Знайсці
06.03.2013 / 16:34РусŁacБел

«Галоўнае — паводзіцца ўпэўнена і па баках глядзець, каб “бобік” міліцэйскі з-за кута не прыехаў»

Вулічны мастак Продак пра будучыню стрыт-арту ў беларускай правінцыі.

Ужо цэлы год з піянерскім запалам і будысцкім спакоем вулічны мастак Максім Самасевіч, таксама вядомы як Продак, упрыгожвае сцены Віцебска і Брэста сваімі знакамітымі птушкамі. Каб пабачыць іншыя працы майстра, паразважаць на тэму стрыт-арту за межамі Менска і дазнацца, чаму важна «сачыць за сваёй тэрыторыяй», мы адправіліся ў Віцебск, пасябравалі з мастаком і нават схадзілі з ім у некалькі рэйдаў.

Дзень першы. Птушкі

«Калі б чалавек 10–20 у Віцебску шчыльна заняліся стрыт-артам, камунальнікі б ніколі не справіліся»

Мы рушым у бок інтэрната ў адным са спальных раёнаў Віцебска. Тут нічога не нагадвае пра тое, што ў горада было нейкае жыццё да 1960-х гадоў. Міма праплываюць панэлькі, крамы, школы, дзіцячыя садкі і «Хутка-смачна» як цэнтр начной дзвіжухі — Шагал бы расплакаўся.

Крыху паблукаўшы па змрочных калідорах інтэрната, знаходзім патрэбны пакой і ныраем у логава Максіма Самасевіча — вулічнага мастака, які за апошні год упрыгожыў сваімі працамі палову сценаў Брэста і Віцебска.

Максім — 22-гадовы студэнт Віцебскага тэхналагічнага ўнівера, вучыцца на дызайнера. Нарадзіўся і вырас у Брэсце, дзе часцяком бывае, каб паесці мамінага баршчу і здзейсніць якую-небудзь стрыт-арт-дыверсію.

Наш сумесны план на наступныя дзве гадзіны: прайсціся па горадзе і наляпіць на сцены каля дзясятка рознакаляровых птушак. Каб не губляць часу, Максім хутка кладзе ў партфель увесь неабходны стаф: шпалерны клей у зялёнай клізме і дадатковую запраўку ў бутэльцы з-пад мінералкі, дзясятак папяровых птушак ды анучы, каб было чым выціраць рукі.

Усе птушкі намаляваныя на «крафце» — мастацкай версіі абгортачнай паперы. Максім у спрынтарскім тэмпе дэманструе фатографу, як з кавалка такой паперы атрымліваецца птушка, і паралельна дзеліцца сваімі думкамі наконт вулічнага мастацтва ў рэгіёнах.

«Не думаю, што стрыт-арт павінен рабіцца масавым. Бо колькасць рэдка перарастае ў якасць. Пары дзясяткаў хлопцаў, якія ўмеюць маляваць і не баяцца выходзіць на вуліцу, цалкам дастаткова,
— разважае Максім, малюючы контуры чарговай птушкі. — Калі б чалавек 10–20 у Віцебску шчыльна заняліся стрыт-артам, ніякія камунальнікі б не справіліся. Але пакуль гэтых дзясяткаў няма. Ёсць толькі адзінкі».

«Ты не падрыхтаваны да сустрэчы з мастацтвам, таму яно аказвае на цябе больш моцнае ўздзеянне».

На вуліцы сонечна, на гадзінніку 18:00. Увесь Віцебск вяртаецца з працы. Мы выходзім на шумнае скрыжаванне побач з універсітэтам імя Машэрава. Максім хутка намазвае клеем чырвоную птушку і становіцца на выступ, я прыціскаю яго да сцяны. Потым мы адыходзім метраў на дзесяць, намазваем цёмна-блакітную птушку і зноў паўтараем усе аперацыі. Ніхто з паўсотні чалавек, якія праходзяць за гэты час побач з намі, не кажа ні слова.

«Галоўнае — паводзіцца ўпэўнена, быццам ты нейкую штодзённую працу выконваеш, — вучыць Максім. — Ну, і па баках трэба глядзець, каб “бобік” міліцэйскі выпадкова з-за кута не прыехаў».

Год таму Максім пачаў наносіць свае працы на гарады. За гэты час ён пасяліў на брэсцкіх і віцебскіх вуліцах больш за сотню птушак ды пару дзясяткаў фальклорных прыгажунь і сівых дзядоў.
Да таго ж размаляваў каля дзесяці вялікіх сцен. Паверыць у такую прадуктыўнасць нескладана. Па-першае, па дарозе мы сустракаем шмат старых работ Максіма. Па-другое, рухаецца ён з хуткасцю чэмпіёна свету па спартовай хадзе. Пры гэтым заўсёды ідзе напралом — сцежак і тратуараў не прызнае: толькі чыстае поле, толькі хардкор!

«Стрыт-арт — гэта яшчэ і вельмі дасціпны спосаб трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, — кажа будучы дызайнер, выцягваючы з кювету здаравеннае бервяно. — Чым вышэй павесіш працу, тым складаней камунальнікам і быдлу будзе яе сарваць. Таму ўвесь час даводзіцца шукаць і цягаць тое, на што можна стаць».

Паступова выходзім са спальнага гета ў гістарычны цэнтр. Колькасць птушак на дамах расце: у гэтым раёне Максіму больш падабацца ляпіць свае працы. Праходзячы міма дома супрэматыстаў, цікаўлюся, навошта наогул выходзіць на вуліцу, калі можна мірна працаваць у студыі і заваёўваць музеі суседніх краін?

«Вуліца — гэта больш цікавая размова з гледачом, чым музей, — тлумачыць Максім. — Ты не плаціш за квіток на вуліцу. Ты не чытаеш крытыкаў, калі ідзеш у краму ці на працу. Ты не падрыхтаваны да сустрэчы з мастацтвам, і таму яно аказвае на цябе больш моцнае ўздзеянне».

Мы хутка знаходзім месца жыхарства для яшчэ трох птушак і дамаўляемся сустрэцца заўтра, каб прыклеіць нешта больш маштабнае, чым папяровая птушка.

Працяг гісторыі чытайце па гэтай спасылцы.

34mag.net

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера