Знайсці
25.08.2007 / 14:103РусŁacБел

Усход-Захад-Усход

Шлях мой да Парыжу праходзіў праз падарожжа цягніком да Варшавы, а адтуль ужо самалётам да сталіцы Францыі. З блогу айца Аляксандра Шрамка.

Зразумела, пасьля даволі працяглага пэрыяду безынтэрнэтнага існаваньня нават цяжка адразу ўцяміць, з чаго пачаць пісаць зноў. Тым больш гэта цяжка, што хочаш напісаць і тое , і тое… а што ў першую чаргу?

Пачну, здаецца, з агульнага контуру маршрута. Шлях мой да Парыжу праходзіў праз падарожжа цягніком да Варшавы, а адтуль ужо самалётам да сталіцы Францыі. Можа, гэта камусьці дзікавата чуць, але ў Варшаве я быў першы раз. Таму тыя поўдня, што заставаліся да самалёту, я пасьвяціў павярхоўнаму знаёмству з адным з самых значных гарадоў Эўропы. І менавіта па дарозе ў Эўропу Варшава ўжо даволі бясспрэчна ўспрымалася як эўрапейскі горад, а Польшча як эўрапейская краіна. Хаця, няхай даруюць мне браты палякі, - чыста суб’ектыўнае успрыманьне, - Вільня мне здаецца бліжэй да характэрных рысаў эўрапейскасьці.

Але ўсё залежыць ад параўнаньня… Не адзін раз казалі мне людзі з Расеі, што ім і Менск падаецца даволі эўрапейскім. Самае цікавае, што ніхто толкам ня можа і сказаць, што гэта за эўрапейскасьць такая і якія ў яе крытэры. Сумняюся, што вандроўніку з замежжа больш за ўсё кідаецца ў вочы большы ці меншы ўзровень грамадзянскіх свабодаў. Больш верагодна, што гэта проста нейкі настрой, быццам нязначныя і непрыкметныя дэталі. Калі ўклад жыцьця ня зводзіцца да змаганьня за выжываньне, людзі жывуць яшчэ чымсьці, пры чым, даволі такім неабавязковым. І гэта неабавязковае, але значнае - для кожнага рознае… Але пры гэтым усё разам складае нейкі агульны і стабільны рытм жыцьця, у якім адчуваеш сябе ўтульна, спакойна і свабодна…

І зноў жа скажу – гледзячы яшчэ, што з чым параўноўваць. Бо на зваротным шляху Варшава мне не падалася такім ужо эўрапейскім горадам. Было нават нейкае адчуваньне, што трапіў амаль у Менск. Бо менавіта толькі ў Польшчы я нарэшце пабачыў паліцэйскіх, якіх ці не было, ці яны вельмі ўдала хаваліся ў Францыі. Я дык пытаўся: «Дзе вашыя паліцэйскія? Дзе гэтыя людзі з паласатымі палкамі на дарозе, што ўсіх прыпыняюць, штрафуюць і пільна глядзяць за бясьпекай руху, што называецца ў нас ДАІ? І чаму пры гэтым самым і бяз гэтых стражаў парадку ўсё рухаецца па правілах?» Дарэчы, я ня бачыў ніводнай аварыі. На што мне адказвалі: «Дык у нас жа не паліцэйская дзяржава, як у вас». Даволі слушна, нічога ня скажаш.

Ну, думаю, ужо каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі абавязкова пабачу нейкіх стражаў парадку. Калі не паліцэйскіх, так жандармаў нейкіх – у Францыі гэта рознае, як я ведаў.

Пабачыў. Каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі сапраўды прагульваліся, быцам пазіруючы, інтэлігентнага выгляду маладыя людзі і… дзяўчыны ў парадна-белай форме. І чамусьці ім толькі было прыемна, што іх здымаюць – ніхто не падышоў і не загадаў выдаліць фоткі. Як бачна, драбненькая птушка гэты прэзыдэнт Францыі. Ня тое, што Беларусі.

Але вось вяртаюся, яшчэ ў Эўропе, не ў паліцэйскай дзяржаве, але ўжо паліцэйскія заўважныя. Хаця даволі мірныя, спакойныя. Чамусьці няма нейкага падсьвядомага непакою, калі яны ідуць табе насустрач… Але ёсьць і іншыя прыкметы адлегласьці ад цэнтра Эўропы. Пры тым, здаецца, нечаканыя. Напрыклад, не зусім прыстойнага выгляду вялізарны рэклямны плякат у самым цэнтры гораду. І гэта ў строгай рэлігійна вытрыманай Польшчы пасьля легкадумнай, як лічыцца, Францыі… Захаджу ў падземны пераход – наш родны знаёмы савецкі пах. Пайшоў прагуляцца, каб лягчэй прайшоў час да цягніка – сустрэў чалавек пяць натуральных барыгаў са сьпітымі тварамі. Усё роднае і пазнавальнае.

І, дарэчы, як часта ловіць нас дыявал на гэтае рамантычнае пачуцьцё… У Францыі, паміж іншым, зноў паглядзеў вядомы фільм «Усход-Захад». У гэтым фільме адлюстраваны тыя трагічныя старонкі гісторыі, калі пасьля вайны шмат хто з расейскіх эмігрантаў папаўся на вудачку рамантычнага патрыятызму. Пацягнуліся «працаваць на радзіму», а трапілі ў жорсткія «родныя» лапы рэжыму. І за гэтае глупства прыйшлося расплочвацца ня толькі жыцьцём асабістым, але і сваіх блізкіх. Гэты фільм нагадвае нам усім аб неабходнай цьвярозасьці наконт здавалася б бяспрэчна сьвятога пачуцьця любові да радзімы.

…На мяжы зьмена колаў. Такое ўражаньне, што за вокнамі рэвалюцыя – падымуць вагон, грохнуць на месца… Нешта такое, што нагадвае тыя кадры фільма, калі параход прыходзіць у савецкі порт. Крыкі, сварка… Мат-перамат… Пачынаеш разумець, чаму так залівае наш народ. Гэта ж калі столькі душэўнай моцы трэба для кожнага цягніка на мяжы, хто вытрымае без «рэабілітацыі»? І так ва ўсім… З надрывам, з барацьбой… Бяз лёгкага шансону…

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера