рэвалюцыйных дзяцей. І чужых дзяцей. Гэтых бацькам рэвалюцыі — наогул не шкада», — піша аглядальнік «Комсомольской правды» Дзмітрый Сцешын.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930