Знайсці
16.01.2015 / 13:281РусŁacБел

Былы член януковіцкай Партыі рэгіёнаў плануе рэкордныя інвестыцыі ў Беларусь

Украінская група «Крэатыў», якая належыць дэпутату Рады Станіславу Бярозкіну, плануе пабудаваць у гэтым годзе ў Гомельскай вобласці завод па перапрацоўцы соі.

Яго кошт 50 млн даляраў, і гэты праект можа стаць самым буйным укладаннем ўкраінскіх інвестараў у Беларусь.

Пра тое, што ў Беларусі чакаюць рэкордных інвестыцый з Украіны, заявіў нядаўна амбасадар у гэтай краіне Валянцін Вялічка. У інтэрв'ю часопісу «Банкіръ», распавядаючы пра перспектывы прыцягнення сродкаў украінскіх інвестараў, ён вылучыў менавіта праект «Крэатыву».

«Сярод актуальных праектаў, запланаваных да рэалізацыі ў найбліжэйшай перспектыве, — будаўніцтва ў Гомельскай вобласці завода па перапрацоўцы соі з аб'ёмам інвестыцый да 50 млн даляраў на працягу 2015 года», — адзначыў пасол.

Паводле інфармацыі «Ежедневніка», прапрацоўка магчымасцяў інвеставання ў Беларусь уладальнікамі групы пачалася з аб'явы ў 2011 годзе беларускімі ўладамі пілотнай прыватызацыі. Тады быў зацверджаны спіс васьмі прадпрыемстваў, здзелкі па прыватызацыі якіх павінна было ажыццяўляць Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі пры падтрымцы Сусветнага банка і незалежных фінансавых дарадцаў. У ліку васьмі быў і Мінскі маргарынавы завод, на які паклаў вока «Крэатыў». Але купіць яго ўкраінцам па невядомых прычынах не ўдалося. У маі 2014 года падчас правядзення XI Гомельскага эканамічнага форуму прадстаўнікі групы «Крэатыў» падпісалі інвестыцыйнае пагадненне аб пачатку рэалізацыі праекта будаўніцтва завода з нуля. Магутнасць прадпрыемства, якое павінна быць узведзена ў 2015 годзе, павінна скласці не менш як 1200 тон соі ў суткі.

Група «Крэатыў», якую ў 1991 годзе стварыў кіраваградзец Станіслаў Бярозкін, які дэбютаваў у 2013 адразу на 22-м месцы ў рэйтынгу ўкраінскіх мільянераў (Forbes ацаніў яго багацце ў 324 млн даляраў), на сёння з'яўляецца адным з найбуйнейшых украінскіх аграхолдынгаў. «Крэатыў» увайшоў у топ-10 найбуйнейшых агракампаній Украіны па фінансавых выніках 2013 года (рэйтынг Ekonomika Communication Hub топ-200), заняў першае месца па выпуску нерафінаванага і сёмае — рафінаванага алею, другое месца — па аб'ёмах экспарту алею. Група «Крэатыў» — другая ва Украіне па вытворчасці маргарыну.

Непасрэдна бізнэсам цяпер кіруе сын заснавальніка Максім. Бярозкін-старэйшы з 2011 года займаецца палітыкай. У 2011 годзе ён стаў дэпутатам Рады ад януковіцкай Партыі рэгіёнаў. У лютым мінулага года ён выйшаў з партыі. На датэрміновыя выбары, якія прайшлі ў кастрычніку 2014 года, Бярозкін пайшоў як самавылучэнец і зноў перамог канкурэнтаў.

Дзевяць маслаэкстракцыйных заводаў кампаніі выпускаюць алей пад брэндамі «Сонола», «Кум», «Маслава» для Украіны і экспарту ў СНД, Германію, Вялікабрытанію, ААЭ, Ізраіль. На экспарт, на долю якога прыпадае каля 70% усёй вытворчасці, ідзе небрэндзіраваны нерафінаваны алей, які купляюць у Паўночнай Афрыцы, ЕС, Індыі і Кітаі. Сланечнікавы шрот група «Крэатыў» пастаўляе ў ЕС і СНД, уключаючы Беларусь. Па выніках першага квартала 2014 кампанія «Крэатыў-Захад» увайшла ў топ-30 кампаній, якія найбольш зарабілі на дзяржаўных замовах. «Крэатыў-Захад» актыўна працуе з хлебазаводамі («Калінкавічыхлебапрадукт», «Гомельхлебапрадукт»). Значная частка шроту выкарыстоўваецца ва ўласным жывёлагадоўчым бізнэсе групы: «Крэатыў» — буйны ўладальнік зямельнага банка ва Украіне (каля 35 тыс. га), яму належаць 8 элеватарных комплексаў.

Вытворчасць соевага алею і шроту, якую Бярозкін плануе пачаць і ў Беларусі, лічыцца перспектыўным напрамкам. Гэты бізнэс быў заснаваны ў 2008 годзе, а зараз па дасягнутых магутнасцях (270 тыс. тон бабоў на год) група «Крэатыў» ужо займае каля 24% рынку Украіны. У 2012 годзе было перапрацавана 80 тыс. тон соевых бабоў, у 2013 — 171 тыс. тон. У 2012 годзе кампанія зрабіла 56 тыс. тон соевага шроту і 15 тыс. тон соевага алею, у 2013 годзе — ужо, адпаведна, 120 тыс. тон шроту і 34 тыс. тон алею. Асноўныя спажыўцы алею — краіны ЕС, шроту — мясцовыя жывёлагадоўчыя гаспадаркі. У маркетынгавым 2014/2015 годзе сумарныя магутнасці холдынгу па перапрацоўцы соі павінны вырасці да 300 тыс. тон.

ej.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера