Знайсці
12.02.2013 / 03:12РусŁacБел

Алесін: Новыя санкцыі ЗША — палітычны сігнал кіраўніцтву Беларусі

Аляксандр Алесін тлумачыць, чаму ў Амерыкі не было падставаў для санкцый, але іх увялі, і якія страты могуць панесці беларускія прадпрыемствы.

Эканамічныя санкцыі супраць прадпрыемстваў «КБ Радар» і «ТМ Сэрвісіз» увялі ЗША за парушэнне пунктаў амерыканскага закона аб нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння. Але ці насамрэч яны такую зброю вырабляюць?

Асноўная прадукцыя «КБ Радар» — сродкі лакацыі і радыёлакацыйнага падаўлення. А гэта, тлумачыць ваенны аглядальнік газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін, зброя абарончая. І ні пад якія санкцыі не трапляе. Пры жаданні таму ж Ірану Беларусь магла б іх пастаўляць на законных падставах. А таму і сэнс санкцый эксперт бачыць у жаданні амерыканскіх вайскоўцаў адпомсціць беларусам за іх тэхніку.

Аляксандр Алесін: «У снежні 2011-га і ў 2012 годзе іранцы пасадзілі па „беспілотніку“. Быў вялікі скандал, і ў расійскіх СМІ былі паведамленні, што гэтыя „пасадкі“ былі здзейсненыя з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій, якія вырабляе „КБ Радар“, — сродкі падаўлення спадарожнікавай навігацыі і сродкаў сувязі, якія маглі парушыць сувязь гэтых „беспілотнікаў“ з базай у ЗША».

Не менш дзіўнай выглядае і сітуацыя з кампаніяй «ТМ Сэрвісіз». Яна спецыялізуецца на тэлекамунікацыйных тэхналогіях, праграмных прадуктах, размеркаваных сістэмах збору дадзеных і гэтак далей. Адзінае, у 2011 годзе з’явілася інфармацыя, што супрацоўнікі гэтай фірмы спрабавалі набыць у расіян тэхналогіі, якія могуць быць скарыстаныя для сістэм навігацыі ракет. Ніякіх юрыдычных доказаў гэтай спробы не было, але гэта не зашкодзіла ўнесці «ТМ Сэрвісіз» у «чорны спіс» ЗША.

Аляксандр Алесін: «Я мяркую, што гэта палітычны сігнал кіраўніцтву Беларусі, што Злучаныя Штаты памятаюць пра гэту краіну і дэманструюць сваё негатыўнае да яе стаўленне».

Тым больш што ніякіх адчувальных эканамічных страт ад гэтых санкцый беларускія прадпрыемствы не будуць мець. Самі яны ў ЗША нічога не прадаюць, а калі нешта захочуць у іх набыць, то зрабіць гэта можна і праз фірму «сяброў».

Ускосна пацвярджае гэта і досыць абыякавая рэакцыя на новыя санкцыі ЗША з боку беларускага МЗС.

«Санкцыі ЗША — гэта аднабаковыя санкцыі, гэта звычайная практыка Злучаных Штатаў Амерыкі, і ў гэтым для нас няма нічога новага. Таму мы проста прынялі гэта рашэнне да ведама», — паведамляе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

Але, не выключае эксперт, гэта можа быць проста прэвентыўны ўдар амерыканскіх і ізраільскіх вайскоўцаў.

Аляксандр Алесін: «Калі нашы тэхналогіі ў галіне СПА, радыёлакацыі і радыёлакацыйнай барацьбы патрапяць у рукі Ірана, то тады задача паветранага ўдару Ізраіля і ЗША па іранскіх атамных аб’ектах будзе вельмі ўскладненай. Але гэтыя санкцыі паказваюць, што яны сапраўды распрацоўваюць такую аперацыю і хочуць аблегчыць сабе задачу».

Як нагадвае Радыё Свабода, эканамічныя санкцыі ЗША ўпершыню ўвялі ў чэрвені 2006 года супраць двух прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім». У красавіку 2008 году гэтыя санкцыі былі распаўсюджаныя на ўсе прадпрыемствы, што ўваходзяць у яго склад: ААТ «Белшына», «Гродна Азот», «Гроднахімвалакно», «Нафтан». У жніўні 2010 года Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць двух беларускіх банкаў з іранскім капіталам — ЗАТ «Онэрбанк» і «Банк гандлёвы капітал». У сакавіку 2011 года ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускага дзяржаўнага канцэрна «Беларуснафта» — за яго дзейнасць у Іране. У траўні 2011 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць кампаній «Белтэхэкспарт» і «БелОМА».

Еўрарадыё

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера