Знайсці
27.03.2014 / 12:5725РусŁacБел

Кіраўнік «Белгазпромбанка» на адкрыцці «Дзесяці стагоддзяў мастацтва»: Жыве Беларусь!

У Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі, адкрылася шыкоўная выстава — «10 стагоддзяў беларускага мастацтва».

«Вельмі цяжка ў фармаце адной выставы паказаць ажно 10 стагоддзяў, аднак у выніку ў нас атрымалася, усяго тут 500 экспанатаў», — тламачаць супрацоўнікі музея.

Адзін з самых маштабных мастацкіх праектаў апошніх гадоў уражвае: экспанаты прывезлі ледзь не з усіх музеяў Беларусі, да таго ж «Белгазпромбанк» падзяліўся карцінамі з уласнай калекцыі, а гэта творы Шагала, Ваньковіча і Суціна.

Менавіта суцінаўская «Ева» і стала галоўнай падзеяй выставы: па-першае, яна выстаўляецца ўпершыню, па-другое, шмат каго з наведнікаў прываблівае хаця б тое, што цана карціны перавышае мільён даляраў. Манструозная залатая рама «Евы» трошкі сціскае надзвычай кранальны і спакойны па колерах партрэт.

Пералічыць усе цікавосткі выставы проста немагчыма:

тут можна ўбачыць і Статут 1588 года, і «Вялікае мастацтва артылерыі» Семяновіча (абедзве кнігі выкупалі «ўсім светам» у калекцыянераў), і старадаўнія жырандолі, і артэфакты з маёнтка Касцюшкі, і кінаплакаты, але ў першую чаргу, канешне, карціны».

Ахапіць гісторыю атрымалася: пачынаючы ад старых ікон, і нават паменшанай копіі Крыжа Ефрасіні Полацкай (які ад фатографаў старанна ахоўваў дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, бо на выяве крыж можа сказіцца, а гэта святыня) да працаў Цэслера і Войчанкі. Ад ананімных партрэтаў эпохі барока да супрэматычных карцін Надзеі Хадасевіч-Лежэ. Ад мастакоў Заходняй Беларусі, сярод якіх яскрава вылучаецца касмалагічны Язэп Драздовіч, да сацыялістычнага рэалізму і карцін Савіцкага.

На выставе можна набыць каталог – у электронным выглядзе на флэшцы, альбо ў выглядзе фаліянта на тры кілаграмы. Выстава працягнецца да 7-га ліпеня, і для любога аматара мастацтва наведаць яе проста неабходна.

Дарэчы, старшыня праўлення «Белгазпромбанка» Віктар Бабарыка, выступаючы на цырымоніі адкрыцця гэтай выставы 26 сакавіка, паведамляе БелаПАН, зазначыў: 

«Дзевяць месяцаў таму мы прыйшлі ў Міністэрства культуры і папрасілі сабраць нараду з кіраўнікамі музеяў Беларусі, якім банк хацеў прапанаваць ідэю. Мы сказалі ім: давайце пахвалімся самі перад сабой і ўсім светам, што мы зрабілі за гэтыя дзесяць стагоддзяў. Я ніколі не думаў, што ў адным месцы з такім шчырым энтузіязмам і суперажываннем мы можам сабраць вось такую колькасць разнапланавых людзей, музеяў і экспанатаў».

«Для нас унікальнасць гэтай выставы менавіта ў тым, што ў нас ёсць тое [культура Беларусі], дзеля чаго мы, не звяртаючы ўвагі на адрозненні, аддадзім усё самае лепшае, што ў нас ёсць.

Пакуль у Беларусі будзе ідэя і думка, якая можа аб`яднаць нас такіх розных, з розным мастацкім густам, палітычнымі прыхільнасцямі, узростам і адносінамі, датуль была, ёсць і будзе наша бел-чырвона-белая сінявокая Беларусь. Жыве Беларусь!» — заявіў Бабарыка.

Гэтыя словы выклікалі працяглыя апладысменты, дадае БелаПАН

Юрась Ускоў, фота Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера