Знайсці
05.03.2014 / 11:216РусŁacБел

Звольнены прафесар Зубаў: Улада ў Расіі цяжка хворая

4 сакавіка прафесару МГІМО Андрэю Зубаву паведамілі пра звальненне з універсітэта.

Прычына — артыкул у «Ведомостях», дзе ён параўнаў дзеянні Пуціна з аншлюсам Аўстрыі і захопам Судэтаў.

— Як вы даведаліся пра сваё звальненне з МГІМО?

— Мне патэлефанаваў загадчык кафедры філасофіі Аляксей Віктаравіч Шастапал і сказаў, што яго да сябе выклікаў рэктар, які папрасіў перадаць мне, што ці я пішу заяву аб звальненні па ўласным жаданні, ці ён мяне звольніць па загадзе. Я не зусім разумею, што гэта такое «звольніць па загадзе», але я сказаў, што ніякіх заяваў пісаць не буду, бо я не жадаю звальняцца. Я не буду хлусіць. Калі мяне хочуць звольніць — калі ласка, звальняйце. Заўтра на 10 гадзін 30 хвілін раніцы мяне выклікаў да сябе прарэктар Арцём Мальгін на важную размову. Ён сам са мной не размаўляў, з гэтым паведамленнем мне патэлефанавала яго сакратарка.

— Які курс вы чыталі на кафедры філасофіі?

— Я ў МГІМО з 2001 года. Чытаў агульны інстытуцкі факультатыў «Гісторыя рэлігійных ідэй» і вёў семінары па філасофіі. Акрамя таго, я дырэктар Цэнтра «Царква і міжнародныя адносіны» пры МГІМО. Шмат займаўся са студэнтамі, праводзіў паездкі і семінары.

ЦУДОЎНЫЯ ГІСТАРЫЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ ПРАФЕСАРА ЗУБАВА Ў АЎДЫЁ- І ВІДЭАФАРМАТАХ ТУТ.

— Нядаўна вядоўца тэлеканала «Дождж» спытаў, ці не баіцеся вы, што пасля вашых крытычных выступаў у прэсе вас могуць звольніць з МГІМО…

— …і я адказаў, што, вядома, баюся, але ёсць сітуацыі, калі трэба дзейнічаць незалежна ад уласнага страху, таму што інакш проста немагчыма.

— Як вы лічыце, што стала прычынай звальнення?

— Думаю, артыкул у «Ведомостях», таму што за мае ранейшыя выступы ў прэсе мне ніколі ніхто слова не казаў. Пакуль, праўда, афіцыйна мне ніхто прычыны не назваў, але я думаю, што ўся справа ў гэтым артыкуле.

— Вы мелі права гаварыць і пісаць усё, што лічылі патрэбным?

— Так, безумоўна. Адзінае, пра што мяне ўжо даўно папрасіў рэктар, — калі я буду казаць ці пісаць пра рэчы, якія не адпавядаюць лініі ўлады, не згадваць, што я прафесар МГІМО, проста прафесар. У друкаваных СМІ я заўсёды гэта выконваў. Я пісаў, што я доктар гістарычных навук, прафесар, адказны рэдактар «Гісторыі Расіі. XX стагоддзе». У прынцыпе, гэта, вядома, быў сакрэт Палішынэля. Дастаткова было зайсці ў інтэрнэт і паглядзець, што я — прафесар МГІМО. Але тым не менш, мы правілы гульні выконвалі.

— Вашае звальненне нагадвае ганенні савецкіх часоў, калі звальнялі тых, хто дазваляў сабе выказваць вострыя меркаванні аб дзеяннях улады…

— Так, гэта можна параўнаць з Савецкім Саюзам, калі было тое ж самае, папросту выганялі з працы. Я гэта выдатна памятаю. Але цяпер зусім іншая абстаноўка: сотні, тысячы людзей мне звоняць і пішуць. А тады ж усе хавалі галаву ў пясок. Тады ніхто не адважваўся нават выказаць словы падтрымкі. Так што грамадства цалкам змянілася. Я, можна сказаць, паставіў на сабе эксперымент і пераканаўся, што мы сталі іншым народам, і гэта выдатна. Гэта значыць, што ў нас вялікія перспектывы, што назад нас у савецкае маўчанне не загнаць. Гэта першае. А па-другое, любой нармальнай уладзе вельмі патрэбная крытыка, нават жорсткая крытыка, таму што яна карэктуе яе ўласны шлях, бо чалавеку ўласціва памыляцца. І якраз слухаючы меркаванне людзей з іншымі пазіцыямі, лягчэй знайсці правільны шлях і не здзейсніць некаторых часам драматычных памылак. Таму калі ўлада пачынае затыкаць рот і хоча, каб яе толькі хвалілі, гэта, вядома, проста цяжкая хвароба.

— Як вы думаеце, хто быў ініцыятарам вашага звальнення?

— У МГІМО заўсёды быў вельмі свабадалюбны дух дзякуючы рэктару. Там ёсць людзі з камуністычнымі поглядамі, з ліберальнымі. Я ўпэўнены, што і са мной нічога б не адбылося, калі б не было загаду зверху. Рэктар — чалавек шырокіх думак, з нармальнымі поглядамі на свет.

— Адкуль мог паступіць загад?

— З адміністрацыі прэзідэнта, ад Сяргея Нарышкіна, або з МЗС, ад Сяргея Лаўрова.

Паводле newtimes.ru

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930