Знайсці
06.02.2015 / 09:41РусŁacБел

Тавараабарот з Расіяй за апошнія два гады скараціўся на 14%

Зніжэнне двухбаковага тавараабароту за апошнія два гады з 43 да 37 млрд. долараў ЗША (на 14%) было ў цэнтры ўвагі на сустрэчы прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева і яго беларускага калегі Андрэя Кабякова. Перамовы прайшлі 5 лютага ў падмаскоўных Горках.

«Апошнім часам, на жаль, намецілася пэўная тэндэнцыя: наш узаемны тавараабарот у сілу цэлага шэрагу аб'ектыўных, а можа, і суб'ектыўных акалічнасцяў пачаў крышку зніжацца… Мы павінны абмеркаваць, што з ім адбываецца, і намеціць меры, каб аднавіць і перавысіць тыя пікавыя значэнні, якія мелі зусім нядаўна», — заявіў Кабякоў, словы якога прыводзіць прэс-служба расійскага ўрада.

«У сувязі з гэтым я сказаў бы, што мы вельмі ўважліва назіраем за тым, што робіцца ў Расійскай Федэрацыі ў гэтай няпростай эканамічнай сітуацыі, — зазначыў ён. — Той план мерапрыемстваў, які распрацаваў урад Расіі і зараз зацвердзіў, актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве, выпрацоўваюцца пэўныя меры па яго рэалізацыі. Нам гэта ўсё вельмі цікава, таму што мы (гэта наш канстытуцыйны абавязак) павінны на працягу месяца ўнесці праграму дзеянняў урада Рэспублікі Беларусь нашаму парламенту ў сувязі са зменай складу ўрада. Ну і наогул гэта нам вельмі важна, таму што сапраўды эканамічная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь патрабуе таго, каб мы скаардынавалі нашы дзеянні, а ўзаемны тавараабарот нашых дзвюх краін такі, што вельмі вялікая ўзаемазалежнасць бакоў ад яго выніковасці».

Паводле слоў Кабякова, ён вельмі рады, што Мядзведзеў пагадзіўся з прапановай распрацаваць праграму скаардынаваных дзеянняў па забеспячэнні эканамічнага ўзаемадзеяння на двухбаковай аснове.

«Мы вельмі разлічваем, што здолеем падрыхтаваць гэты план, каб вышэйшыя службовыя асобы ў межах Вышэйшага дзяржсавета Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі змаглі, можа, яго ўжо і прыняць, калі ўрады паспеюць падрыхтаваць», — сказаў беларускі прэм'ер-міністр.

У праграме, растлумачыў ён, прадугледжаны шэраг сур'ёзных мер, каб ліквідаваць бар'еры па руху тавараў і паслуг ва ўзаемным гандлі. «Каб скарэктаваць нашы праграмы імпартазамяшчэння — гэта вельмі важна сёння. Каб мы ў большай ступені выкарыстоўвалі разлікі нацыянальныя ў сённяшнім тавараабароце. Пераадолелі фінансавыя пікі, якія ўзнікаюць у гэтых няпростых эканамічных умовах, узгаднілі макраэканамічную палітыку», — заявіў Кабякоў.

Дзмітрый Мядзведзеў нагадаў, што папярэдняе пасяджэнне саюзнага Саўміна адбылося ў Мінску ў кастрычніку мінулага года, і прапанаваў правесці наступнае ў першым паўгоддзі на тэрыторыі Расіі.

Рабочы візіт Кабякова ў Маскву праходзіць 5—6 лютага. Перамовы з Мядзведзевым у першы дзень насілі нефармальны характар. У другі дзень адбудзецца пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета.

Як ужо паведамлялася, 8 лютага ў Сочы пройдзе сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930