Знайсці
08.03.2014 / 13:216РусŁacБел

Незвычайныя людзі: пастар у гарсавеце

Нячаста сустрэнеш такога чалавека, як Юрась Аксяневіч.

Ён не проста апантаны беларушчынай і глыбока веруючы чалавек, але яшчэ работнік гарсавета.

Юрась адказна развівае спорт у Белаазёрску і выкладае ў гуртку шахматы. Завітаўшы ў мясцовы гарсавет, я пагутарыла з Юрасём пра дзіўнае спалучэнне паклікання і працы, пра лёс чалавека, які з’ехаў са сталіцы разам з жонкай у маленькі горад.

Былы маладафронтавец

Я выправілася ў гарсавет па абедзе, горад абсалютна пусты, за ўвесь час трапіліся на вочы адна машына і некалькі мінакоў. Адчыняю дзверы — выбягае сабака, пухнаты, прыгожы, грэўся, напэўна, там ад вялікага марозу. «Штосьці не так», — падумала я.

Падымаюся на трэці паверх, іду па калідорах, дзе ледзь не падаю, бо чапляюся аб падраны лінолеум, рамонт на апошні паверх яшчэ не дайшоў. Нарэшце мяне сустракае Юрась.

Юрась — малады хлопец у джынсах, курчавы, з абручом на валасах, вочы блакітныя, ветлівыя, на твары ўсмешка.

Вялікі кабінет, шмат прасторы, два сталы, на стале паперы, сцяжок, кветкі — стандартны кабінет стандартнага гарсавета.

Юрась Аксяневіч нарадзіўся і жыў у Мінску. «У 2002 годзе яшчэ думаў, што Лукашэнка нармальны. Калі жывеш у сваёй ракавіне, цябе не так ужо і хвалюе знешні свет».

Пасля ў выніку пэўных абставін лёсу Юрась пазбавіўся сваёй «ракавіны» і трапіў ў шэрагі «Маладога фронту» і Беларускую хрысціянскую дэмакратыю. У «Маладым фронце» знаёміцца са Змітром Дашкевічам, пачынае наведваць беларускамоўную царкву Яна Прадвесніка.

Адвучыўся ў Акадэміі кіравання

Ужо ў 2006 наш герой ад першай ночы быў на Плошчы і разам з усімі крычаў «Жыве Беларусь!».

«Але я тады яшчэ не быў такім апантаным апазіцыянерам, я выйшаў на Плошчу, бо быў супраць вынікаў выбараў. У той час мая сваячка была старшынёй выбарчай камісіі і (па сакрэце) казала, што лепш туды не лезці».

У той жа час Юрась вучыўся дыстанцыйна ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Пасля разгону намётавага мястэчка адседзеў «свае заслужаныя» 15 сутак.

«Пра гэта, канечне, даведаліся ў Акадэміі і хацелі адлічыць, але чамусьці нікога не адлічылі. Яшчэ мне пашчасціла, што за мяне заступіўся мой куратар». Паралельна Юрась вучыўся багаслоўю ў каледжы Хрысціян веры Евангельскай. Дзяржаўны служачы-багаслоў — рэдкае спалучэнне.

Далей — вяселле. Жыць з бацькамі маладыя не хацелі і таму пасля вучобы ў духоўным каледжы па накіраванні паехалі ў Сянно, дзе Юрась дапамагаў пастару. «Але я бачыў, як цяжка там было маёй жонцы. Да таго ж там ну зусім працы няма. Ніякіх прадпрыемстваў.

Ваду даюць не заўсёды. У многіх кватэрах стаіць печка, таму жыццё там, канечне, для аматараў.

Тым больш жонка была ўжо цяжарная, і мы вырашылі паехаць на яе малую радзіму — у Белаазерск».

«Так бывае»

На сёння Юрась працуе ў гарсавеце, адказвае за ўсю спартыўную дзейнасць горада, за ўсе спартыўныя гурткі ды мерапрыемствы. А пасля працы бяжыць у мясцовы ЦПП (цэнтр пазашкольнай працы), дзе вучыць дзетак гульні ў шахматы. «Я заўсёды любіў шахматы, гэта вельмі інтэлігентны від спорту». Дарэчы, у шахматны гурток Юрасю дапамог уладкавацца былы камуніст, які на старасці год прыйшоў да Бога. «Так бывае».

Жыць у маленькім горадзе Юрасю падабаецца. «Мінск карысны хіба тым, што можна зарабіць добрыя грошы. А што тычыцца сямейных каштоўнасцяў, то іх развіццю вельмі спрыяюць маленькія гарады. Да таго ж тут вельмі добра гадаваць дзетак.

Ад чыстага паветра і прыроды — да вялікай колькасці гурткоў». Але, па словах Юрася, існуе праблема празмернай колькасці часу. «Яго шмат, моладзь часам не ведае, чым сябе заняць, і адсюль усе праблемы».

Юрась у свой час быў памочнікам пастара, і для яго вельмі істотна, наколькі людзі горада рэлігійныя. Жаданне ладзіць шматлікія хрысціянскія мерапрыемствы ў гэтым горадзе ніколі не знікае. «Мяне вельмі дзівіць спецыфіка веры мясцовых жыхароў, большасць з іх пазіцыянуе сябе як праваслаўныя, а на практыцы гэта ўсё спалучана з бабкамі-шаптухамі ды нейкімі чарамі».

«Чаго мне баяцца»

«Наркаманаў тут шмат, я здзівіўся. Дзе яны тут хаваюцца, не ведаю. Людзі скардзяцца, а іх нават не забіраюць. Я пытаюся: «Чаму іх не затрымліваюць?» А мне кажуць, што павязана ўсё.

Магчыма так і ёсць. Бо навошта саджаць, гэта ж павялічвае крымінальную статыстыку горада».

Што тычыцца заробку, то ў гарсавеце Юрась атрымлівае каля 2-х мільёнаў, пасля бяжыць на працу ў шахматны гурток, дзе яшчэ палова стаўкі, яшчэ мільён. Такія грошы зусім невялікія, калі дома чакае цяжарная жонка з 8-месячным немаўляткам.

«Мая жонка хвалявалася пра наступствы нашай гутаркі. А чаго мне баяцца? Згубіць пасаду, дзе я атрымліваю 1,9 мільёна? Гэта смешна.

Людзі баяцца згубіць сваё наседжанае месца, хоць атрымліваюць часам капейкі. Што, у мяне рук ды ног няма, каб рабіць нешта іншае? Тут можна жыць на меншыя грошы, чым у Мінску.

Зняць двухпакаёку ў Мінску можна ад 400-500 даляраў, а ў Белаазёрску каля 50 даляраў за двухпакаёўку».

Беларуская мова як пірсінг

Але, як кажа Юрась, нягледзячы на ілюзорную забяспечанасць, людзі бунтуюць, бунтуюць ціха, унутрана. «Але як бы банальна ні гучала, але сапраўды яны задаюцца пытаннем — «А можа так і трэба?» Людзі будуць жыць супакойна без бунту нават пры самых мінімальных заробках. Аднойчы я гутарыў з бабуляй, якая сказала мне: «Я не люблю Лукашэнку, але буду за яго галасаваць». Я не ведаю, што можа іх ускалыхнуць. Для іх галоўнае, каб іх не краналі, галоўнае мір навокал. Але ж які мір, калі людзі знікаюць, ці ніхто гэтага не заўважае, ці не жадаюць заўважаць».

Па словах Юрася, можна жыць у любым куточку Беларусі, калі побач любімая сям’я і праца, якая табе падабаецца. «Калі я бачу, што я патрэбны і дзеці цікавяцца шахматамі, я вельмі цешуся.

Хочацца, канечне, каб больш хадзіла. Але ўжо варта нешта рабіць, калі бачыш, што хоць аднаму чалавеку патрэбны ты і твая праца»

Што тычыцца стаўлення да беларускай мовы ў гэтым мястэчку, дык яно даволі спецыфічнае. «Нават пастар у царкве сказаў мне, што той, хто размаўляе на беларускай мове, імкнецца вылучыцца, як тыя, што робяць сабе пірсінг ці крычаць пра сваю непаўторную індывідуальнасць. Ну што гэта такое? Ну які ж гэта беларус, які не размаўляе на беларускай мове, ды ладна яшчэ не размаўляе, а шмат тых, хто проста не паважае мову. Калі мы хочам, каб беларуская мова жыла, трэба прыняць, што ёй будуць карыстацца і злачынцы, і тыя самыя наркаманы».

Гарсавет раскрывае магчымасці

У дзень нашай гутаркі Юрась вызваляецца раней, яму трэба бегчы ў гурток, дзе яго чакае хлопчык, з якім вядуцца індывідуальныя заняткі, пазней, а 17 гадзіне, прыйдуць усе астатнія дзеткі. Самым маленькім, дарэчы, толькі 5 гадкоў. Але і яны ўжо актыўна распраўляюцца з шахматнымі камбінацыямі.

«Ведаеце, усё ж такі праца ў гарсавеце дае шматлікія магчымасці. Гэта, канечне, вабіць. На маленькі горад пару б актыўных людзей — і сапраўды можна зрабіць тут шмат добрых справаў.

Шмат хто, канечне, тармозіць у працы, але і з гэтым можна змагацца. Да таго ж нават улада пойдзе насустрач табе, калі бачыць, што намеры твае чыстыя і карысныя для горада. Тут не адны пачвары ці робаты сядзяць, кожны з іх чалавек і з кожным можна знайсці агульную мову. Прагрэс тут будзе, калі я буду пры ўладзе (смяецца)».

Вольга Гарапучык, Белаазёрск

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера