Знайсці
18.02.2013 / 11:2915РусŁacБел

Чалавек у клетцы як знак беларускага правасуддзя

Клетак у судах няма больш нідзе ў Еўропе. Піша юрыст Міхаіл Пастухоў.

Мяне да сэрца зачапіла невялікая нататка Алены Давыдавай «Як сабака…», надрукаваная ў газеце «Народная воля» (№ 11 ад 8 лютага 2013 г.). У якой краіне мы жывем, калі ўлады ставяцца да людзей бы да жывёл?

Суд над вядомым мадэльерам Аляксандрам Варламавым, якога на мыліцах заштурхалі ў клетку нібы небяспечнага звера, ускалыхнуў грамадскасць і паставіў на парадак дня пытанне пра тое, колькі яшчэ часу беларуская Феміда будзе здзекавацца з людзей, якія заключаны пад варту і ўтрымліваюцца ў клетках?

Наколькі мне вядома, толькі ў Беларусі з усёй еўрапейскай прасторы захоўваецца такая беспрэцэдэнтная мера засцярогі ў судах.
Расія, якая далей за нас стаіць ад Еўропы, ужо даўно адмовілася і ад смяротнага пакарання, і ад клетак у зале суда (падсудныя адгароджаныя ад публікі пластыкавай перагародкай).

Праз «клетку» прайшлі кандыдат у прэзідэнты 2006 г. Аляксандр Казулін, кандыдаты ў прэзідэнты 2010 г. Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, палітычныя актывісты, якія бралі ўдзел у падзеях на Плошчы 19 снежня 2010 г., вядомы праваабаронца, будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі. Цяпер у клетцы апынуўся прадстаўнік багемы, культурны мэтр Саша Варламаў. У жанчыны-суддзі не знайшлося спагады, каб выпусціць гэтага чалавека (інваліда) з жалезнай клеткі…

Што адбываецца ў нашай краіне? Чаму ўлада такая жорсткая? Якое ў нас правасуддзе? Людзей як звяроў трымаюць у клетках. А іншыя людзі — у форме — глядзяць на гэты «звярынец» як на цалкам нармальную з’яву. Але ж «сядзельцы ў клетцы» могуць быць невінаватымі альбо іх віна можа быць недаказаная?!

На абароне правоў гэтых людзей стаіць Канстытуцыя, якая не дазваляе лічыць абвінавачаных (падсудных) вінаватымі ў здзяйсненні злачынства да таго часу, пакуль іх віна не даказаная судом і не пацверджаная прысудам суда, які ўступіў у законную сілу (арт.26).
Такі ж падыход замацоўваецца і ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе (арт.16).

Вядома, жалезная клетка ў судзе — гэта ганьба беларускага правасуддзя. Ад гэтага рудымента мінулага трэба пазбаўляцца і як хутчэй.

Аднак прэтэнзіі маюцца не толькі да «клетак». Прадстаўнікам Феміды, якія на 2/3 складаюцца з суддзяў-жанчын, трэба змяніць стаўленне да людзей, што паўстаюць перад судом.
Яны — не ахвяры, якім наканаванае асуджэнне. У адносінах да кожнага з іх трэба разабрацца, ці вінаваты ён на самай справе, паслухаць довады не толькі пракурора, але і адваката. І пры любым сумневе ў вінаватасці падсуднага выносіць апраўдальны прысуд,
а не прызначаць мінімальнае (умоўнае) пакаранне.

Між тым, лібералізму ў судовай практыцы нешта не заўважаецца.
Як судзілі, так і судзяць. Адзінкі апраўдальных прысудаў пры тым, што кажуць пра дзясяткі палітычных зняволеных. А колькі бязвінных ахвяр правасуддзя пішуць скаргі ва ўсе інстанцыі аб пераглядзе прысудаў?!

Лічу, што нам трэба пазбаўляцца не толькі ад клетак у судзе, але і ад абвінаваўчага следства і тэндэнцыйнага правасуддзя.
Ці па сілах гэта цяперашнім следчым, пракурорам і суддзям? Адказ на гэтае пытанне дасць прысуд па справе Сашы Варламава, якая развальваецца як картачны домік.

* * *

Міхаіл Пастухоў — доктар юрыдычных навук, прафесар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь. Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера