Знайсці
24.03.2013 / 10:1023РусŁacБел

Пара думак пра тое, ці варта ісці на такі Дзень Волі

Я адхадзіў на многія шэсці. Самае памятнае для мяне — безумоўна, 1996 года. Тады таксама Дзень Волі адбыўся 24 сакавіка.
Дарэчы, смешна чытаць журналіста Шарамета, які выбудаваў цэлую тэорыю наконт таго, што маўляў, з якой гэта пары святкуем не 25 Сакавіка. Наадварот, амаль заўжды шэсце праводзілі ў выхадны, каб больш людзей маглі сабрацца.

24 сакавіка 1996-га шэсце не было дазволена, але людзі ўсё адно збіраліся да плошчы Незалежнасці. Міліцыя яе ачапіла. Струменьчыкі людзей сцякаліся да паштамта, людское возера набрынала, набрынала, і ракою прарвалася на галоўны праспект. У мяне, маладога, было ўражанне, што цэлы горад выйшаў. Вядома, не цэлы горад. Але 20–30 тысяч людзей было, і гэта дало штуршок Мінскай вясне — 1996, калі наша грамадзянская супольнасць упершыню змусіла з сабой лічыцца.

Помніцца і Дзень Волі 2000 года, ужо на плошчы Якуба Коласа, калі ўлады затрымалі больш за 400 чалавек, каб збіць пратэставыя настроі — першы такі вялікі прэвентыўны хапун.

Былі і Дні Волі, калі не знаходзілася нікога, хто б узяўся за арганізацыю шэсця — такія гады дэпрэсіі бывалі. 2003, 2004-ы… Гэта ўжо цэлая гісторыя ўздымаў і спадаў.

Сёлета ўлады дазволілі Дзень Волі толькі ў Мінску, у рэгіёнах — не. Мінск стаў фасадам псеўдадэмакратыі. Але гэта адначасова і рэакцыя на той факт, што ў Мінску ёсць крытычная маса здольных выйсці на вуліцу, нягледзячы нават на забарону. А гэта лукашэнкаўцам страшней за ўсё: калі людзі дэманструюць, што яны парушаюць правілы гэтай сістэмы, што робіць уладу адной сям’і вечнай.

Вулічныя акцыі — самае непрыемнае для гэтай сістэмы. Бо такая ўлада можа змяніцца толькі ў выніку таго, што масавы выхад людзей на вуліцы тым самым людзям паказвае, што кароль жа голы, што большасць супраць яго. Іншага спосабу паказаць гэта не існуе. І іншага спосабу дабіцца перамен няма.

Пазняк з гэтым нібыта згаджаецца, але абстаўляе рознымі «але». Маўляў, нельга выходзіць на акцыі не ў цэнтры, нельга праводзіць акцыі палітычным хаўрусам, трэба, каб толькі правільныя сілы арганізоўвалі. Нарэшце, самы крывадушны аргумент пазнякоўцаў: што «нельга засвечваць людзей». А на Дзяды, значыць, можна засвечваць, толькі таму што гэта ладзіць КХП, а не кааліцыя?.. Крывадушнікі…

Я засвечваюся, я дэманструю: я супраць вас, і я буду супраць вас, супраць Зла, гэта мой свядомы выбар.

У выніку што ў КХП выходзіць — пара дзясяткаў іх прыхільнікаў нябачна для грамадства ўскладае кветкі. Гэта не робіць пазітыўнага ўплыву на людзей. Наадварот, такімі дзеяннямі пазнякоўцы паказваюць сваю слабасць і працуюць на раскол апазіцыі.
Не выключаю, што такое стаўленне ёсць вынікам разумавання агентаў у атачэнні Пазняка.

Шэсці — гэта кроплі, якія точаць камень.
Зірніце, колькі ўвагі яны прыцягваюць!

Так, апазіцыі ў аўтарытарным грамадстве даводзіцца дзейнічаць па правілах дыктатуры — часткова ці для формы. Так, арганізатары не маюць магчымасці здабыць гукаўзмацняльную апаратуру, пранесці транспаранты ці сцягі. (А агенты Зла спачатку са скуры вылузваюцца, каб тыя сцягі і ўзмацняльнікі адняць, а пасля чапляюць іншыя маскі і б'юць на раскол: маўляў, вось якія слабыя лідары, што не могуць гуку забяспечыць.) Але часам аднаго сцяга бывае досыць.

Дзякуючы гэтай дзейнасці калісьці адбудзецца тое, што адбылося 24 сакавіка 1996 года — струменьчыкі зліюцца ў вялікую раку, і гэтая рака прарве плаціны,
і Беларусь стане такой жа нацыянальнай і прававой дзяржавай, якой у розны час сталі Чэхія, Іспанія, Фінляндыя ці Нідэрланды.

Пакуль для дасягнення гэтага ёсць шэсці, я буду на іх хадзіць. Бо гэта найбольшае, што я магу зрабіць як грамадзянін і беларус.

даслаў Жыхар прыгарада

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930