Знайсці
07.11.2013 / 17:5613РусŁacБел

Іншы Макс Корж — лепшыя песні і відэа з бел-чырвона-белай эпохі

Рэдакцыя Tuzin.fm адабрала самыя красамоўныя трэкі і відэаролікі, якія здольныя даць уяўленьне пра зусім іншага Макса Каржа.

Макс Корж пачынаў у суполцы Lunclan, якая паўстала ў кастрычніку 2006 году ў Лунінцы. Яны прынцыпова карысталіся беларускай мовай, а сярод іншых маладых рэп-праектаў вылучыліся сваім вялізарным складам. Колькасьць вакалістаў  LunClan сягала 10-12 чалавек. У сваім першым інтэрвію на «Тузіне Гітоў» яны такім чынам тлумачылі гэтую акалічнасьць.

«Справа ў тым, што нашая музыка складаецца на аснове гучнага крыку. І значна прасьцей падняць людзям настрой, калі на сцэну вывальваюцца ўсе 10 чалавек замест аднаго і пачынаюць чытаць. І нам весела і слухачам паглядзець цікава. Гэта заводзіць.

Да таго ж, калі табе адзін чалавек расказвае пра свае палітычныя погляды і пра тое, як трэба жыць, то ты наўрад ці яму паверыш, а калі некалькі, то ты адчуеш больш даверу, маўляў такіх многа, ужо ня страшна. Усё гэта трошкі псыхалягічныя рэчы, на якія мы таксама стараемся зьвяртаць увагу. А ўвогуле, хочацца рабіць сапраўды якасную музыку, каб з нас бралі прыклад і ў астатнім».

У першых творах Lunclan пяецца ў асноўным на дзьве тэмы – каханьне і палітыка. Яны ўвайшлі ў дэбютны альбом «Размаўляй са мной па-беларуску». Яго дагэтуль можна спампаваць на рэсурсе Rap.by. На сваю самую моцную песьню на той час «Краіна мараў» хлопцы зьнялі аматарскі кліп.

Імёнаў сваіх удзельнікі Lunclan не называлі, а на твары навязвалі хусткі. Толькі на прэзэнтацыі іх трэку ў чарце на «Тузіне» у траўні 2008 году стала вядома імя аўтара кампазыцый. Песьню «Працоўны чацьвер» стварыў Макс Корж на сэмпл Боба Марлі.

Трэк быў прадстаўлены такім чынам: «Мы – рэп-гурт, але ў гэтым творы мы паспрабавалі сумясьціць рэп і рэгі. На нашую думку, атрымалася добра. Прысьвячаем гэты трэк усім, хто жыве ў вялікім горадзе.

Тым людзям, хто мітусіцца штодня, з дому да працы, з працы дадому. Тым, хто па паўгадзіны стаяць у корках. Гэтым трэкам мы хацелі сказаць, што кожны з нас чалавек, а ня робат і кожны з нас мае права на адпачынак у незалежнасьці ад часу. Мы ўпэўненыя, што калі людзі будуць слухаць гэты трэк у гадзіну пік, то іх настрой заўважна ўздымецца».

Lunclan – Працоўны чацьвер

Песьня мела пэўны посьпех на «Тузіне Гітоў», заняўшы па выніках галасаваньня другое месца ў чарце. На той час удзельнікі Lunclan паступілі на вучобу ў Менск хто куды. Корж пайшоў на факультэт міжнародных адносінаў у БДУ (правучыўся, праўда, толькі два курсы). Тады ён пачаў працаваць, як сольны выканаўца. У асноўным дуэтам з удзельнікамі менскай рэп-тусоўкі M.U.Skool. Прычым працягваў падкрэсьлена карыстацца беларускай мовай. Адзін з аматарскіх кліпаў тых часоў – вясёлае студэнцкае відэа «Чукчы».  

Увага – ненарматыўная лексіка!

Больш цэнзурны трэк тых часоў – My World, які Корж запісаў разам з тым жа Akme ды Bloody Свiнакол, які цяпэр у яго на бэк-вакале.

Корж feat. Akme feat. Bloody Свiнакол - My World

Што да фармацыі Lunclan, то апошні раз на публіку яны выйшлі ў траўні 2010 году, калі ў клюбе «Рэактар» прайшоў Першы фэстываль беларускамоўнай рэп-музыкі.

Дарэчы, пра гэты канцэрт Макс згадвае ў песеньцы «Cеть»: «Когда в “Реакторе” с трудом мы прокачали пустой зал рукой. И мы с пацанами сразу ушли в запой. Вот что я имел ввиду, тогда сказав тебе, что скоро мы взорвём». Лунінецкія рэперы тады ў сваім выступе выхваляліся набытай менскай прапіскай, ганарліва заявіўшы прысутным, што яны прыехалі з Розачкі ды Грушаўкі ды прэзэнтавалі песьню пра сталіцу, якая магла бы з поўным правам пратэндаваць на рэп-гімн Менску.

Lunclan – Менск

Хлопцы запісалі пару новых трэкаў, але да альбому справа не дайшла. Макс узяўся за кар’еру ўсур’ёз. Пісаць вырашыў па-расейску, каб пацэліць у тутэйшую клюбную аўдыторыю. Кліп новага Каржа «Небо поможет нам» зрабіў яго далейшае жыцьцё. Цяпер у гэтага відэа больш за 1 000 000 праглядаў на Youtube. Агулам жа агульная лічба праглядаў яго афіцыйна выкладзеных кліпаў перасягнула ўжо 5 мільёнаў праглядаў.

Выканаўца зь Беларусі падпісаўся з расейскім лэйблам Respect Production, які працуе з «Кастай» ды стаў частым госьцем у Маскве ды Піцеры. Песьні па-беларуску ў яго рэпертуары зьніклі чыста.

Аднак, перад сваім першым вялізарным менскім сольнікам у Палацы спорту ў інтэрвію Tuzin.fm. выканаўца заявіў, што беларушчыны не выракаецца.

«Зь беларускамоўнага рэпу я нікуды не сыходзіў. Проста я цяпер працую трохі ў іншай плыні. Так, канечне, у мяне будуць трэкі. Хутчэй за ўсё, яны будуць па-за альбомам, але будуць. У мяне, дарэчы, яшчэ ёсьць шмат недаробленых дэмак на мове з тых часоў, калі я займаўся беларускамоўным рэпам.

Ведаеш, так атрымалася, што гэта неяк у тупік усё ішло. Ды і проста дзяўчына мяне зблытала і я запісаў песьню «Где твоя любовь» на расейскай мове. І ўсе такія — так, крута-крута! І разумееш, калі людзі кажуць, што гэта крута — спыніцца цяжка. Вось і ўсё. Многія людзі казалі, маўляў: «Ну, а якая розніца на якой мове рабіць?» Я раней думаў, што ніколі ня буду на расейскай мове чытаць, але многія казалі: «Ты прыносіш людзям кайф, дабро, пазытыў, чаму б і не зачытаць?» Ну вось так усё і адбылося».

Сяргей Будкін, Tuzin.fm

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера