Знайсці
01.03.2008 / 23:035РусŁacБел

Клін

У гэтым месцы тэрыторыя Літвы ўразаецца ў Беларусь дваццацікілямэтровым клінам. Кажуць, гэта калі Сталін і Гітлер крэсьлілі межы, на мапе ляжала люлька Правадыра народаў. Рэпартаж Андрэя Лянкевіча.

У гэтым месцы тэрыторыя Літвы ўразаецца ў Беларусь дваццацікілямэтровым клінам. Кажуць, гэта калі Сталін і Гітлер крэсьлілі межы, на мапе ляжала люлька Правадыра народаў.

І ніхто да яе не наважыўся дакрануцца. Проста абвялі вакол алоўкам.

Прыехаць сюды, на памежную тэрыторыю, зусім нескладана. Ніякіх табе надглядаў, праверак пашпартоў, табліцаў з папярэджаньнем пра блізкасьць дзяржаўнай мяжы. Толькі на ўезьдзе ў «клін» памежны кантроль з праверкай дакумэнтаў, без пытаньняў — куды і навошта.

У вёсцы Нарвілішкі, якая знаходзіцца на самым дне кліну, жыве дзесяць чалавек — гэта крыху менш, чым саміх дамоў. Ёсьць касьцёл, могілкі, адрэстаўраваны замак. Цяпер замак ператвораны ў гатэль для багатых людзей. Турысты з вокнаў сваіх нумароў могуць спакойна аглядаць лес на беларускай тэрыторыі. Мясцовыя жыхары гавораць, што сюды прыяжджаюць на выходныя і высокапастаўленыя літоўскія чыноўнікі.

На нашых вачох група турыстаў на чале з гідам у сутане сярэднявечнага манаха і крыжам у руках падыходзіць на экскурсіі да самага драцянога памежнага плоту. Турысты фатаграфуюцца на фоне мяжы сотавымі тэлефонамі. На жаль, зь літоўскай мовы гіда можна зразумець толькі асобныя словы: kontrabandistas, Lukašenkо. А мой гід, Леакадзія Гардзевіч, мясцовая беларуска, не размаўляе па‑літоўску. І ўсе мясцовыя беларусы не разумеюць літоўскай мовы. Я пытаю ў іх: «Што тут напісана?», яны адказваюць: «Адкуль мы ведаем, гэта ж па‑літоўску».

Вёска, як і замак, стаіць проста на мяжы — за сто мэтраў ад плоту, які падзяляе Эўрасаюз і Беларусь.

У Леакадзіі Гардзевіч асобная гісторыя. Мяжа Эўрасаюзу разлучыла яе з мужам. Год таму муж паехаў у Ашмяны, у мацерын дом, і застаўся там працаваць. У Нарвілішках працы не знайсьці. Пасьля ўступленьня Літвы ў Шэнгенскую зону і жонцы, і мужу патрэбныя візы, каб езьдзіць адзін да аднаго. Ён зь беларускім пашпартам, яна — зь літоўскім. «Магу ехаць, куды захачу ў Эўропу. А ў Беларусь — не. Мужа, і таго ў Беларусь забралі. І што, я паеду яго выкупляць? Хер зь ім!» Аднаразовая віза каштуе каля ста даляраў, плюс выдаткі на дарогу. Ні ў каго зь іх такіх грошай няма. Так і жывуць асобна — сямейная трагедыя.

Леакадзія Гардзевіч жыве адна. Сваіх жывёл яна называе чалавечымі імёнамі: ката — Чарнамырдзіным, сабаку — Ландсбергісам. «Тады муж, — кажа, — у мяне — Лукашэнка». Па тэлевізары глядзіць толькі беларускія тры каналы. Па‑літоўску не разумее ды і кажа — нецікава. Расказвае пра могілкі: «Маці мужа, Марыяну, тут пасьпелі пахаваць. Мяжы не было. І бацьку Станіславу побач месца пакінулі, помнік супольны. Памёр пад Новы год, як мяжа стала. Грошай везьці не было. Пахавалі на тым баку. Вось так і стаіць пустая».

З пахаваньнямі ў Нарвілішках цэлая эпапэя. Калі памірае сваяк на беларускай тэрыторыі, трэба атрымаць дазвол на пахаваньне яго ў Літве, у Нарвілішках. Плюс сабраць вялікую колькасьць папераў. І далей пачынаецца самае цікавае. Чалавека трэба прывезьці. Але памежны пераход у Нарвілішках людзей прапускае толькі ў вялікія сьвяты, а ў астатні час — зачынены. Таму даводзіцца везьці труну, робячы кола ў сто кілямэтраў і плацячы за гэта каля трохсот даляраў.

Сям’я Міхалоўскіх перавезла Алену Коншчыц зь вёскі Баранавічы, што за шэсьць кілямэтраў адсюль. Родны брат яе Франак Міхалоўскі, самы блізкі для яе чалавек, ня здолеў паехаць, бо ў ліхія дзевяностыя беларускія памежнікі злавілі яго, калі ішоў да сястры ў вёску. Атрымаў пяць месяцаў зьняволеньня, а цяпер яму забаронена ўяжджаць на тэрыторыю Беларусі. Франак водзіць па могілках, паказвае магілы людзей, якіх прывезьлі зь Беларусі. «Вось тут муж з жонкай пахаваныя. Першым муж памёр, дзеці пачалі рыхтаваць дакумэнты на ягоную перавозку, а зранку і жонка памерла. Так і везьлі дваіх празь мяжу. Вось такая гісторыя».

Стрыечны брат ягоны Ўладзімер Яновіч зь літоўскай вёскі Сабалюны таксама пакутуе ад новай мяжы зь Літвой. Візу ён пасьпеў паставіць яшчэ бясплатную, да ўступленьня Літвы ў шэнгенскую зону. Але грошай, каб наведаць хворую маці Яніну, няма. Сымбалічна, што дом маці бачны проста адсюль, зь вёскі.

Побач з замкам — касьцёл. Бабуляў навакольных вёсак прывозяць на імшу спэцыяльным аўтобусам. У касьцёле стары літоўскі ксёндз вядзе службу на трох мовах. Асноўная — польская, таксама лаціна і літоўская. Да 1 лістапада гэтага году на вялікія сьвяты людзі зь беларускай вёскі Пецкуны прыходзілі да памежнага плоту, што супадае з агароджай могілак. Ксёндз праз плот асьвячаў прыхаджан — да падзелу мяжы гэта была адна парафія, беларуская. Праз плот жа ксёндз слухаў споведзі прыхаджан. Пасьля споведзі людзі праз плот прымалі камунію. Летась у лістападзе, на Ўсіх Сьвятых, «хто меў візы, прайшлі, хто не — стаялі ля памежнага плоту. Беларускія памежнікі сказалі, што стаяць забаронена. Сыходзілі і плакалі».

Беларуская вёска Пецкуны падзеленая мяжой зь літоўскай вёскай Нарвілішкі, а раней усё было супольнае: і калгас, і палі, і могілкі. Жыве 50 чалавек, 48 — пэнсіянэры.

Калі праводзілі дзяржаўную мяжу, выявілася, што праходзіць яна дакладна па хлявах Антона Ленцяновіча. Дом ягоны апошні ў Пецкунах. Сьпярша хацелі зносіць хлеў, але потым памежнікі аднесьлі мяжу на 50 м. Мясцовыя гавораць, што памежнікі зрабілі гэта ў абмен на такія ж хлявы ў Нарвілішках. Сувязь з раёнам — толькі ў панядзелкі і пятніцы, калі ў Пецкуны прыходзіць аўтобус. Крама працуе празь дзень, прадавачка ў астатнія дні працуе ў краме ў суседняй вёсцы.

Няма ў Пецкунах дому побыту: Вікторыя Яновіч стрыжэ мужа, сама шые вопратку. Вікторыя працуе на мясцовай фэрме, муж дапамагае. Віктару 50 гадоў. Празь мяжу ён ня трапіў на пахаваньне цесьця: «Цесьця хавалі — глядзеў праз плот. Вянок прынёс, перадаць не далі. Са злосьці думаў выкінуць, але павесіў на крыж, што ля плоту».

Маці Віктара, Яніна, расказвае толькі пра пахаваньні і сьмерць: «Карову прадала, помнік сабе ў Нарвілішках паставіла. І дзе мяне цяпер пахаваюць? У рове гэтым? Усе там, адна я тут».

Яніна нядаўна вярнулася ад дачкі зь Літвы. Толькі год здолела вытрываць. «А яны там па‑літоўску гергечуць, мне ж нічога не зразумела. Ды і пражыла я 84 гады тут, прывыкла».

Андрэй Лянкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера