Знайсці
26.02.2015 / 02:2882РусŁacБел

Сяргей Навумчык: Пра што забыўся Трусаў

Выступаючы перад наведнікамі курсаў «Мова нанова», шаноўны старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў адказаў, сярод іншых, на пытанне адносна дзейнасці апазіцыі БНФ.

З адказу Трусава складваецца ўражанне, што ўсё, зробленае на пачатку 90-х гадоў (у тым ліку і Незалежнасць, і наданне «Пагоні» і Бел-Чырвона-Беламу Сцягу статусу дзяржаўных сімвалаў), — вынік высілкаў зусім не БНФ і фронтаўскіх прадстаўнікоў у Вярхоўным Савеце, а дзейнасці Дэмклуба (дзе ў ліку 100 дэпутатаў быў і Лукашэнка), а таксама — камуністаў. («Не зусім гэта праўда, што толькі там апазіцыя БНФ… Там яшчэ было прыхільнікаў сотні дзве», «і больш за тое, яшчэ плюс — асноўная маса дэпутатаў былі людзі з вышэйшай адукацыяй, няважна, камуністы яны, нацыяналісты…»

Насамрэч, Дэмакратычны клуб, які быў створаны вясной 1990-га, у час першай сесіі ВС збіраўся добра калі два разы за ўвесь шасцігадовы тэрмін кадэнцыі Вярхоўнага Савета. Ён і не мог дзейнічаць эфектыўна — бо, нароўні з Пазняком ці тым жа Трусавым, туды ўваходзілі першы сакратар ЦК ЛКСМ Кудлаш, дарадца Кебіча Мікалай Скарынін, начальнік упраўлення аховы Міхаіл Цесавец (адзін з тых, які кіраваў аперацыяй збіцця дэпутатаў БНФ у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г.), Віктар Шэйман (тлумачэнні, думаю, залішнія) — ды іншая падобная публіка. Так, нам удалося пераканаць некаторых з гэтых людзей прагаласаваць і за Незалежнасць, і за Герб і Сцяг — але ў тым самым 91-м «перамоўны» патэнцыял з камуністамі быў вычарпаны. З 1992-га года камуністы пайшлі на рэванш, які меў выразна антыбеларускі, праімперскі характар.

Я не ведаю, адкуль Трусаў узяў «дзве сотні прыхільнікаў». Затое я добра памятаю (і гэта зафіксавана дакументальна), што кожны радок заканадаўчых дакументаў аб Незалежнасці нам, дэпутатам БНФ, даводзілася вырываць у напружанай барацьбе з гэтымі «дзвюма сотнямі». Барацьбе, якая цягам шасці гадоў забірала ўсе сілы (магчыма, таму і сышлі з жыцця ў 40—50 гадоў некаторыя мае калегі па апазіцыі).

І менавіта гэтыя «дзве сотні прыхільнікаў» у кастрычніку 1992 года заблакавалі рэферэндум аб датэрміновых выбарах ВС па новым дэмакратычным законе, менавіта яны прагаласавалі за далучэнне Беларусі да Сістэмы калектыўнай бяспекі (што азначала ўцягванне ў арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы; і Шушкевіч падпісаў), і менавіта яны ў сакавіку 94-га, з парушэннем Рэгламенту ВС, правялі ў Канстытуцыю інстытут прэзідэнта. Менавіта яны падтрымалі вясной 95-га ініцыятыву Лукашэнкі аб правядзенні так званага «рэферэндуму», а калі на раніцу пасля галадоўкі ў Авальнай зале Алесь Шут паказаў кровападцёкі ад дубінак спецназаўцаў, камуністы, гэтыя «людзі з вышэйшай адукацыяй», крычалі: «Мало Вам дали!»

У апошнія два дзесяцігоддзі лукашэнкаўская прапаганда рабіла ўсё магчымае, каб спачатку ўтаптаць у бруд дэпутатаў апазіцыі БНФ — а затым, пры спрыянні афіцыйнай гістарыяграфіі, сцерці ў грамадскай свядомасці памяць і пра гэтых людзей, і ўвогуле пра той час. 

Сумна, калі гэтаму спрыяюць (свядома і несвядома) тыя, хто сам браў удзел у тых гістарычных падзеях.

Сяргей Навумчык, дэпутат апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, Прага

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930