Знайсці
24.05.2013 / 16:2213РусŁacБел

У Нарыльскім паўстанні 1953 года бралі ўдзел і беларусы: апавядае Рыгор Клімовіч

25 мая 1953 года ў Нарыльску адбылася самае буйное паўстанне ў гісторыі Гулага. З гэтай нагоды прапануем вашай увазе архіўны артыкул.

Рыгор Клiмовiч: «Я бачу новых змагароў»

Нарыльскае паўстаньне 25 траўня 1953 году — падзея, якая перакулiла ўяўленьнi аб ГУЛАГу. Дзясяткi тысяч зьняволеных на працягу сарака дзён жылi незалежнай вольнай камунай. 3 лiпеня войскi расстралялi паўстанцаў. Нарыльскае паўстаньне — цi ня самая значная падзея ў гiсторыi менавiта беларускага антысавецкага супрацiву. Паўстаньнем кiравалi пераважна беларусы.

Узначальваў паўстаньне Рыгор Клiмовiч, якi пазьней стварыў гiмн паўстанцаў «Ня страшны нам тыранствы бальшавiзму».
Сёньня гiмн перакладзены на некалькi моваў. Пра Клiмовiча зьняты фiльм, i напiсана безьлiч тэкстаў у Расеi, Украiне i iншых краiнах. У Беларусi Нарыльскае паўстаньне дагэтуль застаецца амаль невядомым. З Рыгорам Клiмовiчам гутарыць карэспандэнт газэты «Наша Нiва» Севярын Квяткоўскi.

Р.К.: Я нарадзiўся пад Гомелем у вёсцы Новацярэшкавiчы, былой Шляхецкай Ваколiцы. Яна была заснаваная шляхтай, якая ў 1532 годзе разам зь Юрыем Радзiвiлам прыйшла вызваляць Гомель ад войскаў Васiля III. Мы — нашчадкi гэтай шляхты.
Бадай, найбольш выразныя ўспамiны з раньняга дзяцiнства ў мяне зьвязаныя з iмем атамана Галакi.

Калi сёньня пiшуць пра антысавецкi супрацiў 20-х гадоў, мала ўзгадваюць аб тым, што поўдзень Гомельшчыны амаль да 1929 году ня ведаў сапраўднай савецкай улады.
Бо тут дзейнiчалi галакаўцы. Сам Галака быў настаўнiкам зь вёскi Пiлiпча Рэпкiнскага павету Чарнiгаўскае губэрнi. База ягоных аддзелаў месьцiлася ў Мохаве Гомельскага павету, там Галака i загiнуў у 1929 годзе ад рукi чэкiста, якi ўцёрся ў давер паўстанцаў.

Усяго байцоў у Галакi было ня больш за тысячу, супраць iх дзейнiчала цэлая дывiзiя чырвоных. Але злавiць паўстанцаў не ўдавалася, бо ў кожнай вёсцы яны мелi свае «вочы» й «вушы».
Галакаўцы вынiшчалi бальшавiцкiя гарнiзоны. Падчас гэтых апэрацыяў iхнае войска павялiчвалася на 4-5 тысячаў байцоў, якiя на ранiцу разыходзiлiся па сваiх хатах...

Я добра памятаю, як iмем Галакi пужалi заежджых савецкiх начальнiкаў: «Сёньня ты камандуеш, а як заўтра прыйдзе Галака, што будзеш рабiць?»

Вядома, гэтае паўстаньне было найперш сацыяльным, ня мела выразнага нацыянальнага аблiчча. Але ж паўстанцам дапамагаў Булак-Балаховiч. Але калi Булак-Балаховiч падаўся ў Польшчу, Галака застаўся. Бо ён быў мясцовы, i усе ягоныя байцы былi мясцовыя. Ён заставаўся да 1929 году. I вось, толькi пасьля Галакi ў нашым краi пачалася савецкая ўлада. Акурат напярэдаднi калектывiзацыi. Як адбывалася гэтая калектывiзацыя — цяжка перадаць, распавесьцi, як людзi аддавалi нажытае ўласным потам...

Аднойчы да нас прыйшла мая стрыечная сястрычка Надзенька, мая аднагодка. Мы селi палуднаваць, мацi паставiла на стол, i Надзеньку запрасiла. А тая яшчэ й лыжкi ня ўзяла, як кажа: «Хутка вы паедзеце на Савiну, а мы на Салаўкi».
I за сталом усталявалася цiшыня, а бацька кiнуў лыжку i ўстаў з-за стала. Я ня ведаў, што такое «Салаўкi», але чуў, што гэта штосьцi страшнае. А ўжо праз тыдзень iх — сям’ю старэйшага брата майго бацькi — вывозiлi, сем душаў. I пяцiгадовую «злачынцу» Надзеньку таксама. Колькi было крыку!.. Я кiнуўся да падводы, салдат высьпяткам мяне адштурхнуў у канаву, мацi падхапiла, я бiўся ў яе на руках... Не адзiн зь iх не вярнуўся.

Праз год-другi напамiн аб Салаўках. Гэта быў канец 29-га цi пачатак 30-га году, ранкам. Мацi зьбiрала сьняданак перад тым, як iсьцi ў поле — нас калектывiзацыя яшчэ не зачапiла. I вось, у нашу хату ўрываецца нейкi худы, абарваны, чорны чалавек.
А на падлозе стаяў чыгун варанае бульбы для парсючка. Чалавек стаў на каленi на ганку i пачаў выграбаць гэтую бульбу i пхаць запазуху. Мацi закрычала: «Ды што вы робiце, мы вам хлеба дадзiм!» Але ён ня слухаў, пакуль увесь чыгун ня выграб. А калi мацi працягнула яму лусту хлеба, ён зразумеў, што ў гэтай хаце для яго няма небясьпекi, i, супакоены, прысеў. Хлеб узяў, але бульбу ня выкiнуў. I тады паведамiў, што ўцёк з Салаўкоў. Чалавек гэты сыйшоў у лес, больш мы яго ня бачылi...

А ў 1933 годзе мы самi пачалi пухнуць з галадухi. У некаторых нашых суседзяў памiралi мае аднагодкi-дзецi. I тады бацька вырашыў, што дзецi нашай сям’i павiнны вучыцца, каб сыйсьцi з калгасу.
Я пайшоў у суседнюю вёску Цяруху. Наша школа была беларуская. А ў нас увогуле расейскай мовы нiколi ня чулi. А калi хто зьяўляўся i гаварыў па-расейску, дык мы глядзелi на яго, як на дзiкуна, i крыўлялi. А зь сярэдзiны 30-х пачалося iншае. У час заняткаў быў арыштаваны вельмi добры, любiмы вучнямi настаўнiк матэматыкi. Потым — настаўнiца беларускай мовы й лiтаратуры, таксама ў час заняткаў. Замест iх прыслалi нейкiх малаадукаваных людзей. Гэта нас абразiла, але трэба было вучыцца далей.

У нас дома былi беларускiя кнiгi. Зараз я гэтых кнiг нiдзе ня бачыў, аб iх нават ня згадваюць. Адна кнiга, самая тоўстая, была мне больш за ўсё даспадобы. Называлася «Наша вёска» Самковiча, Пратасевiча й Гарбацэвiча. Мая дзiцячая бiблiятэчка засталася ў памяцi на ўсё жыцьцё, яна вызначыла маю нацыянальнасьць. Найперш — зборнiк Янкi Купалы, яшчэ дацэнзурнае выданьне...

Я паступiў у Гомельскi iндустрыяльна-пэдагагiчны тэхнiкум. Здаў усе iспыты на «выдатна», але ў расейскай дыктоўцы зрабiў дзевяць памылак. Таму мяне залiчылi ўмоўна. Нягледзячы на тое, што ў тэхнiкуме ўсё было па-расейску, установа яшчэ захоўвала беларускi дух. Тут былi створаныя пазашкольныя гурткi па беларускай мове i лiтаратуры. Напярэдаднi вайны гурткi тыя былi разагнаныя. А пасьля пачалася вайна.

Не магу сказаць, што яна пачалася нечакана. На пачатку 1941 году па ўсiх установах Гомеля быў зроблены загад выкапаць бомбасховiшчы. Мы ў тэхнiкуме яму вырылi, але бярвеньне зьверху не накiдалi, занятыя ўсе былi, у чэрвенi ж iспыты...
Але пра вайну ўсё роўна думалi. Я для насьценгазэты напiсаў верш зь недвухсэнсоўнай назвай «Эўрапейскi цыклён». Мяне выклiкалi да камiсара горада, i той сказаў, маўляў, немцы — сябры, а калi што здарыцца, дык у нас на мяжы такiя арлы стаяць!.. Я на трэцi дзень вайны бачыў, як той камiсар плакаў — арлоў не было.

Я быў маленькi, худзенькi, мяне ў войска ня бралi. Я пагнаў калгасны статак на Ўсход, у Курскую вобласьць. А вярнуўся я дадому перад самым прыходам немцаў. Быў такi выпадак. Калi салдаты нямецкай перадавой лiнii пераскочылi праз наш плот, адна бабулька, якая хавалася пад сталом, перажагналася на абразы i сказала: «Дзякуй Богу, нарэшце нашы пакуты скончылiся». Але калi вёску занялi тылавыя часткi, i немцы пачалi рэзаць курэй, сьвiней, адбiраць, што было лепшага, тая ж самая бабка казала: «Дзе ж тыя партызаны»... Людзi зразумелi, што адно ярмо зьмянiлася другiм.

Я празь лiнiю фронту падаўся ў Саратаў, дзе месьцiўся эвакуяваны з Гомеля тэхнiкум. Дабiраўся паўгады. Як жыў — не перадаць, здабываў хлеб нават варажбою. А ў Саратаве атрымлiваў нейкi харч за тое, што ў публiчнай бiблiятэцы чытаў бабам газэты.
Дырэктарам адной з саратаўскiх установаў быў брат вядомага чырвонага камандзера Будзённага — Мiхал Мiхайлавiч. Ён часьцяком заходзiў у бiблiятэку, каб пабалбатаць з наведнiкамi. У брэжнеўскi час мяне прасiлi, каб я распавёў пiянэрам пра свае сустрэчы з «славутым чалавекам». Але што я мог распавесьцi, не ўспамiны, а анэкдот нейкi. Мiхал Будзённы ўвесь час пiў, а добра выпiўшы, чапляўся да людзей з размовамi. Аднойчы пытаецца ў мяне, што я раблю ў бiблiятэцы. Кажу — чытаю ўслых газэты, але амаль нiчога за гэта не атрымлiваю. А той кажа — мне б тваю працу, i мой заробак.

На пачатку 1943 году Рыгор Клiмовiч накiраваўся ў Маскву, разам зь сябрам, якога прызвалi ў войска. У Маскве Клiмовiча арыштаваў НКВД па абвiнавачаньнi ў «шпiянажы». Яго спрабавалi абвiнавацiць у забойстве камандзера партызанскага атраду, якi базаваўся побач з Шляхецкай Ваколiцай у той час, калi Клiмовiч знаходзiўся на акупаванай немцамi тэрыторыi.

Р.К: Суда нiякага не было. Мяне выклiкалi да сьледчага i зачыталi прысуд. Суседзi па камэры ў сьледчай турме раiлi падпiсаць усе паперы энкавэдыстаў, але я ўпарта адмаўляўся. Ужо седзячы ў лягеры, я зразумеў, што калi б падпiсаў гэтыя абсурдныя абвiнавачаньнi — мяне б расстралялi.

Сьпярша я сядзеў у адным зь сьвярдлоўскiх лягераў. У iм за месяц з тысячы ў жывых заставалася ня больш за шэсьцьдзесят-семдзесят чалавек. Для тых, хто быў на волi, мы лiчылiся «будаўнiчым калектывам мэталургiчнага заводу». Цынус савецкага кiраўнiцтва ўражвае дагэтуль. Калi завод быў пушчаны, Сталiн даслаў вiншавальную тэлеграму нашаму «калектыву» — тысячам трупаў, якiя гнiлi ў зямлi.

Я застаўся жывы толькi дзякуючы таму, што сярод iнжынэраў сустрэў землякоў-беларусаў Сьвiрскага й Вахрамеева, якiя мяне падкармлiвалi.

Наступны, Невенскi лягер, куды я патрапiў, быў ня менш страшны.

Уявiце: былы авiяцыйны ангар, у якiм пад адным дахам жыве больш за шэсьць тысячаў чалавек. Адсюль лягернае начальства адправiла мяне ў так званую «вараўскую камандзiроўку» ў Благавешчанскi лягер. Лепш за ўсё «камандзiровачныя» лягеры характарызуе прымаўка «сто чалавек плачуць — адзiн сьмяецца». У сыстэме ГУЛАГу iснавалi спэцыяльныя, невялiкiя па колькасьцi вязьняў зоны, куды адсылалi на зьнiшчэньне.

Што мяне выратавала?.. Я быў перакананы, што жыць мне засталося няшмат часу — зона цалкам складалася з крымiнальнiкаў. Магчыма, мне дапамагла адсутнасьць надзеi на жыцьцё. Аднойчы ў лягер з праверкай прыбыў пракурор.
Я ў прысутнасьцi ўсiх зэкаў выйшаў i сказаў, маўляў, чаму вы людзей нiзавошта нiшчыце? Гэта ж вы й ваша сыстэма на волi робiць зь iх бандытаў. Усе воры вельмi ўважлiва слухалi маю абарончую прамову. А пракурор закрычаў на начальнiка лягера: «Хто яго сюды зьмясьцiў? Прыбраць!» Мяне вярнулi ў Невенск, але перад тым была размова з вараўскiмi аўтарытэтамi. Яны сказалi лiтаральна наступнае: «Ты ўсё правiльна зразумеў. Цяпер можаш усiм казаць, што воры Багаслоўска даравалi табе жыцьцё».

У сыстэме сьвярдлоўскiх лягераў Рыгор Клiмовiч знаходзiўся з 1943 да 1947 году. У гэты час ён стварыў некалькi дзясяткаў вершаў, скiраваных супраць сталiнскага рэжыму. Калi аўтарства было выкрытае, Клiмовiча пакаралi пераводам у адзiн зь лягераў Горлагу, што пад Нарыльскам. Горлаг — адна з адзiнаццацi падобных установаў ГУЛАГу. Гэта канцлягер асаблiва строгага рэжыму ўтрыманьня. Свайго кшталту лягер сьмерцi, дзе за доўгiя гады зьняволеньня мала хто заставаўся ў жывых празь вялiкiя маразы й адсутнасьць ежы.

Р.К.: Яшчэ ў сьвярдлоўскiм лягеры я пазнаёмiўся з палкоўнiкам Майсеенкам, якi ў Нарыльску стаўся нашым брыгадзiрам. Гэта быў баявы камандзер, асуджаны за тое, што ягоны полк патрапiў у акружэньне. Ён добра дапамагаў зьняволеным Горлагу. Дзякуючы яму этапаваная зь Сьвярдлоўску сотня «палiтычных» заняла ў Горлагу ўсе кiраўнiчыя пасады. Але ў Невенску ён ледзь не разьвiтаўся з жыцьцём. Мяркую, лягернае начальства наўмысна прызначыла яго адказваць за барак. Майсеенка адразу ж паспрабаваў навесьцi вайсковы парадак. Ён паставiў за кiраўнiкоў аддзяленьняў былых афiцэраў. На наступную ранiцу iх усiх знайшлi мёртвымi. Ён паўтарыў свой крок, вынiк быў той самы. Тады я сказаў Майсеенку, што хутка яго адправяць у «камандзiроўку», зь якой ён ня вернецца. Давялося доўга тлумачыць, што зона — ня войска, што тут свае вельмi складаныя законы ўзаемадачыненьняў зьняволеных з адмiнiстрацыяй i сярод самiх зьняволеных, якiя дзеляцца на «вароў», «мужыкоў», «палiтычных», «ссучаных» i г.д. Але самае галоўнае правiла зоны заключалася ў тым, што нiколi ня трэба супрацоўнiчаць з адмiнiстрацыяй. Навука пайшла на карысьць. Найбольш ярка пра гэта сьведчыць вось якi эпiзод.

На этапе ў Нарыльск мы патрапiлi ў Краснаярскую перасылку. Мы — гэта каля сотнi палiтычных. А крымiнальнiкi, якiх было больш за тысячу, тры днi елi ўсю нашу пайку. Мы зразумелi, што яшчэ дзень бязь ежы — i усе загнемся. Як было змагацца — на сто чалавек два нажы, у той час, як у кожнага вора была свая халодная зброя...

Надвячоркам, калi крымiнальнiкi паселi ў сваiм бараку, Майсеенка пайшоў да iх гуляць у карты на сваю папаху. I нiхто ў яго ня выйграў. За гэты час ён добра разгледзеў абстаноўку ў бараку. Вярнуўся да нас i кажа: «Рыхтуйцеся, будзем браць вараўскi барак».
Сярод нас было два героi Савецкага Саюзу. Майсеенка менавiта iм выдаў нажы, маўляў, вы ж за штосьцi «герояў» атрымлiвалi. Я ня ведаю, на што мы разьлiчвалi. Пазнаходзiлi нейкiя дубцы, дошкi i ачапiлi барак так, каб было бачна з кожнага вакна. У дзьверы ўвайшлi Майсеенка — здаравенны быў мужык, двое нашых з адкрытымi нажамi i я. Майсеенка сеў за стол i сказаў: «Здаць зброю, вы ачэпленыя, i ў выпадку супрацiву будзеце зьнiшчаныя». Пачуўся жудасны рык. Узьняўся iхны «аўтарытэт» i рушыў з нажом. У нас кроў састыла ў жылах. Нож блiснуў над галавой палкоўнiка i зь сiлай утыркнуўся ў стол. А потым воры йшлi справа i зьлева, усе рычэлi, узмахвалi над галавой палкоўнiка, i кiдалi нажы. А Майсеенка толькi глядзеў у адну кропку. А калi мы ўзброiлiся, ён сказаў: «Воры краснаярскай перасылкi, вы тры днi елi нашу баланду i наш хлеб. Прашу ўсё вярнуць». Iзноў узьняўся крык — «сука паганая, недачакаесься». Я вырашыў умяшацца, бо Майсеенка ня надта добра ведаў гэтую публiку. «Воры, вы ня воры, а падаль, якая пайшла на службу да чэкiстаў, бо аббiралi нас, нават не спытаўшыся, што за этап прыйшоў. Я з Багаслоўскага «штрафнiка», воры даравалi мне жыцьцё, але я сьведчу, што вы ня воры».
Тут з глыбiнi падняўся адзiн зэк, падыйшоў, угледзеўся, i пытаецца: «Што, беларус?» Пасьля павярнуўся да свайго галоўнага i засьведчыў мае словы. Воры адвялi нас у хлебарэзку, выдалi пайку, але папярэдзiлi, каб мы навучылi Майсеенку «паняткам»...

У Горлагу знаходзiлася ў зьняволеньнi безьлiч выдатных людзей. Там я пазнаёмiўся з народным артыстам БССР Эдзi Рознэрам, эстонскiм кампазытарам Гэрбэртам Хаасам, эстонскiм дырыжорам Эльмарам, славутым на той час маскоўскiм акардыянiстам Мiхалам Каўфманам, паэтам Мiхалам Люгарыным, прафэсарам расейскае фiлялёгii Еўдакiмавым, па падручнiку якога я вучыў расейскую мову i iнш. Быў сярод нас грузiн Камбарашвiлi, былы сусед Сталiна па вулiцы. Сталiн зьнiшчаў усiх сьведкаў свайго мiнулага жыцьця, бо сьведкаў дзяцiнства i росту бога быць не магло. Камбарашвiлi казаў: «Каб я ведаў, у каго ён вырасьце, я б яго ў дзяцiнстве прыдушыў»... Гэта ўсё была наша сотня.

У пэрыяд 1950-1953 г. у Горлагу арганiзавалiся асобныя беларускiя брыгады i нават цэлыя баракi. Гэтаму спрыяла тое, што сярод высокаквалiфiкаваных зьняволеных, якiя кiравалi будаўнiчымi працэсамi, вялiкая частка была менавiта родам зь Беларусi. Першыя ж захады Рыгора Клiмовiча па прыбыцьцi ў Горлаг былi скiраваныя на арганiзацыю зьняволеных-беларусаў.

Р.К.: Па прыбыцьцi ў Горлаг я патрапiў у КВЧ —культурна-выхаваўчую частку. З 1949 году я прынцыпова адмовiўся працаваць. Але аднойчы ўлетку 1949 году я пабачыў, што на будаўнiцтве аднаго з карпусоў Вялiкага Медзеплавiльнага Заводу, якi меўся быць адным з флагманаў савецкай цяжкой iндустрыi, гiне вялiкая колькасьць людзей творчых прафэсiяў. Яны пастаянна не выконвалi патрэбную норму, i iм не дадавалi норму пайкi. Я прыйшоў да кiраўнiцтва будоўлi, якое складалася зь зьняволеных-беларусаў, якiя ў мiнулым займалi рознага кшталту дырэктарскiя пасады. Я сказаў, што трэба ратаваць людзей, i што ведаю, як гэта зрабiць. Але пры гэтым папрасiў надзвычайныя паўнамоцтвы. Яны спужалiся. Я iм кажу, маўляў, таму вы зараз тут i гiбееце, што ў свой час баялiся i «стучалi» адзiн на аднаго. Урэшце, я атрымаў паўнамоцтвы.

Далей справа была такая. Я пайшоў у бухгальтэрыю i запытаўся, цi працуюць людзi. Мне адказалi «так». «Тады чаму ж нiзкiя паказчыкi?» — пытаюся. У адказ разводзяць рукамi. Я iм загадаў, каб з заўтрашняга дня бухгальтэрыя давала нармальныя паказчыкi, i растлумачыў, што ў адваротным выпадку пакараньне будзе горшым, чым калi «застукае» адмiнiстрацыя. Больш праблемаў з тым участкам будоўлi не было. А музыкаў i мастакоў я з катлавана выбраў.

Пуск Вялiкага Медзеплавiльнага Заводу быў прымеркаваны да дня нараджэньня Сталiна 21 сьнежня 1950 году. Рабiць «падарунак» правадыру адмовiлася больш за сто чалавек. Большасьць была пакараная ўтрыманьнем у iзалятары, «зачыншчыкаў» аддалi пад суд. Сярод iх быў Рыгор Клiмовiч. «За антысавецкую дзейнасьць», якая выявiлася ў вуснай антысталiнскай агiтацыi i працягу пiсаньня адпаведных вершаў, ён быў паўторна асуджаны тэрмiнам на дзесяць гадоў. Да канца 1952 году Клiмовiча ўтрымлiвалi ў Нарыльскай турме.

Р.К.: Я сьвядома iмкнуўся схаваць сябе ў турму, бо ведаў, што мушу даваць паказаньнi на аднаго з «зачыншчыкаў» — былога камсамольскага дзеяча Донiча. Але ад вочнага спатканьня сысьцi не ўдалося. Тады я зрабiў наступны крок. Я пiсьмова «даў паказаньнi» на Донiча, дзе напiсаў лiтаральна наступнае: «Я сьвядомы вораг савецкае ўлады, ненавiджу камунiстаў як сваiх асабiстых ворагаў. Лiчу Донiча сваiм асабiстым ворагам». Пасьля я даведаўся, што судзьдзя сказаў Донiчу, маўляў, пашанцавала вам, прыкрыў вас Клiмовiч. Пасьля гэтага вязьнi Горлагу сабралi 6000 рублёў i перадалi мне ў турму...

Аднойчы ў лiстападзе 1952 году ўсе сядзельцы Нарыльскай турмы былi кудысьцi вывезеныя. Застаўся толькi я ды яшчэ адзiн чалавек. Я яго ня ведаў. А неяк ноччу прывозяць новы этап у тысячу чалавек — скрозь украiнцы.
Новапрыбылыя ў мяне пытаюцца аб тым, што дзеецца ў Горлагу. Я кажу, што размаўляць ня буду, бо iх ня ведаю. Толькi калi я атрымаў ад лягерных сяброў цыдулку з iнфармацыяй аб тым, што прыбылыя — «нашы», я уступiў у кантакт. Высьветлiлася, што iх перакiнулi са Стэплагу (установа «роднасная» Горлагу), дзе праводзiлi зачыстку ад «нечысьцi». Гэта азначала толькi адно — прыйшло папаўненьне «нашых».

5 сакавiка 1953 году памёр Сталiн. Для большасьцi вязьняў ГУЛАГу гэта азначала пачатак паслабленьня рэжыму ўтрыманьня i пачатак амнiстыяў.
Але ў Горлагу рэжым яшчэ больш узмацнiўся. Вясной 1953 году ахова атрымала дазвол расстрэльваць зьняволеных без суда, на месцы i на сваё меркаваньне. За вясну такiм чынам было забiта трынаццаць чалавек. 25 траўня — яшчэ чатыры. Як толькi аб гэтым стала вядома па ўсiм Горлагу, зьняволеныя спынiлi працу. Зараўлi заводзкiя гудкi, над лягерамi пачалi ўздымацца чорныя з чырвоным пасам сьцягi — знакi свабоды.

Р.К.: Калi памёр Сталiн, мы «адсьвяткавалi» гэтую падзею. Але, па шчырасьцi, анi я, анi мае сябры ня верылi ў амнiстыю, аб якой хадзiлi чуткi. Мы пераканалiся ў гэтым, калi ахова пачала страляць людзей. 25 траўня надвячоркам чатыры хлапцы сядзелi пасьля працы каля свайго бараку i сьпявалi пад гармонiк. Мiма iшла калёна зьняволеных кабетаў. Яны нас радасна прывiталi. Сьледам раздалiся аўтаматныя чэргi аховы. Усе чацьвёра загiнулi на месцы. Празь пяць хвiлiнаў пачалi спыняцца будоўлi.

Кiраўнiкi нацыянальных грамадаў Горлагу раiлiся ўсю ноч. Былi такiя, што казалi, быццам бяз сэнсу пратэставаць. Але на ранiцу мы пачалi каваць шаблi, рабiць гранаты, абкладаць грузавiкi бэтоннымi плiтамi дзеля прарыву...

Мы склалi лiст патрабаваньняў, сярод якiх самымi галоўнымi былi — аб рэабiлiтацыi iншадумцаў, неграмадзянаў СССР да 1939 году i ахвяраў вайны.
Мы патрабавалi прыезду камiсii ЦК КПСС. 7 чэрвеня сапраўды прыбыла камiсiя, але складалася яна з вышэйшых чыноў МГБ i МУС на чале з асабiстым рэфэрэнтам Берыi генэралам Кузьняцовым. Перад перамовамi мы добра падрыхтавалiся, кожны зьняволены напiсаў асабiстую скаргу. Перамовы цягнулiся доўга, але мы адмовiлiся ад патрабаваньня здацца.

3 лiпеня 1953 году войскi ўвайшлi на тэрыторыю Горлагу i адкрылi агонь на зьнiшчэньне з аўтаматаў i кулямётаў. «Мы адчулi ня страх, а пякучую нянавiсьць да катаў. Мы ня кiнулiся ўцякаць, а рашуча ставалi на месца забiтых», — узгадвае Рыгор Клiмовiч.
У апошнi момант паўстанцы адмовiлiся ад лёзунгу «Свабода альбо сьмерць». Войскi захлынулiся ў крывi забiтых. Пасьля падаўленьня паўстаньня Горлаг быў расфармаваны, вязьняў павезьлi «на мацярык». Яны ўспрынялi гэта як сваю перамогу, бо мала хто адбываў у Горлагу поўны тэрмiн зьняволеньня i вяртаўся жывым на свабоду.

Р.К.: Нас везьлi на баржы па Енiсеi ў бок Краснаярскай перасылкi. Мы ня ведалi плянаў адмiнiстрацыi. Большасьць была схiльная лiчыць, што нас вязуць на зьнiшчэньне. Iзноў сабралася нарада кiраўнiкоў нацыянальных грамадаў. Мы вырашылi, што памяць аб паўстаньнi ня мусiць зьнiкнуць безь сьлядоў, а таму трэба скласьцi песьню — гiмн. Доўга раiлiся, i вырашылi, што песьню трэба напiсаць па-расейску, бо гэта адзiная мова, зразумелая усiм вязьням. Але аўтарства даверылi мне, беларусу. Я мусiў напiсаць тэкст на матыў якой-небудзь украiнскай песьнi. Я ўзяў мэлёдыю адной зь песьняў Украiнскай Паўстанцкай Армii. Аўтарства гiмну «Ня страшны нам тыранствы бальшавiзму» трымалася ў вялiкiм сакрэце. Я ведаю, што аўтара спэцслужбы шукалi доўга, ужо калi не iснавала сiстэму ГУЛАГу. Добра, што захавалiся сьведкi, якiя ў 1991 годзе на сусьветным Кангрэсе ўкраiнскiх палiтзьняволеных засьведчылi маё iмя як аўтара.

З 1953 да 1956 г. Рыгор Клiмовiч ўтрымлiваўся ў турмах Уладзiмера, Iркуцка, а таксама ў Азёрлагу. За гэты час яго яшчэ раз судзiлi за «антысавецкую дзейнасьць». Але з пачаткам «хрушчоўскай адлiгi» пастановай Вярхоўнага Савету СССР ён быў выпушчаны на волю.

Па вяртаньнi на радзiму Клiмовiч адразу ж зьвязаўся з сваiмi сябрамi па лягеры. Найперш з украiнцамi й лiтоўцамi. Пачало высьпяваць ядро падпольнай арганiзацыi дзеля антысавецкага супрацiву. Але на самым пачатковым пэрыядзе стварэньня арганiзацыя была выкрытая. У 1957 годзе Клiмовiча iзноў арыштавалi. Але дзякуючы таму, што адзiн з падпольшчыкаў — украiнец Дужынскi — усю адказнасьць узяў на сябе, Клiмовiча «за недастатковасьцю доказаў складу злачынства» адпусьцiлi на волю пасьля трох месяцаў утрыманьня ў сьледчым iзалятары КГБ — «амэрыканцы».

У наш час Рыгор Клiмовiч актыўна ўдзельнiчае ў грамадзкiм жыцьцi. Ладзiць публiчныя выступы ў СМI, на мiтынгах, перад разнастайнымi аўдыторыямi. Яшчэ ў 1986-м ён падрыхтаваў аб’ёмны рукапiс успамiнаў, якi мы спадзяемся ў недалёкiм часе пабачыць выдадзеным.
Клiмовiч — ганаровы сябра некалькiх расейскiх таварыстваў «Мэмарыял». Але найперш гэта свайго кшталту патрыярх беларускiх дысыдэнтаў, якi актыўна займаецца пошукам падтрымкi для вэтэранаў антысавецкага руху.

Р.К.: Сёньня iзноў вяртаюцца былыя часы. Я iзноў адчуваю цiкаўнасьць КГБ да маёй асобы. Але дарэмна яны спадзяюцца на посьпех сваёй справы. Я веру ў будучыню, калi бачу дзейнасьць новых беларускiх змагароў за волю.

НН, № 13 (110) 1998 г.

***

Гадавіна Нарыльскага паўстання 1953-га

Пра паўстанне ў Нарыльску піша газета «Новы час».

Больш 20 гадоў (1935–1956 гг.) на тэрыторыі Таймыра існаваў адзін з найбуйнейшых лагераў Сібіры — Нарыльлаг з дзясяткамі лагаддзяленняў і лагпунктаў, размешчаных у Нарыльску, Дудзінцы, арктычных раёнах і маланаселеных раёнах Краснаярскага краю.

23 чэрвеня 1935 г. у Маскве Саветам Народных Камісараў СССР прынята пастанова «Пра будаўніцтва Нарыльскага нікелевага камбіната», адным з пунктаў якога было: «…будаўніцтва Нарыльскага нікелевага камбіната прызнаць ударным і ўскласці яго на Галоўнае кіраванне лагерамі НКУС, абавязаўшы яго для гэтай мэты арганізаваць адмысловы лагер».

Ужо 1 ліпеня 1935 г. у Дудзінку прыбываюць першыя зняволеныя (колькасць зняволеных: ад 1 200 у 1935 г. да больш за 72 тыс. у 1951 г., 67 889 чал — у 1953; потым колькасць пачала змяншацца, і ў 1956 г. у лагеры засталося крыху больш за 13,5 тысячы чал.; агульная колькасць зняволеных, якія адбывалі пакаранне ў Нарыльлаге з 1935 па 1956 гады, — каля 500 тысяч чалавек).

Акрамя таго, у 1948 годзе ў Нарыльску быў арганізаваны адмысловы лагер — Горны. Зняволеныя Горлага выконвалі цяжкія фізічныя працы на горнарудных прадпрыемствах Нарыльскага камбіната, земляныя працы на будаўніцтве дарог, меднага і механічнага заводаў і самага Нарыльска.
У Нарыльлаге з 1935 па 1956 гады ўтрымлівалася больш тысячы падданых 22 краін свету, прадстаўнікі ўсіх рэспублік і нацыянальных меншасцяў былога Савецкага Саюза.

У 1953-м годзе лагерны «кантынгент» Горлага — гэта, галоўным чынам, «палітычныя», асуджаныя па сумна вядомаму 58-у артыкулу. Сярэдні тэрмін пазбаўлення волі — 10–15 гадоў. Працоўны дзень па 10–12 гадзін нават у 40-градусны мароз, і пайка хлеба ў дзень толькі крыху большая за блакадную ленінградскую. Захворванні і траўмы былі асноўнымі чыннікамі смерці зняволеных. Акрамя таго, любы зняволены мог памерці ад збіцця, укусаў нацкаваных на іх сабак, «няправільнага ўжывання зброі» — усе гэтыя прыёмы ўціхамірвання выкарыстоўвалі афіцэры і салдаты канвойных войскаў. У першыя гады існавання Нарыльлага, з 1935 па 1939 гады, ад знясілення, паралічу сэрца, цынгі, сухотаў памерлі каля 400 зняволеных.

Страшным выпрабаваннем быў тэрор «блатных» — крымінальнага элемента, які ў турэмнай сістэме СССР заўсёды знаходзіў падтрымку ў лагернай адміністрацыі.

Праз Нарыльлаг прайшло шмат выбітных людзей: Гумілёў Леў Мікалаевіч, гісторык, пісьменнік; Штэйн (Снягоў) Сяргей Аляксандравіч, фізік, пісьменнік; Козыраў Мікалай Аляксандравіч, вядомы астраном, працаваў у Пулкаўскай абсерваторыі; Федароўскі Мікалай Міхайлавіч, адзін з заснавальнікаў Маскоўскай горнай акадэміі, дзе ўзначальваў кафедру мінералогіі (1918–1923 гг.), чалец-карэспандэнт АН СССР (з 1933 г.), заснавальнік і дырэктар Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута мінеральнай сыравіны (з 1923 г.) і шматлікія іншыя.

Гэтыя таленавітыя, глыбока прыстойныя людзі, нягледзячы на бесперапынны прыгнёт паднявольнага жыцця, абстаўленыя стукачамі, якія рэгулярна адзначаліся ў камендатуры, якіх кожны мог абразіць і зняважыць, пакінулі светлую памяць пра сябе ў ветэранаў заводу.

Паўстанне ў Горлаге стала адказам на расстрэл групы зняволеных. Яно пачалося 25 траўня пасля таго, як сяржант 78-га асобнага атрада Дзятлаў праз зону адкрыў агонь з аўтамата па зняволеных, якія сядзелі на ганку лагернага барака 5-га лагаддзялення. Зняволеныя абвясцілі пра страйк. Іх падтрымалі 4-е і 6-е (жаночае) лагаддзялення. 5 чэрвеня застрайкавалі ўсе аддзяленні Горлага. Зняволеныя Нарыльлага паўсталых горлагаўцаў не падтрымалі.

Паўсталыя спынілі працу ва ўсіх лагерных аддзяленнях, над баракамі паднялі чорныя сцягі з чырвонай паласой пасярэдзіне ў знак жалобы па загінулых таварышах і пралітай імі крыві. Яны адмовіліся выходзіць на працу, запатрабавалі прыезду камісіі з Масквы, перагляду сваіх спраў, 8-гадзіннага працоўнага дня, дазволу на спатканні і перапіску з роднымі.

З 5 чэрвеня ў страйку бяруць удзел усе лагаддзяленні Горлага (акрамя 2-га). 6 чэрвеня замест Урадавай камісіі з Масквы прыязджае ведамасная камісія МУС з прадстаўнікамі ЦК КПСС. Пачынаюцца перамовы з прадстаўнікамі страйкавых камітэтаў. Камісія часткова задаволіла патрабаванні зняволеных: зняць нумары з адзежы, дазвол перапіскі і спатканняў. Але паколькі асноўныя патрабаванні (прыезд Урадавай камісіі, перагляд справаў) выкананы не былі, вырашана было працягваць страйк. Аднак 9 чэрвеня на працу выходзяць зняволеныя 4-га, 5-га і 6-га лагаддзяленняў. Даўжэй усіх трымалася 3-е (катаржнае) аддзяленне. У ноч на 4 жніўня яно было ўзята штурмам: 57 чалавек забіта, 98 паранена. У штурме ўдзельнічалі камуністы і камсамольцы г. Нарыльска. Пры затрыманні жорстка збівалі ўсіх, нават параненых. У ноч на 4 жніўня 1953 году Нарыльскае паўстанне было задушана. Пачаліся арышты, збіванні, допыты, новыя тэрміны.

Нарыльскае паўстанне — самае працяглае і масавае ў гісторыі Гулага. З 26 траўня па 4 жніўня 1953 гады хваляванні адбываліся ва ўсіх шасці лагаддзяленнях Нарыльска. Па розных ацэнках за час паўстання загінулі каля 150 зняволеных.
Але ўпартасць, самаадданасць і бясстрашнасць удзельнікаў паўстання ўлетку 1953 году не былі марнымі, прынесеныя імі ахвяры не прайшлі дарма. У Нарыльск прыбыла камісія па пераглядзе спраў палітвязняў.

Пасля паўстання ў Горным лагеры ў 1953 году пачынаецца вызваленне зняволеных. 1953 год, знакавы для краіны і Нарыльска, калі пасля смерці Сталіна і жорсткага здушэння Нарыльскага паўстання палітвязняў сістэма Гулага дала глыбокую расколіну. Гэта было пачаткам канца нарыльскіх лагераў. Загадам міністра МУС СССР ад 22 жніўня 1956 года Нарыльскі лагер быў ліквідаваны.

Паводле экспертных ацэнак, пачынаючы з кастрычніка 1917 года, ад палітычных рэпрэсій тым ці іншым чынам пацярпелі да 50 мільёнаў грамадзян СССР. Увесь час свайго існавання Савецкі Саюз фактычна быў вялікім лагерам з рознай ступенню рэжымнасці. Лагерам, які зламаў лёсы дзясяткам мільёнам людзей і цэлым народам.

Што характэрна — амаль ніхто за гэта не панёс ніякай адказнасці.

НН; Мікола Дзяцюк, «Новы час»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера