Знайсці
07.04.2015 / 13:313РусŁacБел

У Беларусі ляснула 40% азімага рапсу

 З-за складаных умоў надвор'я ў Беларусі страчана 40% азімага рапсу, паведаміў 7 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік генеральнага дырэктара РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» Эрома Урбан. 

«Сёлета склаліся негатыўныя моманты па стане азімага рапсу. Было пасеяна 387 тыс. га, з якіх 40%, ці 150 тыс. га, як мяркуецца, загінула», — паведаміў Урбан. Паводле яго слоў, у сувязі з недахопам вільгаці ў жніўні і верасні рапс усходзіў нераўнамерна. Акрамя таго, у пачатку кастрычніка былі першыя замаразкі, і розніца паміж начнымі і дзённымі тэмпературамі склала да 30 градусаў Цэльсія. «Гэта таксама негатыўна паўплывала на стан рапсу», — адзначыў вучоны. 

Акрамя гэтага, сказаў ён, назіраліся моцныя маразы ў снежні пры нізкім узроўні снежнага покрыва. «Усё гэта ў сукупнасці абумовіла, што расліны загінулі на 40% засеяных плошчаў. Найбольшая гібель рапсу прагназуецца ў Гомельскай вобласці (80-85%), Магілёўскай (65-70%), Мінскай (50-55%). Тым не менш у цэнтральных і паўночных раёнах пачалася вегетацыя рапсу, таму спяшацца з перасяваннем азімага рапсу не варта. Калі захавалася жывых раслін 15 і меней на квадратным метры, то тады трэба перасяваць ці яравым рапсам, ці зернебабовымі культурамі», — паведаміў Урбан. 

Разам з тым, паводле яго слоў, для 1,5 млн. га азімых зерневых культур «не было негатыўных з'яў гэтай зімой».

Паводле звестак абследаванняў, гібель азімых складзе не больш за 6-7% пры сярэднегадавых паказчыках прыкладна 8%. «Гэта значыць па трыцікале, па азімай пшаніцы ўкладземся ў сярэднегадавыя значэнні, нават некалькі ніжэйшыя», — адзначыў намеснік гендырэктара. Аднак у перыяд усходу азімых назіраўся дэфіцыт вільгаці, таму пасевы атрымаліся рэдкімі, з нераўнамернымі ўсходамі, якія і далі асноўны працэнт гібелі. 

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930