Знайсці
10.09.2014 / 14:532РусŁacБел

Бар для сваіх у доме пад знос пад Ждановічамі ФОТЫ

Барная стойка, старыя канапы і таемны пакой — менская каманда bmx-эраў зрабіла «бар для сваіх».

«У гэтай хаце мы доўга жылі з маёй сям’ёй, – распавядае 21-гадовы Улад, стваральнік месца. – Але пару гадоў таму ўвесь раёнчык, у тым ліку наш дом, вырашылі адправіць пад знос, каб забудаваць нейкім жылым комплексам».

Праект забудовы ўжо існуе і павінен быць здадзены недзе да 2030 года. Жыхарам далі кватэры непадалёк, але сам дом пакуль стаіць, і калі яго насамрэч разбамбяць – невядома. Таму Улад вырашыў падараваць «сямейнаму ачагу» новае жыццё. Ён з сябрамі зрабіў тут бар для сваіх з вялікай колькасцю чылаўт-зонаў і ахрысціў яго BUZZIT bar’ам (па назве сваёй каманды bmx і mtb раварыстаў).

«Атрымалася месца, куды кожны з нашых сяброў можа прыйсці і знайсці сабе справу на свой густ пасля працоўнага дня», – кажа Улад.

Улад і яго сябры прафесійна катаюцца на роварах bmx і mtb, таму на зямельным участку (зусім немаленькім, дарэчы) замест агарода першай справай выкапалі пул для трэніровак: «На тое, каб пул адпавядаў усім нашым патрабаванням, сышло два месяцы: трэба было выкапаць, утрамбаваць і раскатаць яго як мае быць. Цяпер тут прыемна ездзіць – на зямлю мякчэй падаць, чым на бетон, зразумела».

Каб усё было «на стылі», фасад дома было вырашана расфарбаваць – цяпер на ім графіці, якое пакрывае сцяну разам з вокнамі.

Сваё гняздзечка хлопцы пачалі рабіць тры месяцы таму. Наогул амаль усё тут зроблена з хламу: нешта пазнаходзілі на форумах кшталту «аддам дарам», нешта атрымалася адшукаць на гарышчы, тое-сёе з інтэр’еру прыцягнулі сябры. Такім чынам, увесь рамонт каштаваў хлопцам $ 100 – столькі яны патрацілі на тое, каб прыдбаць фарбу. Увайшоўшы ў BUZZIT bar, апынаешся нібы ў андэграўнднай еўрапейскай барчэле – прыемнае святло, якое дае чырвоная лямпа для фота (бацька Улада раней займаўся фатаграфіяй), барная стойка і паліцы, зробленыя са старых скейтбордаў.

З калонак гучна грае мясцовы хіп-хопчык, а ў стаканы цячэ свойскае віно. «Мы тут не жывём, толькі тусім ды адпачываем, – распавядае Улад. – Тут няма ваннага пакою, прыбіральня на вуліцы, ваду бяром з калонкі. Зразумела, гэта ўсё было, але ж было прынятае рашэнне знесці ўсё лішняе – тады барная стойка атрымлівалася большай, а гэта ў нашым выпадку было больш прыярытэтна».

Яшчэ адзін пакой адышоў пад тое, каб зрабіць ідэальнае месца для чылу. Старыя фатэлі савецкіх часоў тут набываюць новы шарм, а памеры пакоя пры жаданні нават дазваляюць зладзіць невялічкую дыскатэку: «Гэта амаль адзінае недаробленае памяшканне. Плануем і тут прыладзіць паліцы, прынесці калонкі і наладзіць сувязь з тым, што грае ў бары».

Паміж барных памяшканняў ёсць маленькі пакой: канапа, піяніна і шафа. Здаецца, нічога цікавага, але, як у кіно, менавіта такія непрыкметныя маленькія пакоі захоўваюць вялікія таямніцы. Уладальнік бара расчыняе дзверы шафы, піхае сцяну і праз праём бачная яшчэ адна частка дома. Сапраўдныя дзверы ў Нарнію!

«Гэта дырэктарскі кабінет, – тлумачыць Улад. – Тут мы разам з маімі найлепшымі сябрамі вырашаем розныя пытанні. Ці гуляем у UNO». Сакрэтнае памяшканне нават мае камеру над уваходам і экран перад вачыма «дырэктараў», каб бачыць, што адбываецца звонку.

Уладальнікі ўтульнага месца спадзяюцца, што дом яшчэ прастаіць некалькі гадоў. У планах ініцыятыўных хлопцаў – зрабіць гукаізаляваны пакой, каб мець рэпетыцыйную кропку для знаёмых музыкаў.

34mag.net, фота Караліны Паляковай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930