Знайсці
21.02.2013 / 22:2319РусŁacБел

Старшыня Тапанімічнай камісіі Акадэміі навук аб прапановах Карпенкі адмовіцца ад лацінкі

«Хочуць дадаць пераклад на англійскую мову з рускай мовы».

З мінскага метро могуць прыбраць беларускую лацінку. Менавіта такая тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні ў намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі. Пра гэта расказаў старшыня Нацыянальнай тапанімічнай камісіі пры Акадэміі навук, член тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Ігар Капылоў.

«Там прагучалі многія рэчы, якія вядуць да чарговых змен. Думка спецыялістаў так і не прагучала, паколькі пасяджэнне доўжылася ўсяго гадзіну», —
засмучаецца навуковец.

На пасяджэнні, кажа Капылоў, абмяркоўвалася лацінка ў Мінскім метрапалітэне. На нарадзе прысутнічалі начальнік метрапалітэна, асобы, якія адказваюць за афармленне наземных шыльдаў да чэмпіянату свету па хакеі.

Пазіцыя Ігара Карпенкі адназначная — замяніць нацыянальную лацінку, якая сёння выкарыстоўваецца ў метрапалітэне. На яго погляд, варта дадаць рускую мову. «Я так зразумеў, што хочуць дадаць пераклад на англійскую мову з рускай мовы, як прагучала з яго вуснаў», —
кажа Капылоў.

Навуковец тлумачыць, чаму варта выкарыстоўваць менавіта беларускую лацінку.

«У ААН ёсць абавязковае патрабаванне да кожнай краіны — мець свой варыянт лацінкі, паводле якога перадаюцца ўласныя назвы геаграфічных аб’ектаў.
Гэта трэба для таго, каб ва ўсіх міжнародных дакументах аднастайна перадаваліся геаграфічныя назвы. Тыя краіны, якія карыстаюцца лацінскай графікай, праблем не маюць. Тыя ж краіны, якія не маюць сваёй лацінскай графікі, абавязаныя распрацаваць сваю сістэму лацінкі для перадачы ўласных геаграфічных назваў».

«І Кітай, і Японія, і Карэя, і арабскі свет распрацавалі такую сістэму, як і многія іншыя краіны. І ў Расіі, і ва Украіне таксама ёсць такія графікі. Але ў адрозненне ад гэтых краін у нас ёсць свая традыцыйная лацінка, на якой пісалі творы класікі нашай літаратуры — Якуб Колас, Янка Купала, Францішак Багушэвіч, на ёй выходзіла ў пачатку 20-га стагоддзя газета „Наша ніва“. Беларуская лацінка налічвае некалькі стагоддзяў, пачынаючы з 15-га, многія помнікі на старажытнабеларускай мове пісаліся менавіта на лацінцы. Спачатку беларуская лацінка грунтавалася на польскім варыянце, але да 20-га стагоддзя выпрацаваўся ўжо свой уласны нацыянальны варыянт. Ён адрозніваецца і ад польскай, і ад чэшскай», — тлумачыць Капылоў.

«Гэтая лацінка прайшла апрабацыю і некалькі разоў разглядалася ў Нью-Ёрку на рабочай нарадзе групы экспертаў па геаграфічных назвах.
На апошняй канферэнцыі ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў улетку 2012 года, у рабоце якой прыняла ўдзел і дэлегацыя нашага Міністэрства замежных спраў, ухвалілі наш варыянт лацінкі і рэкамендавалі яго для міжнароднага выкарыстання», — падкрэслівае ён. А вось украінцам менш пашанцавала, іх варыянт быў арыентаваны менавіта на англійскую графіку і быў адхілены.

Лацінка ў нас фактычна была прынята ў 2000-м годзе, а ў 2007-м была новая рэдакцыя,
кажа Капылоў. «Быў прыняты нарматыўны дакумент — „Інструкцыя па транслітэрацыi геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта“. Натуральна, што гэтая інструкцыя прайшла ўзгадненні са шматлікімі ведамствамі, міністэрствамі ўнутраных спраў, замежных спраў, Акадэміяй навук, Дзяржыўным камітэтам па маёмасці. На базе гэтай інструкцыі быў выдадзены нарматыўны даведнік „Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь“ (6 тамоў). Ён з’яўляецца абавязковым для выкарыстання мясцовымі і рэспубліканскімі органамі кіравання. Усе геаграфічныя назвы перадаюцца менавіта нашай нацыянальнай лацінкай».

Ігар Капылоў пагаджаецца: «Англійская мова ў сучасным глабалізаваным свеце з’яўляецца міжнароднай». Але ён не згодны з тым, што геаграфічныя назвы трэба транслітаваць у адпаведнасці з нормамі англійскай мовы.

«Аргумент, што замежнікі нібыта не змогуць прачытаць на беларускай лацінцы назвы, цалкам беспадстаўныя. Недахоп англійскай сістэмы ў тым, што яна не дае магчымасці недвухсэнсоўнага аднаўлення зваротнасці арыгінальнага напісання. Напрыклад, найменне „Плошча Якуба Коласа“ будзе цяжка ўзнавіць на кірыліцы з англійскай лацінкі. Ёсць 5 варыянтаў транслітэрацыі назвы „Віцебск“ на англійскай лацінцы, а для некаторых прозвішчаў існуе ажно 12 варыянтаў».

Пры гэтым даследчык пагаджаецца, што назвы гарадскіх аб’ектаў — музей, гасцініца, гандлёвы цэнтр — павінны пісацца на англійскай мове. Аднак ён упэўнены, што геаграфічныя назвы павінны перадавацца згодна з правіламі беларускай лацінкі.

Эксперт таксама прыгадаў нядаўні эксперымент, калі амерыканца папрасілі пачытаць назвы ў метро на беларускай лацінцы, а ён не даў рады. «Хіба гэта паказчык, каб уся краіна перарабляла сваю нацыянальную лацінку? — абураецца ён. —

Давайце глядзець праўдзе ў вочы, прыедуць да нас на чэмпіянат свету не з Амерыкі і не з Аўстраліі ці Велікабрытаніі, да нас прыедуць у асноўным з Еўропы.
Для большасці еўрапейцаў лацінка з дыякрытычнымі знакамі — гэта абсалютна нармальна. Для таго каб засвоіць лацінку, усяго трэба ведаць некалькі значкоў — вывучыць 7 літар. Я думаю, з гэтым можна справіцца».

Спецыяліст таксама звярнуў увагу, што ўнясенне зменаў у лацінку запатрабуе вялікіх выдаткаў.

Як кажа Капылоў,

«закрыць гэтую праблему» хоча менавіта кіраўніцтва Мінскага метрапалітэна. Але для гэтага павінна быць узгадненне з боку Мінгарвыканкама. Аднак на ўчорашнім пасяджэнні ўзгаднення яны не атрымалі.

На пасяджэнні таксама прагучала, што ініцыюецца ўнясенне змен у закон аб геаграфічных назвах, прыняты ў 2011 годзе. Аднак якія змены плануецца ўносіць, Капылоў пакуль не ведае, але дапускае, што яны будуць датычыць артыкула 17, згодна з якім усе нацыянальныя геаграфічныя назвы павінны давацца на нацыянальнай мове і транслітавацца на другую дзяржаўную мову.

TUT.BY таксама патэлефанаваў кіраўніку Мінскага метрапалітэна Расціславу Юрэню, каб даведацца, якія менавіта прапановы па змене напісання назваў станцый ім прапаноўваліся.

«Мы адклалі пакуль гэтае пытанне — ва ўсіх надта розныя меркаванні», —
лаканічна адказаў ён.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930