Знайсці
12.07.2016 / 20:485РусŁacБел

Ліга чэмпіёнаў вяртаецца: БАТЭ – СІК (Фінляндыя) — 2:0 АНЛАЙН

22:48

Усё, гульня скончаная. Дастаткова ўпэўненая перамога БАТЭ з лікам 2:0. Праўда, яна пакідае яшчэ такія-сякія шанцы фінам падчас гульні ў адказ.

22:44

Літаральна пару хвілін застаецца да сканчэння гульні. Ну што, будзе яшчэ адзін гол?

22:38

Выйшаў на поле Валерыяне Гвілія, дыктар прадставіў яго як: «Наш грузінскі брат».

22:33

Зычным ісландскі «Ху» спрабавалі заўзятары напалохаць фінаў. 

22:30

Гібралтарцы ўсё яшчэ трымаюцца — 1:0. А вось мальтыйцы прапусцілі ад «Црвены Звезды».

22:28

Стасевіч усё часцей пачынае разрываць абарону СІКа. Калі ўсё скончыцца двума галамі, то для фінаў гэта будзе за шчасце.

Аляксандра Валадзько мяняюць на Мірку Іваніча.

22:24

Пас на Радзівонава, дарэчы, аддаў Ігар Стасевіч. У яго сёння ўжо асістэнцкі дубль.

22:22

2:0!!! Віталь Радзівонаў пасля цудоўнага паса, які пакінуў у дурнях усю абарону фінаў, вырваўся ў штрафную і не схібіў.

Адразу адбылася замена: замест Гардзейчука на полі з'явіўся Аляксей Рыас.

22:15

Следам булітны выхад здарыўся ў Ігара Стасевіча, аднак і беларус не змог адправіць мяч у сетку. Весялуха пайшла!

22:14

Што гэта было?!! Проста шкалярскую памылку дапускае абаронца і фінскі форвард выбягаў адзін на адзін з Сяргеем Верамко. Брамніка атрымалася пракінуць, але своечасова паспеў абаронца Віталь Гайдучык і вынес мяч з пустых варот.

22:11

Можа, час ужо пра замены падумаць? Тым больш, што ў запасе ў БАТЭ крэатыўныя серб Мірка Іваніч і грузін Валерыяне Гвілія.

22:07

У нас намінальныя фаварыты перамагаюць, але выспявае дзве сенсацыі. Гібралтарскі «Лінкальн» перамагае шатландскі «Сэлтык» з лікам 1:0, а мальтыйская «Валета» з такім самым лікам пакуль мацнейшая за «Црвену Звезду» з Сербіі.

22:05

Нішто сабе! Салдаты зараджаюць: «Самы сільны — жоўта-сіні». Класная падтрымка фанатам.

22:02

Апроч традыцыйных хот-догаў і гамбургераў гледачы маглі набыць таксама дранік-бургер. Цана — 3,5 рублі.

22:00

Другі тайм стартаваў! Без замен каманды.

21:45

Першы тайм скончаны. Латвійскі арбітр не дадаў нічога. 1:0 БАТЭ выйграе.

21:42

На 42-ой хвіліне СІК стварыў першую небяспеку ля брамы БАТЭ. Было страшна, але не вельмі.

Адразу следам жоўтую картку атрымаў Віталь Радзівонаў.

21:39

Вось ён гол:

21:36

Запахла ці то чабурэкамі, то чым… Апетытна запахла. Перапынак блізка.

21:35

Цікава, фіны будуць працягваць прапаведваць усё такі ж закрыты футбол, ці ўсё ж паспрабуюць пашукаць шчасця на чужой палове поля. Пакуль СІК абараняецца ўдзесяцёх.

21:33

Голллллл! Юрый Кендыш забівае галавой пасля падачы кутняга ў выкананні Стасевіча. Трыбуны ў экстазе, патрабуюць: «Давай яшчэ!»

21:31

Віталю Радзівонаву не хапіла зусім крыху, каб накіраваць мяч у вароты. Ох, як трэба гол!

21:29

Фатограф Сяргей Гудзілін перадае, што за час гульні на «Барысаў-Арэне» паспеў зняць з сябе двух кляшчоў, аднак…

21:27

Суровыя барысаўскія «кузьмічы» асвістваюць фінскага брамніка, калі ён вееееееельмі доўга ўводзіць мяч у гульню. Па справе свісцяць, чаго ўжо там.

21:26

Чамусьці падумалася, што БАТЭ з леташняга складу вельмі не хапае рэактыўнага крайняга абаронцы Філіпа Младзенавіча. Ён бы мог у такой сітуацыі нешта прыдумаць.

21:23

Карніцкі ўдарам з пыру спрабаваў хоць неяк разварушыць сонную хаду гульні. Не надта атрымалася.

21:22

Сумнавата пакуль…

21:18

Ігар Стасевіч спрабаваў закруціць мяч у вароты са штрафнога, але не надта небяспечна для галкіпера. Да ўдарах у створ пакуль лік 3:0, на табло ж — 0:0.

21:17

Гарачыя фінскія хлопцы пакуль нічым не адзначаюцца ў атацы. Толькі аднойчы яны пераходзілі на чужую палову поля.

Фанаты БАТЭ прыгожа спяваюць на-беларуску: «Пераможам і мы».

21:13

Смешны хэш-тэг да гэтай гульні ў твітары: #БАТЭСИК.

21:09

Ігар Стасевіч някепска прыклаўся па мячу, той паляцеў у блізкі вугал і брамнік СІКа перавёў мяч на кутні. 

21:07

Пакуль быў толькі адзін больш-менш востры момант, калі прабіваў Карніцкі, але ўдар атрымаўся дастаткова бясхітрасны - брамнік справіўся. БАТЭ валодае тэрыторыяй.

21:03

Ганне Бонд перад гульнёй Анатоль Капскі падараваў імянную майку.

21:01

У прэс-ложы ёсць з дзясятак чалавек, што прыехалі пазаўзець за СІК з Фінляндыі. Вядуць сябе дастаткова гучна. Нават сцяг ёсць.

21:00

Усё, гульня пачалася!

20:58

Каманды выходзяць на газон. Нешта нават гімн Лігі чэмпіёнаў не ўключылі. Журбінка.

20:54

Выглядае, што аншлагу сёння чакаць не выпадае. За дзесяць хвілін да пачатку гульні трыбуны запоўненыя пакуль дастаткова жыдзенька. Зноў прыйшлі салдацікі з блізкіх Печаў.

Дыктар падзякаваў усім заўзятарам, што прыйшлі на гульню ў жоўтых колерах, а таксама павіншаваў зборную Партугаліі з перамогай на Еўра.

Гучыць гімн БАТЭ. «БАТЭ – эта он, эта он, БАТЭ – эта наш чемпіон».

20:50

Асноўны склад БАТЭ: Верамко, Гайдучык, Карніцкі, Пік, А.Валадзько, Жаўнерчык, Стасевіч, Палякоў, Кендыш, Гардзяйчук, Радзівонаў.

Звяртае ўвагу, што месца ў браме заняў Сяргей Верамко – гэта першы ягоны матч пасля вяртання ў БАТЭ. Няма ў асноўным складзе Мірка Іваніч, але ён у запасе. Траўмаваныя адразу два цэнтральных абаронцы БАТЭ: серб Мілунавіч і латыш Дубра.

***

12 ліпеня барысаўскі БАТЭ ў рамках другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў прымае фінскі СІК.

Фінскі клуб прыехаў у Беларусь з горадам з прыемнай для беларускага вуха назвай Сейняёкі. Летась гэты малады клуб упершыню стаў чэмпіёнам сваёй краіны.

А вось дадзены чэмпіянат для СІКа праходзіць не вельмі ўдала. Пасля сямнаццаці праведзеных гульняў СІК займае толькі сёмы радок у чэмпіянаце з 23 пунктамі. У лідара чэмпіянату – ХІКа – 34 пункты.

БАТЭ лічыцца безумоўным фаварытам гульні. Букмкерскія канторы прымаюць стаўкі на чэмпіёна Беларусі з каэфіцыентам 1 да 1,2, на СІК – 1 да 12.

Каб прайсці ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў, БАТЭ мусіць прайсці тры этапы адбору.

Зміцер Панкавец, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930