Знайсці
03.03.2014 / 05:4218РусŁacБел

Пётра Рудкоўскі. Сёння мы ўсе ўкраінцы

Сёння ніхто ў рэгіёне не можа адчуваць сябе бяспечна, піша беларускі філосаф.

Дык вось ажно як забалеў крамлёўскаму аўтакрату бунт у суседняй дзяржаве супраць ягонага імперыялізму і звяржэнне ягонага «законнага» васала. Перад карнай экспедыцыяй не могуць стрымаць ні міжнародныя дамовы, ні эканамічныя наступствы, ні пратэст міжнароднай супольнасці, ні перспектыва гібелі сотняў людзей. Пуцін рэагуе на падзеі на Майдане ўсё роўна, нібы гэта былі падзеі на Балотнай плошчы або спроба аднаго з суб'ектаў РФ аддзяліцца і абвесціць незалежнасць. У вачах Крамля Украіна – гэта васал Расеі, і на гэтым кропка. І прыгадваецца біблейнае: «Калі з зялёным дрэвам такое дзеецца, то што стане з сухім?» Калі Імперыя адважылася пацыфікаваць амаль 50-мільённую краіну з моцнай нацыянальнаю тоеснасцю, то што можа стацца з 10-мільённай – са слабой тоеснасцю і кволымі падмуркамі дзяржаўнага суверэнітэту?

Вясна 2014 года павінна стаць часам абуджэння. Сёння ніхто ў рэгіёне не можа адчуваць сябе бяспечна. Крэмль, як відаць, пераходзіць да рэалізацыі даўно выгадоўваных планаў па стварэнні еўраазіятычнай прасторы. Час перамоваў, кампрамісаў, дыскусій — з яго пазіцыі — прамінуў. Настаў час Агню і Мяча.

Ідэалогія еўраазіятызму толькі вонкава можа здавацца дзіўнаватай і слабенькай канструкцыяй. Насамрэч жа яна стала нефармальна-афіцыйнай дактрынай Крамля. Яна рэплікуецца і транслюецца па тэлевізіі, у сценах самых розных ВНУ, а перадусім – унутры расейскіх сілавых структур. З канца 90-х дарагім госцем, а часам і гаспадаром шэрагу ідэалагічных і адукацыйных мерапрыемстваў дзяржаўнага ўзроўню з'яўляецца галоўны жрэц еўраазіятызму – Аляксандр Дугін.

Слова «жрэц» тут ужыта не ў метафарычным, а ў літаральным сэнсе. Дугін часта выступае з пазнакай «філосаф», «сацыёлаг», «інтэлектуал». Навуковая вартасць ягоных твораў неаднаразова была аб'ектам выказванняў як расейскіх, так і замежных навукоўцаў. Дугін з'яўляецца «філосафам» або «сацыёлагам» прыкладна ў тым жа сэнсе, у якім Сталін быў «выбітым філолагам» або Лысенка «выбітным біёлагам». Дугін – гэта жрэц-акультыст, які з маладых гадоў жыва цікавіцца рознага роду містычнымі вучэннямі і практыкамі, арыентаванымі на змрочныя бакі чалавечай экзістэнцыі. Яго «філасофія» зводзіцца да апантанасці культам Сілы – брутальнай і знявольваючай Сілы, якая не пакідае права выбару і магчымасці новага шанцу.

У 80-х Дугін быў членам «Чорнага ордэна SS», у 90-х – адным з лідэраў «Нацыянал-бальшавіцкай партыі», якая намагалася спалучаць нацызм і сталінізм. Напрыканцы эры Ельцына Дугін са сваёй ідэалогіяй (лепш сказаць: рэлігіяй) становіцца часткай крамлёўскага істэблішмэнту. Спачатку – дарадца старшыні Дзярждумы Селязнёва, пазней – старшыня секцыі «Цэнтр геапалітычных экспертызаў» пры старшыні Дзярждумы, а з сакавіка 2012 года – член Экспертна-кансультацыйнай рады таксама пры старшыні Дзярждумы.

Дугін не перастаў захапляцца вучэннямі фашыстоўскага толку. Хоць зацікаўлення да гітлерызму ён зараз не дэманструе (як тое рабіў у маладосці), аднак надалей не хавае сімпатыі да тэарэтыка італьянскага фашызму Юліюса Эволы, актыўна супрацоўнічае з французскім ідэолагам «Новай правіцы» Аленам дэ Бенуа і працягвае свае падарожжы ў свет эзатэрыкі і містыцызму. Тады як яго былая Нацыянал-бальшавіцкая партыя засталася ў апазіцыі, ён зрабіў стаўку на праніканне «ўнутр» уладных структур Расеі і ўплыванне на вялікую палітыку знутры. І не пралічыўся: у пуцінскай камандзе ён знайшоў мноства ўдзячных слухачоў і энергічных рэалізатараў ягонай містычнай візіі.

Тымчасам мы чуем, што Крэмль абвесціў вайну «нэанацызму», які быццам бы распаўзаецца па Украіне. Мы бачым, з якой лёгкасцю крамлёўская прапаганда маніпулюе паняццямі і як няўдала маскіруе шавіністычны кампанент сваёй дактрыны. Ніколі не быў сімпатыкам украінскага нацыянальнага радыкалізму, аднак бачу выразную розніцу паміж украінскім нацыяналізмам і расейскім еўраазіятызмам.

Украінскі нацыяналізм – пераважна абарончы, з моцным культурніцкім кампанентам і лагоднай мілітарысцкай складовай – ні ў якое параўнанне не ідзе з агрэсіўным, імперыялісцкім, акультурным і суцэльна мілітарызаваным расейскім еўраазіятызмам. Дадамо банальную, але важную заўвагу, што ўкраінскія нацыяналісты – гэта ўсяго толькі адна з сілаў, і далёка не асноўная, якая стаяла за падзеямі Еўрамайдану.

Расея мела шанец стаць культурнай імперыяй. Расейская культура — гэта агромністая прастора дынамічных артэфактаў, якія валодаюць вялікім патэнцыялам уздзеяння. Як у краінах СНД, так і ў цэлым рэгіёне Расея магла б стаць магутным культурніцкім цэнтрам. І гэтую магутнасць ніхто не змог бы ў яе забраць. Магла б, але на жаль, зараз крамлёўскі імперыялізм знішчае культурнае вымярэнне патэнцыялу Расеі.

Крэмль прыкладае шмат намаганняў, каб расейская культура на доўгія гады асацыявалася з гвалтам, брутальнасцю і цынізмам. Пуцінскі Крэмль – гэта вораг расейскай культуры і расейскай духоўнасці.

Праз сваю бязглуздую палітычную экспансію яны паралізуюць расейскую культурную экспансію.

Сёння мы мусім праявіць глыбокую салідарнасць з мужным і гордым Украінскім Народам. Але патрэбна таксама салідарнасць больш шырокага маштабу. Трэба, каб у рэгіёне паўстала міжнародная – перадусім духоўная – кааліцыя супраць крамлёўскага еўраазіятызму. Пры гэтым, наколькі гэта магчыма, неабходна старанна адрозніваць расейскую культуру і крамлёўскі імперыялізм. Расейская культура – каштоўная і ўзбагачальная, імперыялізм – небяспечны і разбуральны.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Пётра Рудкоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера