Знайсці
03.03.2014 / 10:5228РусŁacБел

Чаго чакаць беларусам у выпадку крымскай вайны?

Расійскі прэзідэнт атрымаў ад Савета Федэрацыі згоду выкарыстоўваць войскі на Украіне. У сацыяльных сетках іранізуюць: прасіў дазвол на ўвод войскаў, якія ўжо былі ўведзеныя.

Але ўвогуле не да смеху: хоць стрэлы пакуль і не гучаць, Расія спрабуе з апорай на сілу гаспадарыць у Крыме, Кіеў заяўляе аб «наўпростай агрэсіі». Найбліжэйшы саюзнік Крамля Мінск пакуль маўчыць.

Між тым для Аляксандра Лукашэнкі надыходзіць момант ісціны.

Адна справа — абстрактна разважаць у духу «Майдану мы не дапусцім», іншае — заняць пазіцыю ў сітуацыі, калі найбліжэйшы ваенна-палітычны саюзнік Беларусі, вялікі партнёр па АДКБ, урываецца на тэрыторыю паўднёвай суседкі той жа Беларусі, а міжнародная супольнасць дружна кваліфікуе гэта як інтэрвенцыю.

Мінску гэтая вайна супраць поўсці

Расійскія і беларускія генералы не аднойчы ладзілі імітацыйныя вайнушкі з умоўнымі супастатамі, палохаючы палякаў і прыбалтаў, і на палігонах усё ў постсавецкіх саюзнікаў атрымлівалася добра. Але тут, ва ўкраінскім пытанні — зусім іншы каленкор.

З аднаго боку, беларускім «братам па зброі» быццам бы належыць ісці ў фарватары Масквы, тым больш што толькі ад яе ласкі залежыць, ці не абрынецца заўтра ўсё меней канкурэнтаздольная эканамічная мадэль Лукашэнкі.

З іншага боку, на Украіну моцна завязаныя замежнаэканамічныя інтарэсы Беларусі: у мінулым годзе тавараабарот склаў каля сямі мільярдаў даляраў пры вялікім станоўчым для нас сальда.

Ды і наогул, тут ужо, пры ўсёй інтэграцыйнай рыторыцы беларускага кіраўніцтва, і ў яго напэўна халадок паміж лапаткамі: вось ён, ашчэр імперыі!

Якія дамовы з ёй ні падпісвай, заўтра гэты мядзведзь можа раз'ятрыцца і стукнуць лапай па суверэнітэце любой краіны, якую ў Крамлі лічаць зонай сваіх інтарэсаў.

Тут вось яшчэ які пікантны момант. Расія ў 1994 годзе па Будапешцкім мемарандуме выступіла гарантам незалежнасці і цэласнасці Украіны. Дакладна такія ж гарантыі Масква разам з Вашынгтонам і Лонданам дала тады ў падзяку за адмову ад ядзернай зброі і Беларусі. Але калі сёння гэтая дамова топчацца ў дачыненні да Кіева, то, атрымліваецца, і Мінск не застрахаваны ад такога ж вераломства ўсходняга «гаранта».

У высокага беларускага начальства ёсць падстава моцна пачухаць патыліцу.

Пакуль на гарачую тэму выказаўся 28 лютага ў Рызе міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей. Пэўна, але відавочна не ў падтрымку Расіі: «Самае важнае — захаваць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны».

Ва ўмовах вострага развіцця крызісу ў расійска-ўкраінскіх адносінах «Лукашэнка будзе імкнуцца максімальна захаваць нейтралітэт», заявіў у каментары для Naviny.by Валер Карбалевіч, эксперт мінскага аналітычнага цэнтра «Стратэгія». Пры гэтым ён прагназуе, што Масква будзе ціснуць на Мінск, дамагаючыся падтрымкі сваёй пазіцыі па Украіне.

Падобны прагноз дау у інтэрв'ю БелаПАН аналітык BISS (Вільня) Дзяніс Мельянцоў: «Існуе небяспека таго, што Беларусь будзе ўцягнутая ў ваенны канфлікт, што Расія паспрабуе нейкім чынам не ў ваенным сэнсе, а ў палітычным, ідэалагічным, прыцягнуць на свой бок сваіх найбліжэйшых ваенных саюзнікаў, і Беларусь у тым ліку».

Ці выкруцяць Лукашэнку рукі?

Тут адразу просіцца паралель з падзеямі 2008 года, калі Крэмль выкручваў рукі, патрабуючы падтрымаць вынікі вайны з Грузіяй, прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію.

Лукашэнка ўпёрся і не прызнаў. Хоць пазней выдаў таямніцу: у яго з тагачасным расійскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым быў гандаль на прадмет таго, ці гатовая Масква кампенсаваць выдаткі ад непазбежнага ў такім выпадку пагаршэння адносін з Захадам (можна падумаць, без гэтага яны былі бліскучымі!).

Мядзведзеў праплаты не паабяцаў, і на тым справа заглухла. Лукашэнка ж выпусціў палітвязня Аляксандра Казуліна і неўзабаве разам з адлігай у адносінах з ЕС і ЗША атрымаў ад МВФ крэдыт у 3,5 млрд даляраў.

Але цяпер сітуацыя па многіх параметрах іншая.

Эканамічная залежнасць Беларусі ад Масквы ўзмацнілася, а з ЕС і ЗША нават у выпадку вызвалення цяперашніх палітвязняў (як бачым, без гэтага «джэнтльменскага набору» беларускаму рэжыму ў сілу яго прыроды цяжка) хуткага і вялікага прагрэсу аглядальнікі не абяцаюць.

МВФ ж грошы калі і дасць, то толькі пад балючыя рэформы, якія Лукашэнку не даспадобы як агулам, так і перад прэзідэнцкімі выбарамі асабліва.

Таму ў выпадку калі Расія ўсё ж такі адарве Крым, Мінск на нейкім этапе можа быць прыціснуты да сценкі настолькі, што будзе вымушаны прызнаць бутафорскую незалежнасць ці нават анексію гэтай тэрыторыі, заявіў у каментары для Naviny.by мінскі аналітык-міжнароднік Андрэй Фёдараў.

У Бардзюжу загаварыў расійскі генерал

Тым часам генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа 28 лютага выказаўся ва ўнісон расійскаму МЗС і парламенту: кінуў камень у новыя ўлады Украіны за тое, што парушылі пагадненне аб урэгуляванні, падпісанае з Віктарам Януковічам, і наогул «па сутнасці не прызнаюць легітымнасць законна абранага прэзідэнта Украіны».

Заўважце: у АДКБ уваходзяць акрамя Расіі яшчэ пяць краін, уключаючы Беларусь, але іх думкі, здаецца, ніхто асабліва не пытае. У генеральным сакратару АДКБ загаварыў расійскі генерал-палкоўнік.

Між тым наўрад ці ўхвальна глядзіць на гэтыя мілітарысцкія практыкаванні Пуціна, напрыклад, Нурсултан Назарбаеў: у Казахстане ёсць рэгіёны, дзе, як і ў Крыме, пераважаюць этнічныя рускія.

Ды і ў Беларусі супраць расійскай інтэрвенцыі ў Крым настроеныя не толькі апазіцыянеры, уладам такі паварот падзей таксама супраць поўсці.

Падобна да таго, што ў АДКБ (ды і ва ўсім СНД) наогул не знойдзецца ніводнай краіны, гатовай пляскаць у далоні Расіі ў сувязі з яе дзеяннямі ў Крыме. Вось вам і «братэрства па зброі».

На думку Валера Карбалевіча, на фоне крымскіх падзей «пытанне аб АДКБ наогул правісае». Больш за тое, «калі ў Крыме справа дойдзе да вайны, то можа падвіснуць і дамова аб стварэнні Еўразійскай саюза», мяркуе аналітык.

Беларускі суверэнітэт таксама пад ударам

Палітызаваныя беларусы, якія напружана сочаць за сюжэтам уварвання ў Крым, пішуць у сацыяльных сетках: вось што чакае нас, калі краіна абярэ еўрапейскі шлях (за які, дарэчы, ужо сёння выступае адносная большасць грамадзян).

Злавесны выпад Масквы супраць Украіны, якая сарвалася з кручка еўразійскай інтэграцыі, умацоўвае дэмакратычную частку беларускага грамадства ў перакананні: не можа быць дружбы з імперыяй, у якую б тогу яна ні прыбіралася. А ідэя стварэння ў Беларусі расійскай авіябазы наўрад ці цяпер будзе асабліва прывабнай нават для цвёрдага электарату Лукашэнкі.

Па ідэі, Мінску варта было б тэрмінова шукаць процівагу імперскім дамаганням Масквы.

Сёння варта было б як мінімум вызваліць палітвязняў і такім чынам разблакаваць адносіны з Еўропай, ЗША. Гэта хоць трохі пашырае прастору геапалітычнага манеўру.

Але праблема нацыянальнай бяспекі, захавання суверэнітэту Беларусі носіць комплексны характар. Самае страшнае сёння — датацыйная прывязка, недзеяздольнасць эканамічнай мадэлі, што прымушае ісці на саступкі, уцягвацца ў інтэграцыйныя праекты Пуціна.

«У Крамля няма патрэбы дамагацца чагосьці ў Беларусі сілавым спосабам. Яна і так спаўзае ў гэтую пастку», — адзначае Андрэй Фёдараў. Калі Расія адважыцца захапіць Крым, то ў плане іміджу страчваць ёй будзе няма чаго, так што пры патрэбе на нейкім этапе Беларусь цалкам могуць «ператварыць у восьмую федэральную акругу», кажа аналітык.

На яго думку, рэформам і паляпшэнню адносін з Захадам перашкаджае тое, што задача №1 для Лукашэнкі — захаванне асабістай улады. «Няма ні рэсурсаў, ні палітычнай волі, каб адбудавацца ад Масквы», — рэзюмуе суразмоўца Naviny.by.

Такім чынам, падзеі вакол Украіны зноў завастраюць самую хворую палітычную праблему Беларусі. А менавіта:

пакуль тут пануе недэмакратычны персаналісцкі рэжым, што прыстаканіўся да расійскіх рэсурсаў, суверэнітэт краіны будзе заставацца пад ударам.

Аляксандр Класкоўскі, naviny.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера