Знайсці
23.03.2013 / 20:347РусŁacБел

Венесуэльскі палітолаг: «Мадура будзе змушаны да радыкальных рашэнняў»

Беніньё Аларсон — дырэктар аддзялення палітычных навук Каталіцкага ўніверсітэта імя Андрэса Бэла ў Каракасе — ведае Мадура асабіста. «Выбары ён выйграе, але законаў эканомікі не адменіць».

Беніньё Аларсон: У Каракас з’ехалася прыкладна 55 кіраўнікоў дзяржаў. Лукашэнка быў не ў цэнтры ўвагі. Ахмадзінеджад, Кастра цікавілі СМІ нашмат больш. Беларусь увогуле мала цікавіць венесуэльцаў.

«Наша Ніва»: У Беларусі звярнулі ўвагу, што спачатку было абвешчана, што ў Каракас выправяцца Шэйман і Сямашка, якія каардынавалі беларускія эканамічныя праекты ў гэтай краіне. Але праз дзень было абвешчана, што паедзе асабіста кіраўнік Беларусі. Чаму было так вырашана?

БА: Я не ведаю дэталяў, але венесуэльскае МЗС пастаралася сабраць у Каракасе як найбольш прэзідэнтаў. Венесуэльскія ўлады ствараюць саюзы з падобнымі да сябе рэжымамі. Яны шукаюць падтрымкі за мяжой перад выбарамі, якія адбудуцца 14 красавіка.

«НН»: А што, хіба ўладам патрэбна на тых выбарах нейкая адмысловая падтрымка? Падаецца, што на эмацыйнай хвалі пасля смерці Чавэса яны і так лёгка перамогуць.

БА: Сапраўды, менавіта таму выбары прызначаны так спешна. Такая стратэгія выйгрышная. Больш за тое, прыдумалі і яшчэ адну тэхналогію. Як вы ведаеце, прагучала ідэя змясціць цела Чавэса ў Нацыянальным пантэоне, побач з целам Сімона Балівара. Але ў канстытуцыі Венесуэлы прапісана, што цела выбітнага чалавека можа быць перанесена ў Пантэон толькі праз 25 гадоў пасля яго смерці, каб, так бы мовіць, памерлы «прайшоў выпрабаванне часам». Каб змясціць Чавэса ў Пантэон проста зараз, трэба ўнесці змены ў канстытуцыю. І вось Кангрэс — а яго кантралююць чавісты — сёння абмяркоўвае гэтае пытанне. Збіраюцца прызначыць рэферэндум, і ён найхутчэй што адбудзецца адначасова з выбарамі. Такая тэхналогія дазволіць ператварыць гэтыя выбары ў галасаванне за Чавэса, а не за Мадура, прыцягнуць да галасавання ўсе тыя 8 мільёнаў чалавек, якія падтрымалі Чавэса на апошніх выбарах.

Апазіцыя мала што можа

«НН»: Што ў такой сітуацыі можа зрабіць апазіцыя?

АБ: Акно магчымасцяў для апазіцыі вельмі малое. Чавэс, можна сказаць, усё яшчэ жывы. Наўрад ці апазіцыя пераможа.

«НН»: Але эканамічная сітуацыя? Мы чулі, што адбылася дэвальвацыя...

АБ:? Так, афіцыйны курс балівара знізіўся амаль на 50%. Але ж майце на ўвазе, што чорны курс балівара ўсё адно ніжэйшы яшчэ ў 4 разы, таму дэвальвацыя мала паўплывала на цэны. Асноўныя прадукты не падаражэлі, бо дзяржава моцна субсідуе цэны на іх. Людзі не задумваюцца пра эфект гэтага.

«НН»: А пра культ асобы таксама не задумваюцца? Тэлетрансляцыя стварала дзіўнаватае ўражанне: гэтыя скандаванні ў зале, маханні шабляй, урэшце, бальзамаванне цела — мы ў Еўропе тое праходзілі ў ХХ стагоддзі.

АБ: Краіна падзеленая надвое. І, дарэчы, тыя людзі, якія стаялі ў чарзе да цела Чавэса, не заўжды ягоныя прыхільнікі. Многія хадзілі на развітанне проста з цікавасці. Мне не было калі, але я б таксама схадзіў да труны, калі б чарга была меншая.

Кубінцы ўсюды

«НН»: Апазіцыя давярала падліку галасоў пры Чавэсу?

БА: Цэнтральная выбарчая камісія ў Венесуэле фармуецца з чатырох чалавек ад урада і аднаго — з апазіцыі. Мясцовыя выбарчыя камісіі маюць малое значэнне, бо галасаванне ў Венесуэле электроннае і падлік аўтаматычны. Апазіцыя не мела прэтэнзій да падліку галасоў. Адзінае, што выклікала прэтэнзіі — нявыгадная для апазіцыі нарэзка акруг і поўны кантроль Чавэса над дзяржаўнымі СМІ.

«НН»: Ці будзе розніца ў палітыцы Мадура і Чавэса?

БА: Розніца ў палітычным дыскурсе будзе нязначная. Мадура быў вельмі блізкім да Чавэса. І, акрамя таго, Мадура будзе вельмі блізкім да Кастра. Кубінцы будуць заставацца ў краіне: трэнеры, настаўнікі і, вядома, спецслужбісты. Мадура будзе залежным ад гэтых дарадцаў, якія будуць падказваць яму, як захаваць кіраванасць краінай.

«НН»: Ці можна сказаць, што кубінцы кантралююць Венесуэлу?

БА: Нельга сказаць, што кантралююць. Гэта ўзаемазалежнасць Куба залежная ад венесуэльскай нафты. А ў Венесуэле ўплыў кубінскіх дарадцаў на ўсе сферы жыцця вялікі. Прыходзіш у пашпартны стол — там кубінец сядзіць. Прыходзіш у бюро рэгістрацыі дамоваў — там таксама кубінец. Кубінцы працуюць нават у міністэрстве абароны! Шмат дактароў-кубінцаў працуе — і многія з іх адначасова збіраюць інфармацыю.

«НН»: Рэжым можа стаць рэпрэсіўным?

БА: Кошт рэпрэсій і кошт цярпімасці — зменныя велічыні ў сітуацыі перадачы ўлады. Палітыка Мадура будзе залежаць ад таго, з якім адрывам ён пераможа на выбарах. У аўтарытарных краінах — мы назіралі гэта ў Беларусі, Азербайджане — моцныя рэпрэсіі пачынаюцца тады, калі ўзнікае пагроза ўладзе...

Чавэс перамагаў без падтасовак. Ці здольны на такое Мадура? Харызматычнага лідара ў краіне больш няма.

Мадура ўмее дамаўляцца

«НН»: Як бы Вы апісалі псіхалагічны профіль Мадура?

БА: Я сустракаўся з Мадура пару гадоў таму. Па-першае, улічвайце, што гэта чалавек без вышэйшай адукацыі. Ён працаваў у метро, пасля кіроўцам аўтобуса, пасля стаў прафсаюзнікам. Ягоны моцны бок — што ён умее дамаўляцца з людзьмі. Ён добры перамоўшчык. Свой палітычны вопыт ён набыў як спікер парламента — быў добрым спікерам, як міністр замежных спраў і як віцэ-прэзідэнт. Слабасць яго як палітыка, што ў яго няма вопыту палітычных кампаній. Ён не ўмее так камунікаваць з людзьмі, як умеў Чавэс, не ўмее гаварыць на публіку. Ён прывык працаваць за кулісамі, а харызмы ў яго няма.

Калі цэны на нафту ўпадуць

«НН»: Беларусь рэалізуе ў Венесуэле некалькі вялікіх праектаў. Гэта здабыча нафты ў даліне ракі Арынока. Гэта таксама разбудова сістэмы супрацьпаветранай абароны краіны. І, нарэшце, будаўніцтва жытла і аграгарадкоў. Якім, па-Вашаму, будзе лёс гэтых праектаў?

БА: Звычайныя венесуэльцы мала пра гэта ведаюць і яшчэ менш разумеюць. Пра гэта ніхто тут не гаворыць. Гэта не тэма выбарчай кампаніі.

«НН»: Калі цэны на нафту ўпадуць, падзе і Мадура?

БА: Так, падзе. У краіне рэальнае беспрацоўе 20%! Афіцыйная лічба беспрацоўных — 15—16%, але ў рэальнасці яна вышэйшая. Палова людзей працуе ў шэрай эканоміцы. Сярэдні заробак складае 400 даляраў па афіцыйным курсе і 100 даляраў па курсе чорнага рынку. Менавіта таму цяпер урад спрабуе наладзіць адносіны з прыватным сектарам.

Такое становішча, як цяпер, не можа захоўвацца доўга. Патрэбны будуць радыкальныя рашэнні. Яны могуць адбыцца ў другой палове гэтага года. Мадура можа перамагчы на выбарах, але не можа адмяніць законаў эканомікі.

* * *

Globovision

Венесуэльская апазіцыя мае доступ да адзінага незалежнага тэлеканала Globovision, але ягоны ўласнік прыняў рашэнне прадаць канал, бо ён не акупляецца. Купляе канал адзін з суўласнікаў венесуэльскай біржы. І ёсць падазрэнні, што за новым уласнікам стаяць людзі з урада. Цяперашні ўласнік заявіў, што перадача канала адбудзецца пасля выбараў, каб гэта не паўплывала на іх вынік. У наступным годзе ў канала сканчаецца ліцэнзія на вяшчанне.

Валюта Венесуэлы: балівар.

Заробак беларусаў, якія працуюць у Венесуэле: каля 30 мільёнаў рублёў (будаўнікі, перакладчыцы).

Партыя Чавэса называецца Адзіная сацыялістычная партыя Венесуэлы. Яна абапіраецца на бедных і беспрацоўных.

Кааліцыя апазіцыі называецца Дэмакратычнае адзінства. Яна абапіраецца на сярэдні клас і багатых.

Лідар апазіцыі: Энрыке Капрылес Радонскі, губернатар штата Міранда. 40 гадоў. Радонскі — гэта ягонае прозвішча па маці, продкі якой былі яўрэямі з Беларусі (прозвішча Радонскі можа быць звязанае з мястэчкам Радунь, што ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці).

Біч Венесуэлы — злачыннасць. Пры Чавэсу лічба забойстваў вырасла ўтрая, да 57 на 100 000 насельніцтва штогод.

Гутарыў Мікола Бугай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930