Знайсці
03.03.2014 / 10:436РусŁacБел

Сёння. Каін і яго нашчадкі

А ўсё гэта ўжо было некалі. І няма нічога новага пад Сонцам. Гітлер. Судэты. Забойства Франца-Фердынанда сто гадоў таму ў 1914 годзе. Сто гадоў таму запалала жахлівае вогнішча Першай. У попеле якога дагарэлі штандары чатырох імперый. А затым была Другая. Потым — проста Халодная, надоўга. Потым… Напэўна, зараз пачынаецца «потым». Але я не пра гэта. 

Усё ўжо было. 

Мяне хвалюе Старэйшы сын. Іх шмат было ў гісторыі. Але нешта іх аб'ядноўвала. 

Першы старэйшы сын — Каін. Пайшоў ён са сваім малодшым братам ахвяры ўскладаць Богу. І вось Усемагутны прыняў ахвяру Абеля (малодшага, які авечак пас), а брата яго першароднага ахвяру не прыняў. Тут і зайздрасць засціла вочы Каіну, і гнеў, і пыха, і яшчэ немаведама што. Грахі, карацей, розныя. Шкада, няма такога граху, як глупства. Ну ці не глупства было расліны прыносіць на ахвяру Богу, хіба гарыць сырая трава? Думаў ты, Каін, тады — навошта розум дадзены чалавеку, галава — каб есці? А потым яшчэ і пакрыўдзіўся. Да таго, што смерць брату ўчыніў. Забіў і гыркнуў Богу на пытанне «Дзе брат твой?» — «Не ведаю, што я — вартаўнік яму?». 

Дурны быў, як бот. Вось тады пячатку табе на лоб, забойца брата, і ідзі ў белы свет блукаць. 

Такая была гісторыя з першым Старэйшым сынам. 

Зараз Каін — так называюць людзей, здольных на подлыя ўчынкі. Кшталту брата роднага забіць з-за сваіх амбіцый. Ад такога імя ўтварыўся прыметнік «акаянны». І зноў лезе нечысць акаянная, Старэйшы сын. 

Былі і такія браты — Ісаў і Якаў. Старэйшы і малодшы. Тыя наогул былі блізняты. Толькі вось пашчасціла Ісаву першаму выскачыць у белы свет. Ну і — першароднасць аўтаматам і ўсе панты, з гэтым звязаныя. Што лёгка даецца — няпроста ўтрымаць. Так і прадаў Старэйшы брат першародства за талерку баршчу. Выпадкова? Праз хітрасць малодшага брата? Ну-ну. Але факт застаўся фактам. Пішуць, што так атрымалася (прадаць першародства за суп), што Ісаў быў «прастадушны». Ну, такі просты чалавек. Есці хацеў просты чалавек. А потым раззлаваўся, што за адну, вось у гэтую хвіліну, талерку баршчу пазбавіўся тысячы талерак баршчу ў будучыні. Ну, і маўляў — пайду заб'ю малодшага брата! А той пабег ужо ў іншую краіну. Шукай ветру ў полі! Сядзі над сваім супам. 

Ну там была доўгая гісторыя блукання, перамог і параз. Якаў — малодшы той, нават з Богам, кажуць, змагаўся. Пакуль той Старэйшы сядзеў на «сваёй зямлі» ды чакаў, чакаў. Каб адпомсціць. 

Ну Якаў, канечне, малодшы той сын, нарабіў-натварыў рознага ў жыцці. Рызыкаваў шмат. Але і меў шмат. Усяго. Шастаў — дзе хацеў. Свабода! 

Быў Давід — малодшы брат. Царом стаў потым. Кажуць, ідэальны быў кіраўнік. Гісторыя яго — сто кіламетраў прыгод. А браты яго? Не ведаю. Простыя людзі, напэўна. 

Малодшым братам быў Юзаф.

Старэйшыя яго ненавідзелі і нават забіць хацелі. За што? Тое самае, як заўсёды — пыха, зайздрасць, амбіцыі, глупства. Уцёк Юзаф ад братоў тых мілых-родных. Сямейкі дарагой. І яго гісторыя была — прыгожыя, трагічныя і пераможныя прыгоды на 100 кіламетраў тэкстаў. 

А братоў тых, што меч на яго тачылі, прабачыў, відаць, Юзаф. Харчы яны шукалі па свету. Галадалі, бедныя. Ну, Юзаф пашкадаваў. Накарміў, напаіў, спаць паклаў. Талерку баршчу наліў. 

Больш за ўсіх з малодшых, часам па чалавечых мерках — бесталковых, братоў я люблю марнатраўнага сына. Бо малодшы быў, бесталковы. Марнатраўны. Не тое, што Старэйшы сын. Прыстойны, выхаваны, такі ўвесь станоўчы. Па-чалавечы такі ўжо харошы сын. А на самой справе — хітры баязлівец. Сядзеў каля бацькі, баяўся і носу з дому высунуць. Тросся, можа, за сваё дабро.

Пакуль малодшы, забраўшы сваю долю, па свету беламу бадзяўся. Што ён толькі не бачыў, не чуў, не выпрабаваў! Жах і прыгажосць! Колькі ўсяго было ў яго жыцці! Невядома і летапісцам. 

Малодшы — свабоды хацеў, свабоды! Вырваўся, шукаў яе — свабоду. Сябе — свабоднага. Свабоду ў сабе. Ну, у палон трапіў. Свіней карміў. Але скончылася хэпі-эндам. Вось толькі брат Старэйшы сапсаваў свята сваімі папрокамі да Айца. Маўляў, я тут усю дарогу батрачыў, батрачыў, грэчку еў і боршч, паслухмяны быў, як шаўковы — па адной масніцы хадзіў, не пярэчыў ніколі! А вось гэтаму прайдзісвету ты тут робіш гулянку, бараноў парэзаў лепшых! За што?! Каму? Гэтай сволачы, свабодалюбівай! Марнатраўцу! Гэта несправядліва! 

Сядзеў той Старэйшы сын, калаціўся за свой боршч сённяшні, якім не мог рызыкаваць дзеля невядомага, таямнічага, а для яго — страшнага і пужлівага Заўтра. Так і прасядзеў.

А баль малодшаму сыну быў прызначаны. І ўсе там спявалі і весяліліся. Акрамя Старэйшага сына. Прайграў зноў Старэйшы сын. Застаўся са сваёй дзікунскай зайздрасцю, пыхай, глупствам, амбіцыямі. 

Які быў працяг гэтай гісторыі? Мы не ведаем. Не здзіўлюся, што Старэйшы сын марыць і сёння забіць малодшага. Таго, каторы свабоду любіў. Рызыкаваў. Жыў. Быў памёр — ды зноў ажыў. Жывы! 

І сёння душыць жаба Старэйшага сына. Ненавідзіць ён малодшага, у якога Гісторыя была, прыгоды, перамогі і паразы. А Старэйшаму — боршч, катлеты па выходных. 

Я за малодшага брата. Мне ён больш падабаецца. 

А Старэйшы. Нават імён Старэйшых тых гісторыя часам не памятае. Ды і проста сорамна часам у прыстойным таварыстве ўзгадваць тыя Страшныя імёны Старэйшых. 

Нашы нашчадкі з агідай будуць вымаўляць тыя імёны сучасных Старэйшых сыноў. Акаянных тых Каінаў. Якія точаць меч на брата. Якія мячом хочуць прымусіць брата любіць іх, хітрых баязліўцаў. Харчамі пагражаюць малодшым. Мячом пагражаюць малодшым. 

А малодшыя… Яны ражкі елі! У іх столькі было прыгод і свабоды, што хапіла бы на ўсе жыцці ўсіх Старэйшых! Малодшыя даўно выйшлі з рабства. І ім пагражаць міскай супу? Ім пагражаць мячом? 

«Вогонь запеклих не пече!». 

Алена Германовіч, naviny.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера