Даслаць навіну
Знайсці
30.03.2013 / 09:25 14

Па кім маўчыць звон

На мінулым тыдні адзначаліся 70-я ўгодкі хатынскай трагедыі. Ад улады шчыраваў на мітынгу-­рэквіеме сп.Кабякоў. Прамармытаўшы нешта звыкла няўцямнае пра памяць аб загінулых, ён запэўніў журналістаў, што «...кіраўніцтва краіны робіць усё, каб у нас не скралі перамогу...»

«Перамогу», мабыць, скрала нейкая дзяўчына з Барысава, з тамтэйшага медкаледжа. З нервовым хіхіканнем адказваючы пад дыктоўку настаўніцы на пытанне, дзеля чаго яе разам з іншымі навучэнцамі прывезлі ў Хатынь, дзяўчо зусім заблыталася паміж рэквіемам і юбілеем, трагедыяй і святам.

Узгадалася, як упершыню я прывёз у Хатынь унучку. Праз 15 гадоў ад яе нараджэння і роўна праз 65 — ад хатынскай трагедыі.

Не магу сказаць, што прапанову паехаць у Хатынь яна ўспрыняла з вялікім жаданнем. «Нам у школе расказвалі... Але калі хочаш, давай з’ездзім».

У Хатыні яна прыціхла, адасобілася, абмінаючы групкі экскурсантаў і затрымліваючыся каля комінаў і калодзежаў, у якіх скурчыліся на зацягнутай лядком вадзе беларускія дваццаткі ды старублёўкі, а важкія замежныя манеты паблісквалі на дне... Потым стала фатаграфаваць аблокі. Дакладней, неба, па якім павольна напаўзалі адно на адно цёмныя аблокі, неахвотна прапускаючы ў блакітныя нябесныя праталіны прахалодны сакавіцкі прамень... Раптам спытала: «Дзеда, а чаму ў Хатыні няма крыжа?»

У Хатыні былі крыжы. Тры крыжы на трох магілах, у якіх праз тры дні пахавалі хатынцаў жыхары навакольных вёсак...

Не ўсе ведаюць, а мне расказвалі ацалелыя малалеткамі Уладзімір Яскевіч і абодва Жалабковічы — Віктар і Аляксандр, — што Хатынь спалілі двойчы. Апошні раз у жніўні.
Мусіць, таму, што сюды вярнуліся тыя, хто па выпадковасці пазбег неймавернай кары, каго ў вёсцы не было на той дзень... Выкапаў зямлянку паблізу магіл Рудак. Пазбіраўшы апаленыя бярвенні, паставіў хатку Клімовіч. Па вясне зарунелі азімыя — яшчэ з таго, мінулага жыцця. Але і ў гэтым, згубленым, здавалася, назаўсёды, яны пасадзілі бульбу, пасеялі жыта...

Аляксандр Жалабковіч успамінаў, як у тым палаючым жніўні гарэлі снапы. Тады ж, мімаходзь, карнікі спалілі і крыжы на магілах.

Былі яшчэ крыжы ў Хатыні — на старадаўніх вясковых могілках. Калі будавалі мемарыял, могілкі зрылі. Разам з крыжамі.
Вядома, на тых могілках даўно ўжо не было каго хаваць. Але даўнія, д а х а т ы н с к і я магілы — з прозвішчамі і межамі жыцця — яшчэ былі. Сёння, гавораць, дзякуючы вернікам з парафіі лагойскага касцёла, яны быццам адноўленыя. Але я памятаю, як смуткавалі Яскевіч і Жалабковічы: навошта было зніштажаць старадаўнія хатынскія могілкі, на якіх спачываў вясковы род, што спрадвеку жыў на гэтай зямлі?..

Навошта было пазбаўляць Хатынь каранёў і сувязі з небам?!

Але атрымалася тое, што атрымалася: замест Хатыні — «Хатынь». Выдатны твор манументальнага мастацтва.

Толькі вось крыжа няма.

Мне здаецца, што калі б 70 гадоў таму ў Хатыні ўзвялі крыж, не руйнавалі б сёння крыжы ў Курапатах і не малявалі б свастыку ў «Яме».

Мне здаецца, што калі б тады ў Хатыні ўзвялі крыж, мы не ведалі б сёння пра АМАП з усёй ягонай ваяўнічай амуніцыяй. Ці ж не прайшлі ў свой час праз Хатынь УСЕ беларусы, будучыя амапаўцы ў тым ліку? Чаму ж не атрымалі прышчэпку ад звярынай лютасці?

І яшчэ: мне здаецца, што калі б тады ў Хатыні ўзвялі крыж, мы не спальвалі б уласную гісторыю ў ідэалагічных топках, не пераўтваралі б трагедыі ў святы, а Памяць у попел...

Але крыжа няма. І зноўку пляцецца вакол беларускіх трагедый — ад БНР праз Курапаты, Хатынь і да Чарнобыля — вытанчаная сетачка фальшу.

Учора — пра камандзіра карнікаў Васюру, які нібыта быў «заходнеўкраінскім нацыяналістам». Сёння — пра «перамогу», якую нібыта хтосьці намагаецца «скрасці» ці то ў кіраўніцтва краіны, ці то ў сп.Кабякова...

Але ж не быў Васюра ані заходнеўкраінскім, ані наогул нацыяналістам. Да вайны, да Хатыні, і пасля вайны, да выкрыцця — «просты савецкі чалавек».

А курапацкія карнікі — ці ж не «простыя савецкія людзі»?!

Але прызнаць гэта — значыць, прызнаць злачыннасць абодвух таталітарных рэжымаў. І паставіць, нарэшце, знак трагічнай роўнасці паміж Хатынню і Катынню, паміж Хатынню і Курапатамі...

...«Гэта ад ветру, дзеда? — уздрыгнула, пачуўшы кароткі металічны звон, унучка. «Не, ад электрычнасці», — патлумачыў я.

А сам падумаў: калі б ад ветру, хатынскі звон званіў бы не сціхаючы. Таму што не сціхае над Хатынню вецер беларускай гісторыі, нясе над ёй цёмныя, з блакітнымі праталінамі, аблокі...

Але маўчыць звон у прамежку паміж кіраванымі сігналамі.

Маўчыць па мільёнах загубленых жыццяў.

І не пытайся, па кім яшчэ маўчыць звон.

Ён маўчыць па табе.

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru

0
оп / адказаць
01.04.2013 / 13:25
а што гэта за пракурор тут з'явыуся - Бенедзыкт: "так", "не так"?..
0
Апошні беларускі Апостал. / адказаць
01.04.2013 / 21:34
Цікавая рэч... значыць, што калі б паставілі ў Хатыні крыжы, то маўляў і лукашенка да ўлады бы недайшоў. Напэўна заблукаў бы ў крыжох... Я разумею галоўную думку аўтара... маўляў перарвалі безбожныя саветы сувязь беларусаў з небам, таму ў нас усё так і адбылося як адбылося... Думка, канешне, вельмі паэтычная і прыгожая, вунь і спадару Мазынскаму спадабалася... Вы толькі адно забываеце, што учынкі трэба рабіць ад сердца. Зараз колькі крыжоў панаставілі? І што стала сувязь беларусаў з Богам лепш? Нават на шаўроне адзелаў МУСа крыж існуе, але як дзяўблі яны дэманстрантаў, так і дзяўбуць, як сведчылі непраўду ў судах так і сведчуць... Мне падаецца больш трагічным іншы малюнак сучаснасці: мент з крыжом на плячы, сяче дубінай людзей пад Крыжамі Чырвонага Касцёла і позіркам апостала з дзідай ў рукох... Ня трэба кідаць каменні ў мінулае - лепш выправіце становішча ў сучасным, каб не было саромна ў будучым...
0
Space / адказаць
02.04.2013 / 08:52
Дзякуй спадар Ваганаў Патрэбу ў працягу "!вайны" маюць толькі ўлады, бо нават помнікі яны ставяць не забітым і спаленым, а толькі сабе і свайму нібыта клопату аб нашай памяці. Аде памяць не патрабуе ўладнай турботы і жыве насуперак усялякім штатным кабяковым
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30 31