Знайсці
09.04.2015 / 11:351РусŁacБел

Кабякоў: Фінансавае становішча «Белшыны» няпростае

Фінансавае становішча ААТ «Белшына» няпростае, адзначыў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 8 красавіка падчас наведвання прадпрыемства. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўрада. 

Гэта, паводле яго слоў, у прыватнасці «звязана з прасяданнем асноўных рынкаў». Разам з тым ён станоўча ахарактарызаваў працу новага кіраўніка ААТ Аляксея Якаўлева. «Я бачу, што ёсць давер да кіраўніцтва, яны (работнікі) разумеюць, што робяць, а сёння гэта вельмі важна», — сказаў прэм'ер-міністр. 

На яго думку, многім кіраўнікам гэтага пакуль не хапае. «Даволі часта кіраўнікі не разумеюць, што ім трэба рабіць у кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве, — сказаў Кабякоў. — Пра будучыню (2019-2020 гады) яны могуць расказаць усё што заўгодна, а што датычыцца бліжэйшых года-двух — уяўлення асаблівага няма». 

Азнаёміўшыся з ходам мадэрнізацыі прадпрыемства, кіраўнік урада адзначыў, што ў цэлым перспектывы ў яго добрыя. «Разам з тым, як гэта за апошні час бывае, мы спазняемся», — лічыць прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, калі б мадэрнізацыя прадпрыемства была зробленая тры-чатыры гады таму, гэта было б «абсалютным пападаннем у рынак». «А цяпер прыходзіцца даганяць канкурэнтаў», — адзначыў ён. 

Першым чынам гаворка ідзе пра вытворчасць звышбуйных габарытных шын. Ужо падрыхтаваны інвестыцыйны праект, замоўленае абсталяванне з тэрмінамі вырабу год і паўтара. «Такім чынам, ужо ў 2016 годзе будзе запушчана вытворчасць звышбуйных габарытных радыяльных шын, якія вельмі запатрабаваныя на сусветным рынку», — адзначыў кіраўнік урада. Ён удакладніў, што «Белшына» выпускае пакуль толькі звышгабарытныя дыяганальныя шыны, запатрабаванасць якіх ніжэйшая. 

Як паведаміў журналістам гендырэктар ААТ «Белшына» Аляксей Якаўлеў, у прадпрыемства ёсць пакет замоў як па Беларусі, так і па экспартных пастаўках.

Галоўная задача, якая стаіць перад кіраўніцтвам прадпрыемства (па дыверсіфікацыі экспарту), актыўна выконваецца. Для гэтага, у прыватнасці, спецыялісты прадпрыемства выязджаюць з камандзіроўкамі ў асобныя краіны, дзе прадукцыя «Белшыны» ці прысутнічала недастаткова, ці не прысутнічала наогул. Напрыклад, вопытныя партыі шын прадпрыемства ўжо адпраўляюцца ў Манголію, Італію, Германію, ёсць пэўныя планы па Бразіліі. 

«Думаю, у бліжэйшай будучыні мы зможам сама меней нівеліраваць той негатыўны ўплыў, які быў за кошт падзення расійскага і ўнутранага рынкаў», — лічыць кіраўнік «Белшыны». 

Таксама Андрэй Кабякоў наведаў ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Бабруйскаграмаш», дзе прэм'ер-міністр быў праінфармаваны пра вытворча-гаспадарчую дзейнасць холдынгу і далейшую яго працу па прасоўванні выпушчанай прадукцыі на знешнія рынкі. Пытанне прасоўвання прадукцыі на знешнія рынкі абмяркоўвалася і падчас наведвання ААТ «Чырвоны харчавік».

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930