Знайсці
08.03.2014 / 09:322РусŁacБел

Карункі з начосам. Камертон тыдня ад Сяргея Ваганава

Нібыта лёгкі землятрус скалануў Савец…, прабачце, Мытны саюз — забарона на карункавыя трусы.

Землятрус выклікаў хвалю пратэстаў — пад сцягам барацьбы за жаночую прыгажосць. Казахстанскія дзеўкі нават начапілі трусы на галовы. Там, праўда, усё сышлося ў адно: трусы, дэвальвацыя і дыктатура…

Ведалі б забаронцы і абаронцы жаночай прыгажосці, якая з дасягнутых імі вышынь духу адкрываецца гістарычная далячынь! Хай сабе не далей за 1944 год. Але ж і гэта не мала. Бо я ўжо паспеў пражыць тры гады, вярнуцца з эвакуацыі ў Мінск і трапіць з цёткай Надзеяй у жаночую лазню…

І што ж бачыцца сёння ў той далечыні?

Бачацца нейкія рэйкі, цяплушка, што па тых рэйках грукоча да паўразваленага дома на Маскоўскай, бамбёжка і страшэнны восеньскі ўраган.

Бамбёжка, на дзіва, мяне зусім не палохала. Мо таму, што ўражвала захапляльнай прыгажосцю начнога неба, па якім соўгаліся промні пражэктараў, асвятляючы лёгкія карункавыя — так, менавіта карункавыя! — аблокі… Ды й ці была яна, тая бамбёжка? Я ўдакладняў у цёткі Надзеі, калі ёй было ўжо пад сто гадоў. Так, пацвердзіла яна, бамбілі. Але недзе за горадам, да горада не даляцелі…

А вось ураган ахапіў усю маю дзіцячую істоту неймаверным жахам. Ён так раз’юшана грукатаў жалезам па спехам залапленым даху, свісцеў па таямнічых завуголлях, хістаў за вакном дрэвы, з ляпаннем кідаўся ў шкло пажоўклым лістападаўскім лісцем, нават у пакоі хістаў цемру разам з цьмяным агеньчыкам ад газоўкі. Цётка Надзея туліла мяне да сябе, а потым пачала апранаць, каб ісці ў нейкую лазню. І вось тут ужо я напалохаўся да енку. Бо лазня, па-руску баня, адразу ўявілася жытлом жахлівага Бабая, што няўмольна сочыць за маімі паводзінамі…

Я ўпіраўся, нават біўся, калі цётка Надзея падхапіла мяне на рукі… Да таго часу яна заўжды купала мяне ў тазіку. Ставіла ў закутку пакойчыка, дзе мы з ёй жылі, палівала з глечыка цёплай вадой… А тут ураган, цемра, нейкая лазня, Бабай…

Страх сцішыўся адразу, як толькі скрозь гарачую вільгаць я ўбачыў мноства аголеных жаночых целаў. Сёння я разумею, што мо ўпершыню ў жыцці да маёй дзіцячай душы дакранулася сапраўдная прыгажосць.

Так, я ведаў, што ў мяне прыгожая мама, вельмі прыгожая, асабліва калі цалуе на ноч; ведаў, што прыгожы тата — на здымках, якія ён дасылаў з вайны, бо ягонай калючай шчакі яшчэ трэба было дачакацца; урэшце рэшт, бачыў прыгожае, у промнях пражэктараў, неба… Пра цётку Надзею нават не думаў, што яна прыгожая. Жылі ў адным пакойчыку, яна ніколі не саромелася распранацца пры мне… Але якая тут прыгажосць? Звычайная з’ява…

А вось тут, у лазні, мяне ахапіла зусім незвычайнае, незнаёмае пачуццё. Сорам? Мо і сорам. Хаця чаго магло саромецца трохгадовае хлапчанё? Пачуццё жаночай прыгажосці? Таксама не вельмі дакладна. Бо як магло трохгадовае хлапчанё адрозніваць жаночыя целы па прыкметах знешняй прыгажосці? Адно што па прыкмеце ўласнага адрознення. Але што магло разумець у тым адрозненні трохгадовае хлапчанё?

…Цётка Надзея пайшла па ваду. «Паглядзіце за ім, каб не слізгануўся». — «Не хвалюйцеся, — жанчына, што мылася побач, ласкава пагладзіла мяне па галоўцы, — табе падабаецца мыцца?» І з нейкай таямнічасцю ціхенька засмяялася…

Я не ведаю, чаму запомніў тую жанчыну на ўсё жыццё. Мо таму, што праз яе ціхую пяшчотнасць у маёй няўцямлівай дзіцячай падсвядомасці ўпершыню нарадзілася адчуванне таго, што сапраўдная прыгажосць заўжды таямнічая…

Як прыгажосць Моны Лізы.

…Але прабачце, забыўся на забарону карункавых трусоў — найвялікшага на былой савецкай прасторы дасягнення дэмакратыі, яе, так бы мовіць, сцяга. А тут такі замах на святыню, на жаночую прыгажосць, што насамрэч сталася сімвалам часу!

То бок сімвалам спалучэння сумнеўнага бізнэсу і палітыкі — ад конкурсаў прыгажосці да Femen…

Дарэчы, пра Femen: іх акцыі былі б куды больш крутымі, каб яны намагаліся ратаваць свет не аголенымі грудзьмі, а выродлівымі, з савецкага часу, рэйтузамі з начосам. Ды й пратэст іх казахстанскіх паслядоўніц быў бы больш выразным, калі б начапілі на галовы тыя ж самыя рэйтузы. А так што? Адрыжка савецкага дэфіцыту…

Нехта вырашыць, што жартую. Які жарт? Дагэтуль памятаю, як скаланулася напачатку 60-х грамадства, калі вялікі сябра СССР Іў Мантан зладзіў у Парыжы выставу савецкай жаночай бялізны. А міністр лёгкай прамысловасці СССР Тарасаў? Сам чуў, як ён адказаў на пытанне калегі-журналісткі пра калготкі: «Савецкім жанчынам, — глыбакадумна прамовіў былы футбаліст, — калготкі не патрэбны». Не паверыце, гэта быў пачатак 80-х…

У пэўным сэнсе выродлівасць савецкай бялізны і адсутнасць калготак даканалі СССР. Так што абаронцам карункавых трусоў ёсць на што спадзявацца ў барацьбе з дыктатурамі. Вось толькі каб памяталі, як рэйтузы з начосам ратавалі іх бабуль на лесапавалах, у халодных бараках, на скразняках заводскіх цэхаў, на калгасных палях і на ўкладцы чыгуначных шпалаў… Канечне, прыгажэй было б, каб тыя трусы з начосам аздабляліся карункамі. Хаця…

Хаця гляджу на Мону Лізу і думаю: чаму не ўзнікае пытанне, якія на ёй трусы?..

Сяргей Ваганаў, [email protected]

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера