Знайсці
06.09.2007 / 07:418РусŁacБел

Чалавечнасьць супраць таталітарызму

Днямі паглядзеў фільм “Жыцьцё іншых” (Das Leben der Anderen), які атрымаў Оскара. Але справа зусім нават ня ў Оскары, хаця фільм яго бясспрэчна заслугоўвае.

Днямі паглядзеў фільм “Жыцьцё іншых” (Das Leben der Anderen), які атрымаў Оскара. Але справа зусім нават ня ў Оскары, хаця фільм яго бясспрэчна заслугоўвае. Фільм паказаўся мне цікавым ужо ужо паводле кароткага апісаньня сюжэту. Сюжэт просты, але вельмі актуальны для нас у Беларусі. Дзея адбываецца ў ГДР у 1984 годзе перад самым прыходам да ўлады ў СССР Гарбачова. Над усходняй Германіяй вісіць цяжкая хмара гэбэшнага рэжыму Хонэкера. Штазі, гібрыд гестапа і энкавэдэ, пільна выследжвае праявы якога заўгодна іншадумства.

Аднаму пасьпяховаму і пэрспэктыўнаму супрацоўніку гэтага ведамства даручаецца праслухоўваньне кватэры вядомага драматурга з мэтай знайсьці на яго нейкі палітычны кампрамат. Здавалася, што працу паводле ўсіх паказчыкаў даручылі чалавеку, які выканае яе найлепшым чынам. Да гэтага моманту ён сапраўды быў самаадданым служкам рэжыму, бязьлітасным і жорсткім, бязьлітасны і жорсткі да любога, хутчэй ня чалавек, а робат бяз сэрца. Але атрымліваецца неверагоднае – шрубак моцнай непераможнай на выгляд сыстэмы дае збой. Паступова гэты чалавек пад уплывам іншага жыцьця, якое адкрываецца яму ва ўсіх дробязях, пачынае ўсё больш і больш пранікацца спачуваньнем да гэтых чужых яму людзей. Спачатку ён пакрывае “крамольныя” словы, якія чуе, а потым ужо і дзеі. І нарэшце ўжо ўласнымі рукамі ўстараняе рэчавыя доказы з кватэры. Робіць гэта вельмі рызыкуючы, так што сам пападае пад падазрэньне. Гэты першы сапраўды чалавечы ўчынак каштуе яму ўсёй кар’эры, яго назаўжды зводзяць на самую нязначную пасаду.

Зразумела, выпадак надзвычайны. Таму няма сэнсу спрачацца на тэму таго, ці праўдападобна паказана рэчаіснасьць. Канешне, аўтары фільму ня ставілі сабе задачу паказаць тыповага супрацоўніка Штазі.

Галоўная ідэя, я думаю, гэта адказ на пытаньне, якое заўсёды паўстае пры любым таталітарызму – што мы, слабыя людзі, можам зрабіць супраць усёмагутнай сыстэмы. Аказваецца, яна проста не вытрымлівае сустрэчы з сапраўднай чалавечнасьцю. Як ня дзіўна, не барацьбы яна баіцца., бо ворагі ёй нават патрэбныя, каб няспынна працаваў яе мэханізм. Але вось не барацьба, а проста чалавек, які пайшоў супраць тых эгаістычных інстынктаў, на якіх і трымаецца, на якія разьлічвае сыстэма. І, хто ведае, магчыма менавіта гэтыя вельмі рэдкія, але вельмі балючыя для сыстэмы збоі, урэшце і зруйнавалі яе.

Дарэчы, нават дзіўна, што такі фільм яшчэ змог трапіць на экраны Беларусі. Гэта ўсё так для нас блізка і актуальна, што напрыканцы сэансу прагучалі воплескі. Потым у Інтэрнэце прачытаў, што расейскі кінакрытык Троіцкі раней публічна заверыў, што гэты фільм ніколі ня будзе на экранах не тое што Беларусі, але і Расеі, нават раіў глядзець гэты фільм дома пры шчыльна зачыненых шторах.

Ну і, зразумела, шмат што я пабачыў блізкага і да маёй ўласнай сытуацыі ў царкве – сыстэма яна паўсюды сыстэма. Пачуў нават амаль дакладна вельмі знаёмыя словы і пабачыў той жа тыпаж.

І вось што яшчэ цікава, адзін з галоўных момантаў, на які шмат хто зьвярнуў увагу. У канцы фільму драматург даведваецца, што ён быў “пад назіраньнем”. Ужо адбылося аб’яднаньне Германіі, і Штазі ператварыўся ў архіў-музэй, дзе кожны можа паглядзець усе свае “справы”, даведацца, хто за ім сачыў і хто дакладаў. Немагчыма гэта ўявіць у нас. Як у Расеі і нават у Ўкраіне. Зразумела, скажуць, там жа ГДР стала часткай іншай краіны. Так-так, вось у гэтым і справа, што мы працягваем жыць у той жа краіне. Ня дзіўна гэта зараз – усім бачна, што за рэжым зараз правіць. Але, страшна ўявіць, але я ў гэтым амаль упэўнены, што нават пры змене ўлады яшчэ доўга мы не пабачым адкрытага для наведвальнікаў архіву-музэю сакрэтных службаў прысавецкага і пасьлясавецкага часу.

Аляксандар ШРАМКО

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930