Знайсці
11.09.2007 / 07:22106РусŁacБел

Архібіскуп спецыяльнага прызначэньня

Каталіцкі мітрапаліт выканаў сваё спецзаданьне ў Маскве. Прызначэньне ў Беларусь – гэта, як здаецца паводле яго асабістых якасьцяў, таксама спецпрызначэньне. Але мы можам толькі здагадвацца аб яго сэнсе.

Пакуль што няма афіцыйнага ўдакладненьня інфармацыі, якую абвесьціла італьянская газэта, але ўжо тое, што гэтую інфармацыю Ватыкан не абверг, надае ёй пэўную праўдападобнасьць. Праўдападобна гэта і з пункту гледжаньня агульнай лёгіцы сучасных праваслаўна-каталіцкіх адносін.

Халодная напружанасьць паміж Масквой і Ватыканам зараз адчувальна зьмяняецца на пацяпленьне. Згуляла сваю ролю, канешне, і зьмена Папы. У Маскоўскай Патрыярхіі як раз напружанасьць ня столькі з каталіцтвам навогул, колькі менавіта з польскім каталіцтвам, якое звыкла прымае славянскую тэрыторыю на ўсход як поле свайго місіянэрства. Больш няйтральны Папа-немец успрымаецца Масквой больш спакойна. Неяк адразу пачалі казаць у Маскве аб магчымасьці сустрэчы маскоўскага Патрыярха і Папы.

Але гэта ўсё, можна сказаць, усё ж не галоўнае. Галоўнае ў новай царкоўнай палітыцы Крамля. А дзяржаўныя інтарэсы гэта заўсёды больш сур’ёзна і вырашальна. Палітыка гэта патрабуе ад Маскоўскай Патрыярхіі засяродзіцца на кансалідацыі замежных расейцаў вакол МП. Адзін з галоўных этапаў гэтай працы адбыўся у траўні гэтага году– аб’яднаньне Рускай Праваслаўнай Царквы і Рускай Праваслаўнай Царквы За мяжой. У гэтай карпатлівай замежнай працы Каталіцкая царква разглядаецца як хаўрусьнік.

Са свайго боку і Каталіцкая царква ня можа ня выкарыстаць зручнага моманту для зьбліжэньня з Масквой, да чаго яна заўсёды імкнулася. Вельмі актыўны і сьмелы на рэзкія выказваньня мітрапаліт Кандрусевіч ня вельмі падыходзіць у гэтай сытуацыі. У дачыненьні да РПЦ ён вёў сябе вельмі дзёрзка. У сваіх шматлікіх выступленьнях у СМІ ён рашуча адхіляў абвінавачаньні Каталіцкай царквы з боку РПЦ у “празелітызме”, “парушэньні кананічнай тэрыторыі” і г. д. Дазваляў сабе крытыкаваць нават і дзяржаўныя ініцыятывы, як, напрыклад, праект зьменаў у Закон аб свабодзе сумленьня.

Праўда, мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч у апошні час зьмяніў тон на больш мірны, але, як бачна, Ватыкан вырашыў пачаць новую палітыку з чыстага аркушу. Гэта не значыць, што архібіскуп рабіў нешта непатрэбна. Наадварот – ён быў пастаўлены ў Маскву ў перыяд станаўленьня рэлігійнасьці, калі шмат людзе шукала адпаведную для сябе царкву. І ў гэты час ён быў фігура як раз тая, што трэба – актыўны, яркі, незалежны, разнастайна адукаваны, ведаючы расейскае жыцьцё, бо некалі там вучыўся. Усё гэта спрыяла таму, што расейцы, для якіх Каталіцкая царква была нейкай замежнай зьявай, пачыналі ёй цікавіцца.

Але зараз іншы час. Рэлігійная прастора больш-менш усталявалася. Кожны атрымаў, што атрымаў, а напаверх выйшлі іншыя мэты. Мітрапаліт выканаў сваё спецзаданьне. Але яму не да пакою, як відаць. Прызначэньне ў Беларусь – гэта, як здаецца паводле яго асабістых якасьцяў, таксама спецпрызначэньне. Але мы можам толькі здагадвацца аб яго сэнсе.

Адразу ўзнікае шмат пытаньняў. Як ён будзе паводзіць сябе ў Беларусі? Ці будзе таксама выказвацца сьмела наконт тых зьяў, якія толькі пачыналі праяўляцца ў Расеі, а ў Беларусі ўжо звыкла існуюць. Напрыклад, наконт абмежаваньняў для замежных сьвятароў. Ці наконт заканадаўчага дзяленьня статусу і магчымасьцяў “традыцыйных” і “нетрадыцыйных” рэлігій, тым больш, што тут Каталіцкая царква – “традыцыйная”. Навогул, ці зможа ён шчыра і прынцыпова выказвацца ў краіне, дзе пануе аўтарытарны рэжым і любая самастойная пазыцыя вызывае незадаволенасьць з боку ўлады? А калі ня будзе ўсё ж маўчаць, ці знойдзецца яму адпаведная трыбуна? Ці пойдзе ён на супрацоўніцтва з нелегальнымі ці напалову легальнымі СМІ апазыцыйнага напрамку? Зноў жа – як тады з уладай? У прынцыпе Каталіцкая царква звычайна імкнецца любым коштам падтрымліваць мір з уладай. Нават з палымяным рэвалюцыянэрам Кастра змаглі дамовіцца. Але адна справа калі памяркоўна вядзе сябе чалавек, які і быў памяркоўны. Другая – калі гэта чалавек, якога ўжо ведаюць як сьмелага і прынцыповага, які не змаўчыць. І каталікоў тут значна больш – усе яны будуць нешта чакаць. Большасьцю зусім ня тое, што чакае ўлада.

Таксама яшчэ невядома як будзе ставіцца каталіцкі мітрапаліт да беларушчыны ў касьцёле. У Маскве ён лічыўся прапольскім. У той час, калі ён быў у Беларусі, таксама не пакінуў аб сабе ўспаміны аб такім ужо прыхільнікам беларускай мовы. Але калі ён жадае вырашыць нейкую задачу, пэрспэктыўную для каталіцтва, яму трэба абапірацца на беларусаў, а не палякаў. А каталікі-беларусы гэта звычайна людзі маладыя і актыўныя, зноў жа прыхільныя да апазыцыі.

Можна чакаць, што прызначэньне Тадэвуша Кандрусевіча можна значна паўплываць на балянс двух вядучых канфэсій – каталіцтва і праваслаўя. Мітрапаліт Філарэт заўсёды неяк выдзяляўся сваёй чыста чалавечай калярытнасьцю ў параўнаньні з каталіцкімі герархамі. Кардынал Казімір Свёнтак быў асобай надзвычайнай, але вельмі ўжо ў гадах. Зараз з’яўляецца фігура, якая можа значна павялічыць увагу да каталіцтва з боку нецаркоўнага народу. Але гэта будзе залежыць ад таго, ці застанецца ён такой фігурай, то бок ад таго, якія будуць з яго боку адказы на пытаньні, якія пастаўлены вышэй.

У любым выпадку архібіскупа Тадэвуша чакае сур’ёзнае выпрабаваньне на ўменьне знайсьці патрэбны балянс, каб мудрасьць царкоўнага палітыка не перашкодзіла пастырскаму.

UPD:

21.09. 2007 Ватыкан пацьвердзіў інфармацыю аб прызначэньні.

Аляксандар ШРАМКО

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930