Знайсці
16.02.2013 / 10:44123РусŁacБел

Франак Вячорка: Мая дзяўчына здавала мяне ў КДБ

Гэты чалавек паспеў паспрабаваць сябе ў палітыцы, культуры і журналістыцы, ён пісаў пра каханне і войска, ён стаяў на барыкадах з дзяцінства. Жыццё зрабіла з яго «ўніверсальнага салдата». Франак Вячорка расказвае пра асабістае жыццё, сакрэты прывабнасці і беларускіх жанчын.

Франак ветліва сустракае, дапамагае зняць куртку. Кожны жэст стрыманы і акуратны. Прыгожая мова і правільна пастаўлены голас. Адразу складаецца ўражанне, што чалавек ведае, як правільна сябе падаць.

«Наша Ніва»: Франак, Вы даволі шмат часу бавіце за мяжой, чаму?

Франак Вячорка: Я вучуся ў Варшаўскім універсітэце, сёлета павінен абараніць дыплом, і таксама працую на радыё «Свабода» ў эфіры і на сайце, займаюся прамоцыяй і маркетынгам. Я не адчуваю, што жыву за мяжой. Я б увогуле з Мінска не выязджаў, каб не вучоба.

«НН»: Ці можна за мяжой быць карысным для Беларусі?

ФВ:

Тое, што адбываецца за мяжой — усе гэтыя альтэрнатыўныя дамы, амбасады, Рады, якія ствараюцца ў эміграцыі, — яны ўсе карысныя, але дадатковыя. Калі не будзе руху ўнутры краіны — яны не будуць мець ніякага сэнсу.

Мы павінны працаваць знутры краіны, пакуль ёсць такая магчымасць і пакуль на нас усіх не завялі крымінальныя справы.

«НН»: А што з фільмам «Жыве Беларусь»?

ФВ: Ён ужо трапіў у сусветную дыстрыбуцыю і з 19 красавіка будзе ў кінатэатрах Польшчы. Для беларусаў будуць паказы на польска-беларускім памежжы, пасля прэм'еры з’явіцца ў інтэрнэце, бо правамі на фільм валодаюць палякі і італьянцы. За гэты фільм яшчэ будзе хваля рэпрэсій. Лукашэнка не прабачыць гэты фільм ані аўтарам, ані акторам, ані палякам.

У 6 гадоў я хадзіў са значком «Мой прэзідэнт — Пазняк»

«НН»: Франак, а якое было Ваша дзяцінства, таксама ўсё ў змаганні?

ФВ: Калі я быў малым, то хацеў стаць энтамолагам, банкірам ці хаця б паэтам. Коласаўскі ліцэй — гэта былі самыя светлыя часы: газета, самакіраванне, партызанская школа…

У сям’і кожны чымсьці займаўся. Маці — рыцарскімі турнірамі. А з татам была палітычная дзейнасць: плошча, мітынгі, дэманстрацыі.

Усё, што я памятаю са свайго дзяцінства, гэта як мы рабілі імпрэзы ў школе і ляпілі налепкі.

У 6 гадоў я хадзіў са значком «Мой прэзідэнт — Пазняк».

Не было такога, што мы бесклапотна каталіся на горках. Аднойчы мне падарылі скейт, але яго скралі ў той жа дзень хлопцы са двара.

«НН»: У Вас бывае хоць адзін дзень, калі Вы не думаеце пра Беларусь і яе лёс?

ФВ:

Час ляціць хутка, і як казаў Чэрчыль: «Важна пакінуць след». Добра, калі мне было 19—20 гадоў, то я мог паразважаць пра каханне і сэкс на старонках «Нашай Нівы». Але калі табе становіцца 24, самы час — засяродзіцца на істотным.

Палітыка сама нахлынвае на цябе. Нават асабістыя адносіны праходзяць праз прызму палітыкі. Я не магу ўявіць, што ў мяне будзе дзяўчына, якая палітычна не будзе згаджацца са мной.

«НН»: Якія ахвяры нясе чалавек, які звязвае сваё жыццё з палітыкай?

ФВ: Гэта дробязь, а не ахвяры. Праз што прайшлі паўстанцы 1863, інтэлігенцыя ў 1930-я, Лапіцкі з кампаніяй — тады яны рызыкавалі жыццём за свабоду… Мы ж, максімум, можам трапіць пад дубінкі, у горшым выпадку — за краты ці ў эміграцыю. Я прайшоў праз спектр рэпрэсіяў: шматкроць сядзеў, быў біты спецназам, выключаны з БДУ, 15 месяцаў псіхалагічных катаванняў у войску, як вынік — падкошанае здароўе, няскончаная адукацыя і страчанае дзяцінства.

Я шматстаночнік на ніве Бацькаўшчыны

«НН»: Можаце адказаць на пытанне: хто ёсць Вы?

ФВ: Я шматстаночнік на ніве Бацькаўшчыны.

Я спрабую сябе ў розных сферах. У мяне свая каманда. Я спрыяю новым ініцыятывам. Шмат хто не гатовы рызыкаваць і дзейнічаць публічна. Даводзіцца браць удар на сябе. Нічога прыемнага ў гэтай публічнасці няма, тым больш нейкай зорнай славы.

«НН»: Існуе даволі пашыранае меркаванне, нібыта Вы маеце такую вядомасць і дасягнулі ўсяго дзякуючы свайму тату.

ФВ:

Усе Вячоркі развіваюцца самі па сабе. Здольнасць да моваў, здольнасць да асвойвання розных прадметаў і гуманітарных навукаў мне перадаліся ад бацькі.

Але мой бацька ніколі мяне нідзе не прапіхваў. Наадварот, ён самы галоўны мой крытык. Я вельмі ім ганаруся, бо без яго я не стаў бы тым, кім я ёсць. Тое, што я нарадзіўся ў гэтай сям’і і маю такое прозвішча, не залежала ад мяне.

Галоўнае — быць чыстым і папрасаваным

«НН»: Вы шмат увагі аддаяце выбару адзення?

ФВ: Калі ў Мінску, то імкнуся выглядаць прыстойна.

Апранаць нейкі гарнітур, кашулю, заўсёды сачу, каб вопратка выглядала прыстойна. Вельмі шмат рэчаў з сэканд-хэнду, гэта добрае адзенне, высокай якасці, але набытае на распродажы. Самае важнае ў любым гардэробе — гэта гадзіннік і гальштук. Вось гэта павінна быць калі нават і не дарагое, але прыстойнае. Ну я не кажу ўжо пра нячышчаныя боты і пакамячаную кашулю.

Галоўнае — быць чыстым і папрасаваным.

«НН»: Франак, у чым сакрэт Вашай папулярнасці сярод жанчын?

ФВ:

Самыя прыгожыя дзяўчаты — беларускі.

І вельмі крыўдна, калі некаторыя дзяўчаты сябе недаацэньваюць. Многія беларускія мужчыны паводзяць сябе па-халуйску ў дачыненні да дзяўчат. Трэба быць не проста далікатным з жанчынай, трэба быць з ёй на роўных. У гэтай павазе і ёсць сакрэт. Шмат дзяўчат кідаецца на нейкую фіктыўную, ілюзорную папулярнасць хлапцоў. Трэба адрозніваць пачуцці да твайго вобразу і да цябе як асобы. Мая маці заўсёды вучыла мяне глядзець у душу чалавека.

Але быў у мяне таксама момант, што дзяўчына, з якой я сустракаўся, здавала мяне ў КДБ.

«НН»: А што Вас вабіць у жанчынах перад усім?

ФВ: Выгляд — вочы, валасы, формы, голас. Яна можа нічога не казаць, але павінна смяяцца. Для мяне істотны голас і смех. Трэцяе — яе мова і дасціпнасць. Чацвёртае — гэта тое, што яна зрабіла. Для мяне істотна, каб чалавек, з якім я будую стасункі, нешта з сябе ўяўляў.

«НН»: Вы верыце ў каханне з першага позірку?

ФВ: Веру, вельмі веру. Было такое. Яно самае моцнае. Але калі няма кручкоў паміж вамі, за якія можна зачапіцца, то вельмі хутка рассыпаецца.

«НН»: На дадзены момант Вы адзін?

ФВ: Так, адзін. Немагчыма будаваць адносіны, калі жыццё тваё працякае ў самалётах і цягніках, на барыкадах і радыёмікрафонах. Але хочацца. Для мяне самае істотнае ў каханні, каб цябе чакалі.

Люблю хадзіць у лазню

«НН»: Як Вы адпачываеце душой і целам?

ФВ: Сустракаемся з сябрамі, гаворым. Калі ў Мінску, то ходзім у лазню. Вельмі цікава, што ў лазні можна падслухаць размовы розных старых дзядоў. Сяброўка заразіла мяне кулінарыяй, жыву цяпер адзін, дык навучыўся гатаваць бабку, лазанню, сушы і ўсё на свеце. Яшчэ шмат падарожнічаю. Быў у масаяў у Кеніі, двойчы вазіў кубінскім дысідэнтам тэхніку. Збіраюся ў Паўночную Карэю ці Туркменістан.

«НН»: Якім Вы бачыце сябе праз некалькі гадоў?

ФВ: Жыццё можа павярнуцца як заўгодна, але я заўсёды ў поўнай баявой гатоўнасці. Калі трэба будзе — буду каля мікрафона за камп'ютарам.

Калі Бацькаўшчына пакліча — буду на барыкадах.

Калі трэба будзе заняцца арганізацыйнай і тылавой працай — буду там, дзе патрэбна. Паглядзім, пакуль я спецыяліст па камунікацыях.

НН: Якія самыя галоўныя словы ў Вашым жыцці?

ФВ: Радзіма, Бацькаўшчына, Айчына, як ні называй яе, — гэта самае галоўнае. Далей — «каханне/любоў». Трэцяе слова — гэта «рух». Самае горшае, што можа быць у жыцці, — гэта стаяць на месцы. А беларусы, на жаль, спыніліся.

***

Франак Вячорка. Нарадзіўся ў 1988 у Мінску. Бацька — палітык Вінцук Вячорка, маці — заснавальніца рыцарскага клуба «Вялікае княства» Арына Вячорка (памерла ў 2012). Вучыўся ў Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа і на журфаку БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасць. Служыў у войску (2009—2010). Цяпер працуе на радыё «Свабода» ў Празе.

Гутарыла Вольга Гарапучык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера