Знайсці
02.04.2013 / 13:0213РусŁacБел

Збігнеў Бжэзінскі: Еўропе патрэбная стратэгія ў дачыненні да Беларусі і Украіны

Еўрапейскі саюз мае дастатковы патэнцыял для дэмакратызацыі сваіх усходніх суседзяў.

Пра гэта былы дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі сказаў у інтэрв’ю выданню «Polska».

— У сваёй новай кнізе «Стратэгічнае бачанне» вы пішаце пра неабходнасць стварэння доўгатэрміновага стратэгічнага праекта, які ахоплівае ўвесь Еўразійскі кантынент. Вы лічыце, што толькі такое ўтварэнне можа стаць стратэгічным партнёрам ЗША? Але як аб’яднаць Еўразію? Ці магчымы агульны спіс стратэгічных задач для ЕС, Расіі і Кітая?

— Вы ўкладвае ў мае вусны словы, якіх я не казаў. Я не пісаў пра фармаванне «еўразійскага стратэгічнага саюза» і тым больш «аб’яднанай Еўразіі». У кнізе гаворка ідзе толькі пра стварэнне больш шырокай сістэмы проціваг, якая дапаможа захаваць стабільнасць на ўсім еўразійскім суперкантыненце. У апошнія 20 гадоў Еўразія «ляжала ў дрэйфе». З аднаго боку, набіраў сілу Кітай, з другога — Еўропа перажывала складанасці з умацаваннем палітычнага супрацоўніцтва, а адначасова Турцыя і Расія працягвалі знаходзіцца на перыферыі Захаду. Таму я б раіў Злучаным Штатам знайсці больш тонкую і прадуманую стратэгію на Блізкім Усходзе і таму падкрэсліваю неабходнасць стварэння «шырокага Захаду», які б уключыў у сябе еўраатлантычную супольнасць, а таксама Расію, Украіну ці Турцыю. Зразумела, дасягненне канчатковай мэты зойме шмат часу (я мяркую, нам давядзецца пачакаць некалькі дзесяцігоддзяў), зрэшты, я падрабязна пішу пра гэта ў сваёй кнізе.

— Апошнім часам інтэграцыя ўнутры ЕС таксама здаецца ўсё больш праблематычнай: замест таго каб рухацца да згуртаванасці, ЕС трашчыць па швах. Як вам здаецца, ці рэальна ў доўгатэрміновай перспектыве стварыць моцную палітычную структуру, аб’яднаную вакол еўразоны? Якія альтэрнатывы ёсць у Еўропы?

— Вы цалкам справядліва адзначылі, што працэс далейшай інтэграцыі ўнутры ЕС робіцца ўсё больш складаным. Брусэль не выкарыстаў перыяд адноснай стабільнасці, каб выбудаваць сапраўдную супольнасць, і цяпер расхлёбвае наступствы гэтай бяздзейнасці. Разлічваць на тое, што валютны саюз зможа замяніць цяперашняе палітычнае аб’яднанне, тым больш што краіны еўразоны функцыянавалі ў ёй на розных умовах, было недальнабачна. Аднак я не падзяляю думкі, што Еўрасаюз можа распасціся. Цяпер пад пытаннем толькі сяброўства Вялікабрытаніі, а астатнія краіны, як уяўляецца, хочуць заставацца сябрамі ЕС. Тым не менш напружанасць унутры ўсёй структуры існуе, апошнім прыкладам стала сітуацыя на Кіпры. Еўрапейскія лідары і грамадскасць, між тым, усведамляюць, што распад ЕС быў бы для іх катастрофай. Акрамя таго, у апошнія некалькі месяцаў ЗША ўсё больш рашуча выказваюцца на карысць стварэння трансатлантычнай зоны свабоднага гандлю. Калі б перамовы на гэтую тэму сапраўды атрымалася давесці да канца, гэта стала б неймаверна моцным імпульсам грамадска-эканамічнага развіцця для Амерыкі і Еўропы. З часам такое эканамічнае супрацоўніцтва натуральным чынам можа перарасці ў ваеннае ўзаемадзеянне. Калі гэта адбудзецца, можна будзе казаць пра сапраўдны і жыццяздольны Захад, які рэалізуе свае інтарэсы па ўсім свеце.

— Кажучы пра гэтыя інтарэсы, нельга забыць пра Расію. У сваёй кнізе вы падкрэсліваеце, што цяпер сітуацыя ў гэтай краіне нестабільная, але з часам сярэдні клас правядзе там вестэрнізацыю. Гэта рэальна? У гісторыі яшчэ не было прыкладаў, каб у Расіі, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, атрымалася ўкараніць заходнія стандарты. Чаму вы лічыце, што цяпер усё можа быць інакш?

— Вы пытаецеся, ці можа з’яўленне сярэдняга класа Расіі прывесці да вестэрнізацыі Расіі, адначасова маючы на ўвазе, што гэта немагчыма. На маю думку, гэта вельмі антыгістарычных падыход. Захад стаў дэмакратычным не тысячу гадоў таму, а прыйшоў да дэмакратыі шляхам эвалюцыі. Спатрэбіўся час, каб выпрацаваць наяўныя цяпер інстытуцыйныя рашэнні і стварыць прынцыпы, якія асацыююцца сёння з заходняй палітычнай сістэмай. У Расіі дадзены гістарычны працэс пачаўся значна пазней, што зусім не азначае, што гэтая краіна не можа пайсці тым жа шляхам. Немагчыма адмаўляць таго, што расійскі сярэдні клас робіцца ўсё больш прыкметным. Ён адкрыты свету і пачынае пераймаць палітычныя каштоўнасці, якія традыцыйна звязваюцца з Захадам. Многія прадстаўнікі расійскага сярэдняга класа вучыліся за мяжой, а цяпер актыўна інвестуюць на Захадзе свае сродкі. Гэта дае падставы меркаваць, што паступова сучасныя расійцы, якія мысляць, прывядуць да змены палітычную сістэму ў сваёй краіне.

— Польшча ляжыць на мяжы двух вялікіх утварэнняў: з аднаго боку — валютны саюз, а з другога — Расія будуе саюз еўразійскі. Гісторыя вучыць, што такое месцазнаходжанне заўсёды прыносіла нам няшчасці. Як нам з гэтага выбрацца, колькі ў нас засталося часу на прыняцце стратэгічнага рашэння?

— Спакайней. Казаць, што Расія «стварае Еўразійскі саюз», было б перабольшаннем. Яна, а ў першую чаргу прэзідэнт Пуцін, хацела б яго стварыць, але цяпер гэта толькі пажаданні, а не факт, які адбыўся. На фармальным узроўні Крэмль, вядома, будзе ўгаворваць постсавецкія дзяржавы далучыцца да сваёй канцэпцыі ўмацавання супрацоўніцтва. Аднак дастаткова наведаць гэтыя краіны, каб зразумець, што мясцовыя эліты занадта прывыклі да ідэі суверэнітэту, ім падабаецца факт валодання ўласнай незалежнай дзяржавай. І гэта не дзіўна. Бо кожны хацеў бы быць прэзідэнтам, прэм’ерам, міністрам, генералам або паслом сваёй краіны, а не сябрам бюракратыі, якая спрабуе выбудаваць новую нацыянальную імперыю, зыходзячы з уласнага разумення этнасу. Я не веру, што расійская ідэя стварэння Еўразійскага саюза завершыцца поспехам. Акрамя таго, у сітуацыі, калі Захад умацуе свае сілы, а Кітай захавае цяперашні тэмп развіцця, становішча Расіі паміж імі будзе вельмі няёмкім.

— Які лёс чакае краіны — удзельніцы праекта «Усходняе партнёрства»? Палякі хацелі жыць як на Захадзе, і мы ўступілі ў Еўрасаюз, але ці можа гэты сцэнар паўтарыцца ў выпадку ўкраінцаў і беларусаў? Якія шанцы, што Польшча падасца ім настолькі прывабнай, каб ператварыцца ў пункт адліку для разумення ўласных жаданняў і памкненняў?

— Украінцы і беларусы, якія хочуць стаць часткай Захаду, думаюць пра гэта зусім не з зайздрасці да Польшчы. Яны хочуць гэтага, бо звязваюць свае, выкарыстоўваючы вашае вызначэнне, «жаданні і памкненні» з Еўропай, а заадно спадзяюцца ўмацаваць сваю незалежнасць. Я вымушаны са шкадаваннем канстатаваць, што час ад часу іх прымушаюць заключаць розныя пагаднення з Расіяй, якая імкнецца такім завуаляваным спосабам аднавіць Расійскую імперыю. Еўропа, несумненна, мае вялікі патэнцыял, які можна было б выкарыстоўваць для дэмакратызацыі і грамадскай трансфармацыі дзяржаваў, што ляжаць за ўсходняй мяжой Польшчы, але каб дасягнуць гэтага выніку, неабходная доўгатэрміновая стратэгія дзеянняў. Аналагічная канцэпцыя неабходная таксама ў дачыненні да Турцыі і Расіі. На жаль, такой стратэгіі ў Еўропы няма.

— У сваёй кнізе вы пералічваеце шмат задач, якія павінныя ўзяць на сябе Злучаныя Штаты для захавання сусветнага балансу сіл. Якія наступствы нам пагражаюць, калі нічога не будзе зроблена? Вы кажаце пра пагрозу ідэалагічнай вайны паміж Кітаем і ЗША, падкрэсліваеце небяспеку нацыяналістычных тэндэнцый ва Усходняй Азіі. Ці варта рыхтавацца да змрочнага сцэнару: росту напружанасці, які мог бы прывесці да Трэцяй сусветнай вайны?

— Давайце не будзем перабольшваць: пакуль няма ніякіх падставаў маляваць змрочныя сцэнары. Я мяркую, што Захад стаіць перад тварам новых выклікаў, і некаторыя з іх могуць аказацца даволі небяспечнымі. Аднак сёння асноўная небяспека — гэта не перспектыва з’яўлення жудаснага гегемона накшталт Сталіна або Гітлера. Галоўная праблема — гэта стан глабальнага хаосу. Таму самая важная задача сучаснасці — выпрацаваць метады, з дапамогай якіх самыя моцныя сусветныя дзяржавы пачнуць фармаваць транскантынентальную сістэму глабальнага супрацоўніцтва.

inosmi.ru

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера