Знайсці
01.05.2014 / 11:0715РусŁacБел

Тэлевядучы Алесь Залеўскі: «Мару зрабіць інтэрв’ю з Лукашэнкам»

Гутарка пра людскія справы, упартасць у дасягненні мэтаў, беларускае тэлебачанне і пра тое, што сапраўдная Беларусь знаходзіцца па-­за межамі Мінскай кальцавой.

«Наша Ніва»: Колькі ты працуеш на «Белсаце» і як увогуле звязаў з ім сваё жыццё?

Алесь Залеўскі: З таго моманту, калі тэлеканала яшчэ не было ў эфіры, гэта прыкладна з 2007 года. Спачатку мой сябар прапанаваў паехаць туды на кастынг, але я быў так заняты, што не змог. Я ўсё роўна ведаў, што буду працаваць на «Белсаце».

«НН»: Скажы, калі ласка, а чаму на «Белсаце» адны гарадзенцы? Гэта нейкая гарадзенская «мафія»?

АЗ: Калі адкінуць убок «гарадзенскую змову», то ўсё проста. Была тут моцная «Школа маладога журналіста», якая дала шмат добрых кадраў. Да таго ж у Гародні заўсёды былі цесныя кантакты з Польшчай. Тут ты звальваеш ці ў Варшаву, ці ў Мінск. Ну, і ў самой Рамашэўскай-Гузы (дырэктарка «Белсату») большая частка знаёмых і сяброў, на якіх можна пакласціся і з якімі можна нешта рабіць, з Горадні.

«НН»: Наколькі мне вядома, твая матуля працавала ў калгасе «Шлях камунізму», а ты з татам часта ездзіў у горад прадаваць бульбу. Ты рос вясковым хлопцам, гэта неяк паўплывала на цябе?

АЗ: Першы мой досвед публічных выступаў — гэта продаж бульбы. Мне гэта дакладна дапамагае знаходзіць супольную мову з людзьмі вясковымі. Спадзяюся, хуткім часам атрымаецца зарабіць якую капейку і набыць дамок у вёсцы, бо вельмі мяне туды цягне.

«НН»: Цягне да зямлі?

АЗ: Натуральна. Асабліва, калі вясна, я проста не магу быць у горадзе. Хочацца адчуваць пах зямлі пасля доўгай зімы. Я ж таму і з’ехаў з Варшавы, бо там усё вельмі цывілізавана — пластык, шкло паўсюль. А тут побач бацькі, родная вёска, магчымасць набыць дамок. І я хачу, каб мае дзеці пабачылі ўсё тое, што пабачыў я: прыроду беларускую, азёры, размовы з вясковымі бабулямі і дзядулямі, рыбалку, грыбы. Толькі ў Мінску ёсць кавалачкі псеўдаеўрапейскай культуры, а ў іншых месцах — зямля.

«НН»: Калі ты з’ехаў працаваць на «Белсат» у Варшаву, наколькі было складана адаптавацца да варшаўскага жыцця?

АЗ: Нягледзячы на тое, што я з вёскі, мае бацькі былі вельмі заможныя, бо шмат працавалі. Яны заўсёды спрыяльна ставіліся да маіх інтарэсаў і прагі да ведаў. У нас, пэўна, у адных з першых на вёсцы з’явіўся інтэрнэт ды камп’ютар. Бацькі нават спрыяльна ставіліся да таго, што я прапускаў школу, а замест яе ездзіў у «Школу маладога журналіста», якая ладзілася за 20 км ад вёскі. Проста ведаў, што мяне чакае, тым больш што сам меў вельмі актыўнае жыццё. Таму асаблівых складанасцяў па адаптаванні не было.

«НН»: Як часта ў цябе эфіры?

АЗ: Раней былі ледзь не кожны дзень. Але цяпер я зацікаўлены ў больш доўгатэрміновых праектах, які патрабуюць грунтоўнай падрыхтоўкі, як «Людскія справы».

Мне надакучыла працаваць з заезджанымі палітыкамі ды аднымі і тымі ж экспертамі і асобамі. Нашмат карысней дапамагаць і рабіць матэрыялы пра звычайных людзей з іх праблемамі і хваляваннямі.

«НН»: Алесь, ты калісьці займаўся і палітыкай, і аналітыкай. Чаму сышоў з гэтай сферы?

АЗ: Бо сэнсу ў гэтым няма, у нас нічога не змяняецца і адсутнічае любое развіццё. А мне неабходна рухацца.Таму я прыйшоў да высновы, што варта нешта рабіць праз простых людзей і ўладу на месцах, якія знаходзяцца за межамі Мінска. Сітуацыя ў Мінску не паказвае агульнай сітуацыі ў краіне. Бо тут ёсць толькі ўлада Лукашэнкі, бізнэсу — і ўсё. А сапраўдная ўлада як інстытут дзейнічае па­-за кальцавой дарогай.

«НН»: Летась ты меў сваю перадачу «Рэпартаж з Залеўскім». Тваё прозвішча ўжо стала брэндам? Цябе пазнаюць?

АЗ: Здараецца, што і пазнаюць. Але больш ведаюць і пазнаюць «Белсат». Мая задача і мэта — сфармаваць імідж чалавека, які мае кантакт са звычайнымі людзьмі, умее іх слухаць і чуць іх праблемы.

Калі нехта думае, што схадзіць на нейкае мерапрыемства і пачасаць языкамі будзе дастаткова, то памыляецца. Людзям ад вас ні холадна, ні горача.

«НН»: Падчас тваіх вандровак у межах «Людскіх спраў» ці заўважаў, які настрой пануе ў галовах людзей?

АЗ: Прызнацца, я не сустрэў яшчэ ніводнага лукашэнкаўца. Адметнасць беларуса ў тым, што калі ты яму задаеш пытанне, то ён не адкажа так, як ён думае, ён адкажа тое, што ты хочаш пачуць. Таму ўсе гэтыя сацыялагічныя апытанні даволі адносныя.

«НН»: А як людзі да цябе ставяцца?

АЗ: Не было ніводнага разу, каб мяне не пусцілі ў хату. Бо я, як журналіст, у больш выйграшным стане, чым хтосьці іншы. Я магу сказаць, што у нас з вамі адны мэты — расказаць пра вашыя праблемы і, магчыма, іх вырашыць. Палітыкі так сказаць не могуць.

«НН»: Адкуль у цябе такія камунікатыўныя здольнасці?

АЗ: Напэўна, генетыка. Дый я заўважыў, што гарадзенцы вельмі адкрытыя людзі. У дадатак мне трэба было прабівацца да гарадскіх, перамагчы свой вясковы комплекс.

«НН»: Ён у цябе сапраўды быў?

АЗ: На першым этапе комплекс быў вельмі моцным. Нават калі я скончыў «Школу маладога журналіста» і быў выпуск, сярод 15 чалавек выпускнікоў я адчуваў, што недзе трэці з канца паводле таленту. Яны былі лепшыя ва ўсім. Адзінае, што было ўва мне — гэта ўпартасць. Праз гэтую ўпартасць і перамогі я падмацаваў сваё эга. Праз падмацаванне эга ты становішся больш адкрытым.

«НН»: Ты ведаеш, што цябе лічаць даволі самаўпэўненым чалавекам?

АЗ: Усё можа быць. Але я проста звыкся дабівацца свайго і біцца да апошняга, калі мне нешта трэба. Але я заўсёды гатовы саступіць. Так было на тых першых курсах «Мовы ці кавы», яшчэ да падзелу. Кібальчыч выкарыстала мяне як ледакол, яна ж вялікая махінатарка. Але яна малайчына. Я сыграў ролю ледакола, які павінен быў прыйсці туды, каб адбыўся раскол.

Гэты раскол быў немінучы.

Але навошта? У Беларусі месца для рэалізацыі хапае ўсім.

«НН»: Калісьці ты займаўся баямі без правіл, працягваеш?

АЗ: Цяпер не займаюся. А займаўся, бо гэта лепш за розныя трэнажоры. Да таго ж псіхалагічна карысна, каб не баяцца стаяць твар у твар з чалавекам, які хоча цябе ўдарыць. Гэта надае ўпэўненасці.

«НН»: Цытую цябе: «Я абсалютна перакананы, што буду жыць на радзіме. Планую не толькі прафесійна вярнуцца ў Беларусь, але і стварыць тут сям’ю. Я не ўяўляю сябе ў ролі эмігранта». Але кажуць, што ты маеш іпатэку ў Варшаве. То бок тваё знаходжанне тут часовае?

АЗ: Гэта чыстай вады інвестыцыя. Месца добрае, хутка там будзе метро, таму будзем здаваць. Ці вярнуся туды, я пакуль не ведаю. Але я дакладна ведаў, што трэба было вярнуцца ў Беларусь і паспрабаваць уладкаваць сваё жыццё тут.

«НН»: Твая жонка­-ўкраінка прыехала з табой сюды, наколькі ёй было лёгка тут адаптавацца?

АЗ: Яна была ўжо падрыхтаваная да беларускіх рэалій яшчэ падчас выбараў у 2010. Але пры гэтым тут безліч плюсаў, і мы разам з ёй прыйшлі да разумення гармоніі, якая нас тут чакае. У Беларусі цыбуля, ад якой плачаш, морква, якая пахне морквай, і прырода, якая сапраўды захапляе. І тут няма ілюзіі выбару, усё ты павінен ствараць сам, і гэта бязмерна цікава.

«НН»: Ці абмяркоўваеце з жонкай падзеі ва Украіне?

АЗ: Мы пра гэта не размаўляем. Уяві, у цябе памірае вельмі блізкі чалавек. І што ты ўвесь час будзеш абмяркоўваць гэта? Табе будзе хацецца псіхалагічна адысці.

«НН»: А што тычыцца мовы камунікацыі ў сям’і?

АЗ: Я размаўляю па-­беларуску, яна па-­ўкраінску. Ніколі не было дыскамфорту. А дзетак, думаю, будзем выхоўваць у білінгвізме.

«НН»: Алесь, вось скажы, калі б нешта здарылася ў краіне і цябе запрасілі працаваць на АНТ, ты б пагадзіўся?

АЗ: Я думаў некалькі разоў над гэтым пытаннем. Пытанне цікавае, і не маю на яго адназначнага адказу. Ведаю дакладна, што не пераступіў бы праз свае перакананні. Але трэба разумець, што ўсе мы беларусы, усе мы людзі. Трэба супрацоўнічаць і працаваць з тым, што ёсць.

«НН»: Галоўнае, каб на карысць Радзіме?

АЗ: Канечне. Мяне проста бесяць тыя, хто кажа, што сэнсу ад нашай працы няма, нас ўсё роўна не чытаюць ці не глядзяць. Дык навошта ўвогуле нешта рабіць, калі няма веры ў тое, што гэта будзе карысна? Дык ляжы на канапе і не псуй настрой іншым.

«НН»: Калі адкінуць ідэйнасць, хто вышэйшы прафесійна: «Белсат», БТ, АНТ?

АЗ: Мы лепшыя за БТ, але у нечым не дацягваем да АНТ. Бо мы там, а яны непасрэдна тут, яны маюць тут студыю, яны маюць прасцейшы доступ да кадраў.

«НН»: Ты даўно ў журна­лістыцы, гутарыў, пэўна, з сотняй людзей. А з кім больш за ўсё марыш пагутарыць?

АЗ: Я думаю, кожны журналіст марыць зрабіць інтэрв’ю з Лукашэнкам, у тым ліку і я.

* * *

Алесь Залеўскі журналіст, ад 2007 года працуе тэлевядучым на незалежным канале «Белсат», меў шэраг аўтарскіх перадач, апошняя з іх — «Людскія справы». Нарадзіўся ў 1987 годзе ў вёсцы Абухава пад Горадняй.

Гутарыла Вольга Гарапучык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930