Знайсці
01.04.2015 / 22:0474РусŁacБел

Хто не скача, той хто?

На вайне супраць Зла нельга самім ператварацца ў такое ж Зло. Піша Алесь Чайчыц.

Зьмяшаныя эмоцыі выклікае ў мяне эўфарыя некаторых беларусаў ад танцу «Хто ня скача, той маскаль». Спачатку ўсе былі ў захапленьні ад мільёна праглядаў відэа «хто ня скача, той маскаль» з шэсьця на Дзень Волі ў Менску. Цяпер на 1 красавіка тэлеканал «Белсат» яшчэ і працягвае жартаваць з гэтае нагоды.

Вось можаце яшчэ пасьмяяцца: тут і тут на відэа Расея, 2011 і 2012 гады, задоўга да Эўрамайдану і 25 сакавіка 2015 г. у Менску. Людзі на відэа — расейскія нэанацысты на сваім традыцыйным маршы 4 лістапада.

Спробы адмазацца: маўляў, «пад словам «маскаль» разумеецца не любы расеец, а толькі вялікарасейскі імпэрыяліст і рэваншыст» — крывадушныя.

Маўляў, «Яшчэ Кастусь Каліноўскі, калі пісаў пра «калі ўжо маскаля над табой ня будзе», канечне ж, меў на ўвазе не расейскае панаваньне над Беларусьсю-Літвой, але выключна недэмакратычны царскі рэжым».

Напэўна, па такой лёгіцы і тут на відэа з «Расейскага маршу» пад словам «хач» гэтыя прадстаўнікі неабыякавае расейскае моладзі ня маюць на ўвазе любога выхадца з Поўдня, але проста разважаюць пра пэўны комплекс нэгатыўных характарыстык — этнічнага крыміналу, дыскамфортнага пашырэньня незнаёмай ім культуры і гэтак далей.

І ўвогуле, слова «хач» — гэта скарочанае ад армянскага імя «Хачык», і таму прадстаўнікі грузінаў, народаў Паўночнага Каўказу або цюрскіх народаў, напэўна, не павінны былі б прымаць яго на свой адрас. Як і армянам, напэўна, ня варта прымаць на свой адрас слова «чурка» або «черножопый» — яны ж пераважна належаць да эўрапеойднай расы і маюць сьветлую скуру. Так што «ну што вы, якая ксэнафобія? Есть евреі, а есть жыды».

Я пра тое, што і на вайне (а мы на вайне — пакуль інфармацыйнай), дзе твой праціўнік — агрэсіўная і дзікая постсавецкая сіла, трэба прыкладаць максымальныя намаганьні, каб не апускацца да ўзроўня гэтага праціўніка і не ператварацца ў ксэнафобскае быдла самім.

І не рабіць нават крокаў у тым кірунку.

Бо і ў той жа Расеі ёсьць шмат адэкватных людзей, якія супраць Пуціна і якія сымпатызуюць Украіне і Беларусі. Гэтым людзям робіцца толькі складаней самім прытрымлівацца такой пазыцыі і спрабаваць пераканаць сваіх блізкіх, калі з таго боку «фронту» — крычалка з выкарыстаньнем нэгатыўна афарбаванай этнічнай мянушкі, ды яшчэ скапіяваная з адназначна ксэнафобскай крычалкі расейскіх жа нэанацыстаў.

Нельга нават для забавы выкарыстоўваць крычалкі, якая кагосьці можа абразіць і адштурхнуць. Давайце прывабліваць і зачароўваць, а не палохаць і адштурхоўваць.

Апытанка

Алесь Чайчыц, Масква

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера