Знайсці
09.06.2013 / 09:547РусŁacБел

«Чужыя» з прабіркі

Якая пагроза ідзе ад кланавання чалавека і ствалавых клетак. Піша Пятро Прымшыц.

Пачаткам гісторыі ствалавых клетак лічыцца 1908 год, калі расейскі гематолаг (доктар, які займаецца лекаваннем хваробаў крыві) Максімаў упершыню ўвёў тэрмін «ствалавая клетка». У 60-х гадах мінулага стагоддзя расейскія біёлагі А. Фрыдэнштэйн і І. Чарткоў выявілі ствалавыя клеткі ў касцявым мозгу, якія мелі ўнікальную здольнасць да аднаўлення. Аднак ацаніць сапраўдную значнасць гэтага адкрыцця чалавецтва здолела толькі амаль праз паўвеку.

Цікава, што «Кароткі расейска-беларускі фізіялагічны слоўнік» А. Стасевіча і С. Варыёцкага (Мінск: Тэхналогія, 1993) перакладае расейскі тэрмін «стволовая клетка» як «вуза-заснавальніца, растковая вуза».

Мільярды клетак растучага арганізму паходзяць усяго толькі з адной клеткі (зіготы), якая ўтвараецца ў выніку зліцця мужчынскай (сперматазоід) ды жаночай (яйцаклетка) палавых клетак (гаметаў). Гэтая адзіная клетка ўтрымлівае не толькі інфармацыю аб арганізме, але і схему яго паслядоўнага развіцця.

Дзякуючы сваёй здольнасці ператварацца ва ўсялякую тканку, ствалавыя клеткі могуць выкарыстоўвацца для лекавання велізарнай колькасці захворванняў. Аднак якой бы важнай ні была праблема эфектыўнай барацьбы з захворваннямі, здаецца, што не гэта распаліла жарсці ў грамадстве.

Адкуль узяць ствалавыя клеткі? Гэтых клетак у нашым арганізме вельмі мала: у эмбрыёна — адна клетка на 10 тысяч, у чалавека ва ўзросце 60—80 гадоў — адна клетка на 5—8 мільёнаў. І што значыць «узяць»? У асаблівасці, «узяць» у эмбрыёна? Няхай кожны сам дадумае «дэталі» ў меру сваёй адукаванасці ды абазнанасці.

І яшчэ адна праблема. Гэта — сакраментальнае слова «кланаванне». Жывыя істоты з пробаўкі (прабіркі) з загадзя закладзенымі ўласцівасцямі. Цалкам магчыма, што для абазнанага чалавека, для біёлага-навукоўцы гэтая думка бачыцца, прынамсі, смешнай альбо нават папросту бязглуздай.
Аднак кланаванне жывых істотаў з закладзенымі ўласцівасцямі — гэта пытанне тэхналогіі і часу. Прынцыпова яно вырашанае. Кланаванне становіцца ў адзін шэраг з такімі глабальнымі паваротамі ў гісторыі чалавецтва, як карыстанне агнём альбо атамнай энергіяй. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі вялікія вынаходніцтвы абарачаліся на знішчэнне людзей. Як гэта выглядае з кланаваннем? Тут, мабыць, няма патрэбы асабліва напружваць фантазію. Дастаткова прыгадаць дзясятак­другі галівудскіх фільмаў-жахаў.

Спяшаюся аднак запэўніць, што ні ў якім разе не хачу лямантаваць: «Усё прапала і Бобік здох! Хаваймася ў бульбу!» Зразумела таксама, што кожны мне запярэчыць: «А на якое ліха тады панамалёўваў жахаў!?»

Згодзен. Панамалёўваў. Не дзеля таго, каб схаваць гэтае вынаходніцтва разам з яго аўтарамі ў жалезны куфэрак ды павесіць на дубе, што расце ў таемным месцы за морам­акіянам. Якія б грозныя табу хто ні накладваў на даследаванні ў кланаванні, усё роўна гэтыя даследаванні абавязкова, непазбежна ідуць. Будзе катэгарычная забарона — будуць падпольныя лабараторыі. Што там тады «звараць» прафесары марыярці ды мыш’яковічы — адзін Бог ведае. Афіцыйнае дзяржаўнае рэгуляванне — абсалютна неабходная ўмова. Але без падтрымкі грамадства яно праблему не вырашыць. Таму будзьма пільнымі!

Абавязкова яшчэ спатрэбяцца брусы ўілісы, арнольды шварцнэгеры ды сільвестры сталонэ, каб ратаваць чарговым разам чалавецтва ад якога-небудзь прафесара­біёлага/генетыка, апантанага ідэяй ўсясветнага панавання.

Пятро Прымшыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера