Знайсці
19.02.2015 / 11:251РусŁacБел

З 20 лютага ў Беларусі будзе дзейнічаць новае правіла фарміравання цэн

Міністэрствы гандлю і эканомікі Беларусі парэкамендавалі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам з 20 лютага прытрымлівацца новых правіл фарміравання цэн. Такая інфармацыя размешчана на сайце Мінгандлю.

«Пры выкананні юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі рэкамендуемых правіл фарміравання (вызначэння) цэн, да гэтых суб'ектаў не будуць прымяняцца меры адказнасці, прадугледжаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 снежня 2014 года нумар 1207», - сказана ў паведамленні. Прадпісанні, размешчаныя сёння на сайце Мінгандлю, уступаюць у дзеянне з 20 лютага і адмяняюць папярэдні сумесны дакумент міністэрстваў эканомікі і гандлю ад 30 студзеня 2015 года.

Згодна з новым пісьмом, фарміраванне цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння, медыцынскую тэхніку ў аптовым і рознічным звёнах ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі ўказа ад 11 жніўня 2005 года нумар 366 «Аб фарміраванні цэн на лекавыя сродкі, вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскую тэхніку».

Павышэнне адпускных цэн (тарыфаў) вытворцамі дапускаецца толькі на велічыню змянення кошту сыравіны і матэрыялаў, камплектуючых, тары і ўпакоўкі, якія паступілі пасля 18 снежня 2014 года, а таксама энерганосьбітаў, паліва, у тым ліку нафтапрадуктаў, з улікам іх долі ў адпускной цане.

Павелічэнне адпускных цэн на падакцызныя тавары магчыма таксама на велічыню змянення велічыні акцызу з улікам яго долі ў адпускной цане.

На імпартуемыя тавары, якія паступілі пасля 18 снежня 2014 года, дапускаецца павелічэнне адпускной цаны (на момант яе фарміравання) не больш як на працэнт змянення курса беларускага рубля да валюты дамовы ў параўнанні з 18 снежня.

Пры гэтым рэнтабельнасць продажаў па канчатковым фінансавым выніку не можа перавышаць 3 працэнты ў цэлым па арганізацыі.

Пры фарміраванні цэн юрыдычнымі асобамі і прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць аптовы і рознічны гандаль, дапускаецца прымяненне гандлёвых надбавак па канкрэтных відах тавараў у памерах, што не перавышаюць узровень па стане на (да) 18 снежня 2014 года (без уліку праведзеных у снежні акцыйных мерапрыемстваў). Пры гэтым рэнтабельнасць продажаў па канчатковым фінансавым выніку не можа перавышаць 3 працэнты ў цэлым па арганізацыі.

Плодаагароднінную прадукцыю са стабілізацыйных фондаў неабходна рэалізоўваць па рознічных цэнах (адпускных цэнах з улікам гандлёвай надбаўкі), якія не перавышаюць устаноўленыя рашэннямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама на студзень 2015 года.

Арганізацыям, якія аказваюць паслугі, пры фарміраванні тарыфаў на іх у паведамленні рэкамендавана кіравацца аналагічнымі падыходамі.

У пісьме адзначана, што рэкамендуемыя правілы фарміравання цэн распаўсюджваюцца на юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю па вытворчасці або продажы (пастаўцы) тавараў на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэзідэнтаў СЭЗ. Яны таксама датычацца суб'ектаў гаспадарання, уключаных у Дзяржаўны рэестр, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках (за выключэннем тых, хто заключыў пагадненні з антыманапольным органам).

Гэтыя меры прымаюцца ў Беларусі ў мэтах выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада Беларусі па недапушчэнні неабгрунтаванага росту цэн і забеспячэнні спажывецкага рынку неабходным асартыментам тавараў.

БелТА

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера