Знайсці
22.07.2013 / 04:325РусŁacБел

Навукоўцы навучыліся падымаць прадметы ў паветра гукавымі хвалямі

Навукоўцы навучыліся падымаць аб’екты і перамяшчаць іх у паветры з дапамогай гукавых хваляў.

Гаворка ідзе аб кроплі вады велічынёй некалькі міліметраў, але даследчыкі кажуць, што ў будучыні змогуць падымаць і людзей. Праўда, яны не ведаюць, ці зможа чалавек вытрымаць такі «атракцыён».

Даследчыкам з Лабараторыі тэрмадынамікі і найноўшых тэхналогіяў у Цюрыху ўпершыню ўдалося падняць над паверхняй кроплі вады, злучыць іх і пакруціць зубачыстку ў паветры, піша выданне New Scientist. Прынцыповым адрозненнем новай тэхналогіі, якая выкарыстоўвае сілу гуку для процівагі гравітацыі, ёсць магчымасць кантраляваць рух паднятых аб’ектаў.

Дзімас Пулікакас і яго калегі распрацавалі сістэму рэзанатараў, якая стварае так званую стаячую гукавую хвалю і можа змяняць яе форму, тым самым перамяшчаючы паднятыя ў вузлах гэтай хвалі аб’екты. Падчас эксперыменту навукоўцы злучылі дзве кроплі вады, а таксама грануляваную распушчальную каву з кропляй вады.

«Упершыню можна рухаць матэрыю такім бескантактавым, але кантраляваным спосабам», — заўважае Дзімас Пулікакас.

Левітацыя была магчымая і да гэтага часу, і не толькі як фокус ілюзіяністаў. Навукоўцы ўздымалі ў паветра жаб і ссоўвалі цягнікі. Аднак раней для таго, каб падняць штосьці ў паветра, выкарыстоўваліся магнітныя і электрастатычныя палі. Яны істотна абмяжоўвалі характарыстыкі аб’ектаў левітацыі — гэтыя аб’екты мусілі мець пэўныя электрычныя ці магнітныя ўласцівасці.

Затое высокачастотныя акустычныя хвалі дазваляюць падымаць розныя прадметы, незалежна ад іх уласцівасцяў, з адной умовай: максімальны дыяметр аб’екта павінен адпавядаць палове даўжыні гукавой хвалі, якая ўжываецца для левітацыі. «Гэтая тэхналогія дазваляе падымаць і перамяшчаць што заўгодна», — кажа Дзімас Пулікакас.

Цяпер тэхналогія абмежаваная невялікімі аб’ектамі са шчыльнасцю як у вады, але навукоўцы чакаюць, што змогуць падымаць і перамяшчаць нават людзей, бо шчыльнасць цела чалавека не надта перавышае шчыльнасць вады. Памеры таксама не маюць значэння. Але чым большы аб’ект, тым большай павінная быць амплітуда хвалі, якая трымае яго ў паветры. Аднак значная сіла хвалі азначае значную сілу процівагі. «Не ўпэўнены, што чалавек зможа перажыць акустычныя хвалі», — адзначае Дзімас Пулікакас.

Акустычную левітацыю плануюць выкарыстоўваць для вывучэння хімічных рэакцыяў у экстрэмальных асяроддзях, перамяшчаць небяспечныя рэчывы, а таксама сімуляваць нізкую гравітацыю космасу.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930