Знайсці
27.03.2013 / 11:5575РусŁacБел

Віктар Марціновіч. Годзе фоціць!

Забадалі фоткі ежы ў фэйсбуку. А таксама забадалі фоткі катоў, бухла і працэсу спажывання бухла, Хургады, Эйфелевай вежы, заснежанай Вільні і Мінска. Колькі можна? Вось Вася прыйшоў у офіс, робіць фотку «Пачатак працоўнага дня».

Драцэна, жалюзі, кубак з кавай. Вось ён выйшаў на ланч і здымае свой боршч, катлету па-кіеўску і кампот (назва: «счас буду есть»). Вось ён вярнуўся ў офіс і здымае ноўт на айфон. Ці наадварот — айфон на ноўт. Надыходзіць вечар, абавязковы «самастрэл» ля люстэрка ў клубным лапсердаку, апранутым на майку, а далей — здымчыкі таго, як Вася спажывае алкаголь з такімі ж офіснымі Васямі і іх «дзяўчонкамі». Уначы ў чацвер для іх пачынаецца «пятнядзелак», які заканчваецца бліжэй да аўторка спробамі віжуалізаваць пахмельны сіндром.

Калі Вася на канікулах, усё сеціва дазнаецца, што, аказваецца, недзе на зямлі ёсць Анталія, піраміды і аўтобусы, якія ходзяць у Прагу.

Калі б усе гэтыя людзі спрабавалі расказаць нам, як яны «атарваліся» на выходных! Калі б спрабавалі словамі апісаць свой «ланч»! Здаецца, зразумелі б, што апісваць тут няма чаго! Што ежу трэба проста есці. Што сам факт твайго выхаду на ланч — не сюжэт для апавядання. Але яны фоцяць. І заліваюць на інстаграм. І гэта такое, палучаецца, іскусства.

Словы нам дадзеныя, здаецца, для таго, каб у грамадства была магчымасць аддзяліць тупых ад разумных.

Бо калі чалавек можа цікава расказаць, як ён еў катлету па-кіеўску і піў кампот, дык гэтага чалавека варта любіць, цаніць і падвышаць да пазіцыі намесніка аддзела продажаў. Хай бы яны практыкаваліся ў маўленні. Хай бы Жывы Журнал жыў! Бо Жывы Журнал быў менавіта такой пляцоўкай для практыкавання тупароў у маўленні, бо фотку туды было выкласці так складана, што можна было пасівець. І знаходзіліся таленты, новыя Хэмінгуэі і Зошчанкі, майстры слова з Рагачова і дасціпнікі з Маладзечна. Інстаграм і фэйсбук заканчваюць эпоху слова.

Цяпер усе фоцяць.

Пра фоткі катоў казаць нічога не буду, каб не распаляць антыкатовыя пачуцці. Каты — гэта камячкі цяпла і пяшчоты, да таго ж самі па сабе каты ні ў чым не вінаватыя.

Але вы ж бачыце: сучасны карыстальнік інтэрнэту спачатку фоціць, а потым думае.

Спявачка Кайлі Міноўг не так даўно расказвала, што яна не адчувае ў залах былой энергетыкі.
Той энергетыкі, якая была 10 гадоў таму. І што доўгі час яна не магла зразумець, з чым гэта звязана. Ніякага болей фідбэку! Яна звяртаецца да публікі, а публіка не пырскае энергіяй ў адказ.
А потым Кайлі зразумела. Публікі болей няма. Ёсць карыстальнікі мабільных прылад, што назіраюць за ёй, Кайлі Міноўг, праз медыяцыю ўласных фоцікаў. Яны не на канцэрт прыйшлі. Яны прыйшлі паздымаць, як яны прыйшлі на канцэрт.
І вось, здавалася б, усе фізічна тут. Але, кажа Кайлі, фідбэку няма. Ці не таму яны апошнім часам забараняюць здымаць на канцэртах? А аўтарскія правы, пірацтва — так, прыказка! Бо каму з фанаў, гатовых плаціць за квіткі, патрэбнае знятае на мабілу відэа? Хіба ж такое відэа можа быць нагодай не хадзіць на канцэрт?

Я таксама некалі фоціў. Цягаўся ў вандроўкі з камерай, што займала траціну заплечніка і важыла як запас ежы на тыдзень. Потым набыў малюткую «мыльніцу»
(дарэчы, якасць фотак не надта знізілася, а месца ў багажы стала болей). А апошнім часам разумею, што нават тую мыльніцу выцягваць у адказныя моманты жыцця не хочацца. Бо нашто фоціць?

Вось быў я надысь у Дрэздэне. У горадзе, пра які пісьменнік Курт Вонэгут напісаў раман «Бойня нумар пяць».
У гэтым тэксце ён абвінаваціў саюзнікаў у тым, што яны нядбайна паставіліся да гістарычнай спадчыны і разнеслі дашчэнту старажытную жамчужыну авіяцыйнымі бомбамі. Дрэздэн для Вонэгута — месца «архітэктурнага халакосту», не меней. І вось, бачу я той цэнтр Дрэздэну і ахаю. Стаіць счарнелы ад часу палац, брукаваны мост, процьма касцёлаў і кірха. Не горад — музей барока і класіцызму! І вось думаю: Мінск, здаецца, быў меней разбураны ў вайну. Бо пра яго Курт Вонэгут «Бойні нумар пяць» не пісаў. І вось пачынаю фоціць, каб прадэманстраваць фрэндам здымкі сучаснага «разбомбленага Дрэздэну» і прапанаваць параўнаць іх з нашай квітнеючай сталіцай. У той яе частцы, ад якой нічога старога не засталося. Бо фашысты, тыпу, знішчылі.

Але тут галава разумее: навошта здымаць? Гісторыю гэту я словамі расказаць магу (што і раблю). А калі хто не верыць, фотак Дрэздэна ў сеціве — мільёны.
Дарэчы, гугл па першым запыце выдае некалькі варыянтаў здымкаў, знятых дакладна з таго ракурсу на мосце, на якім спрабаваў здымаць я. Навошта было рукі марозіць?

Усе зробленыя намі фоты ўжо нехта зрабіў да нас. Нават калі мы прыехалі ў Гану, Чад ці Бутан. Няма ніякага сэнсу здымаць Ангкор-Ват, бо на ім быў мільён чалавек і яшчэ будзе мільён чалавек. Лепей расплюшчыце вочы і жывіце сённяшнім момантам.

Калі трымаеш у руках камеру, ты — не ў сёння. Ты жывеш будучыняй. Думаеш пра тое, як будзеш разглядаць свае здабыткі на кампутары. Рэальнасць меркне ў чаканні рэальнасці. Самыя важныя моманты жыцця, самыя захапляльныя світанкі і далягляды ў жыцці мы прашчоўкваем. Дарэчы, калі раскрываеш тэчку з фоткамі праз месяц, разумееш, што нічога тыя здымкі, нават знятыя на суперцяжкую камеру, якая займае траціну заплечніка, пра тваю вандроўку не гавораць. Нават табе самому. Не кажучы пра тых, каго не было побач. Што вось тут крычаў тукан. А тут від на жоўтую раку дапаўняўся пахам крэветак, якія побач ветлівая старая кітаянка смажыла на какосавым алеі. А ў большасці выпадкаў ты проста глядзіш і не разумееш. Хіба гэта была тая вандроўка? Той выезд у лес з сябрамі? Той Дрэздэн? Тая Хургада?

А яшчэ праз нейкі час здараецца зусім дрэннае: сапраўдныя ўспаміны пра цікавыя моманты жыцця падмяняюцца тымі самымі фоткамі, якія спрабуюць іх перадаць. Бо фоткі заўсёды пад рукой, а ўспаміны з памяці выціраюцца.

І вось замест крыкаў тукана ці паху архідэй застаецца плоскі здымак, на якім ты малады ўсміхаешся нечаму ўжо зусім не зразумеламу табе сённяшняму.

Годзе фоціць! Пакіньма гэта прафесіяналам! Давайце проста жыць!

Віктар Марціновіч, budzma.org

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930