Знайсці
18.03.2013 / 08:359РусŁacБел

Абвешчаная Лукашэнкам мадэрнізацыя дае ідэальнае абгрунтаванне для паляпшэння адносінаў з Захадам

Лукашэнка прасіў 2 мільярды даляраў у Пуціна, бо сёлета Беларусь, як чакаецца, ізноў патраціць больш, чым заробіць. Аднак афіцыйнае тлумачэнне было: гэта на мадэрнізацыю эканомікі.
Расія не дала. Пакуль патрабуе прыватызацыі. Што ж, можна будзе сказаць: мы не проста прыватызуем — мы паставілі ўмову мадэрнізацыі выторчасцяў.

Можна чакаць, што калі надарыцца патрэба папрасіць нешта ў МВФ ці Еўрасаюза, то чарговае паляпшэнне адносінаў таксама будзе тлумачыцца «мадэрнізацыяй». Не, мы не саступілі! Нам проста трэба новыя станкі!
І да лёгкай прамысловасці трэба «западнікаў падключыць».

Еўрапейцам такое зацятае адстойванне ўласных піяр-канструкцый падаецца камічным. Але ў палітычным стылі Лукашэнкі яно тыповае.

Да мадэрнізацыі была такая ж гучная «праграма адраджэння сяла». Яна зводзілася да таго самага будавання калхозных домікаў, закупу новай тэхнікі і рэканструкцыі фермаў — тое самае рабілася і пры саветах. Эфект той самы — пры захаванні старой сістэмы адносінаў на вёсцы вялікія інвестыцыі даюць часовы эфект росту вытворчасці, але вёска працягвае хірэць, людзі співаюцца, а абноўленае абсталяванне хутка прыходзіць у заняпад праз нядбаласць мала зацікаўленых і несумленных работнікаў. У многіх гаспадарках не засталося мужчын не-алкаголікаў! Прыцягваюць на работы «хімікаў». Але калі пры саветах «дамы нам будаваў калхоз», то цяпер «дамы нам паставіў Лукашэнка».

Што такое мадэрнізацыя, у тым сэнсе, пра які гаворыць Лукашэнка? Ды гэта звычайнае абнаўленне асноўных фондаў, якое праводзіцца ўсімі прадпрыемствамі на пастаяннай аснове
. Выкінуць стары камп’ютар, паставіць лепшы. Спісаць зношаны станок, купіць новы. Гэта сто гадоў рабілася без барабаннага бою. А цяпер гэта завецца «мадэрнізацыяй».

Гэта прапагандысцкая кампанія, якая дае ідэальнае абгрунтаванне для атрымання новых крэдытаў, але таксама — чаму б не — паляпшэння адносінаў з Захадам. Фактычна, Лукашэнка чарговы падхапіў ідэю, якая нарадзіла апазіцыя і скарыстаў Брусэль.
Яшчэ ў 2010 годзе ЕС прапаноўваў Беларусі дапамогу ў мадэрнізацыі, а з 2011 года быў запушчаны «Дыялог дзеля мадэрнізацыі», які аказаўся незапатрбаваны ўладамі.

І тут успамінаецца Кітай, які правёў свае рэформы з маўклівай падтрымкай ЗША і з выкарыстаннем амерыканскіх тэхналогій. Так, менавіта Захад з падачы Кісінджэра падставіў Кітаю плячо, як толькі пабачыў, што той увайшоў у канфлікт з Расіяй (тады яна называлася СССР). Дэн Сяапін тое выкарыстаў, так і пачаўся «кітайскі эканамічны цуд», якога Захад цяпер ужо трохі пабойваецца, але, адначасова, спадзяецца на поўнае далучэнне Кітая да заходняга лагера, на ўзор Японіі і Паўднёвай Карэі.

Мадэрнізацыя Кітая была паспяховай, бо суправаджалася зменай сістэмы каштоўнасцяў і эканамічных адносін.
Кітай распусціў калгасы і падзяліў зямлю між сялянамі. Там паявілася прыватная ўласнасць і багатыя. Кітай прапусціў тысячы студэнтаў праз перадавыя амерыканскія ўніверсітэты. Цяперашнія прэм’ер і віцэ-прэзідэнт КНР адвучыліся ў ЗША і гавораць на інглішы. Поспех Кітая тлумачыўся не толькі новымі станкамі, а доступам на заходні рынак і ўплывам заходняй этыкі, якая робіць цуды.

У адрозненне ад Кітая, Беларусь для Захаду малаважная, і патрэбная моцная воля самой Беларусі, каб дабіцца заходняй падтрымкі.

ЗША інвеставала агромныя сродкі ў мадэрнізацыю Турцыі, Грузіі, Польшчы, бо самі туркі, грузіны, палякі хацелі гэтага. Вынік ёсць.
Украіна мела такі ж шанец, але клептаманская нізкавокасць элітаў падкасіла гэтую краіну.

Бяда ў тым, што мы пры гэтай сістэме вечна ў цесным праліве. Нам вечна пазарэз трэба крэдыты. Сёння трэба!
Беларусі заходнікі не абяцаюць крэдытаў тут і цяпер. Па крэдыты — гэта да Пуціна, калі ласка, кажуць яны. Захад дае сістэму каштоўнасцяў, але, калі краіна падключаецца да яе, яна атрымлівае выхад на вялікі рынак і доступ да рынку таннага капіталу.

Абвешчаная ж у Беларусі «мадэрнізацыя» — пакуль толькі піяр-канструкцыя, якую можна напоўніць самым розным зместам.

Мікола Бугай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930